Ён пашукаў вачыма жанчыну з рубцом на шчацэ. Такой не было. Тады Мэгрэ загаварыў з афіцыянтам.
- Люсіль няма?
Той хуткім позіркам акінуў прысутных.
- Сёння я не бачыў яе.
- Як вы думаеце, яна яшчэ прыйдзе? А графа вы таксама не бачылі?
- Я ўжо тры дні не абслугоўваў іх.
Мэгрэ адправіўся на вуліцу Акацый. Гараж па-ранейшаму быў на замку. Шавец з камяком жавальнага тытуню за шчакой таксама паглядзеў на Мэгрэ так, нібыта ён задаваў выключна недарэчныя пытанні.
- Здаецца, сёння ранкам яго аўтамабіль выязджаў з гаража.
- Шэры? «Дыён-бутон»?
Для чалавека, які жаваў тытунь, аўтамабіль ёсць аўтамабіль, ён не глядзеў на марку.
- Не ведаеце, дзе я магу яго знайсці? - І Мэгрэ здалося, што ў голасе чалавека, які сядзеў у засені сваёй майстэранькі, прагучала нават нотка шкадавання:
- Дык, даражэнькі, мая ж справа - чаравікі ды туфлі...
Мэгрэ вярнуўся на вуліцу Брэй, падняўся наверх, пастукаў у пакой 32, але ніхто не адказаў яму. Тады ён зноў зашпацыраваў ад «Пеўніка» да плошчы Тэрн, паварачваючы галаву ўслед жанчынам і заглядваючы кожнай у твар у пошуках рубца, пакуль праз гадзіну яго, у рэшце рэшт, не прынялі за кліента, які ніяк не можа адважыцца на выбар.
Час ад часу яго апаноўвала трывога. Ён папракаў сябе, што толькі дарэмна марнуе тут час, а дзесьці ў іншым месцы, магчыма, адбываецца нешта вельмі важнае. Ён паабяцаў сабе, як толькі надарыцца вольная хвіліна, паблукаць ля офіса «Бальтазар», потым упэўніцца, што Эліз Жандро па-ранейшаму ў «Атэль дзю Луўр», і хоць трошкі паназіраць за тым, што дзеецца на вуліцы Шапталь.
Але што трымала яго тут? Ён бачыў, як самавітыя мужчыны, апусціўшы галаву, шмыгалі ў гатэль на вуліцы Брэй - быццам нехта ўтузваў іх туды за нябачную вяроўку. Ён бачыў, як яны выходзілі, яшчэ болей прысаромленыя, з занепакоенасцю ў позірках, як яны похапкам адольвалі бязлюдную паласу, што аддзяляла іх ад натоўпу, у якім яны нарэшце зноў набывалі ранейшую ўпэўненасць. Ён бачыў, як жанчыны на нядоўгі час прапаноўвалі раздзяліць з імі зняты пакой.
Ён абышоў усе бары. Яму прыйшло ў галаву ўзяць прыклад з флейтыста, і ён заказаў ліманаду, але ліманад яму не спадабаўся, і гадзін у пяць пасля паўдня ён прыняўся за піва.
Ва ўсім квартале з канца ў канец ён натыкаўся на глухую сцяну замоўчвання. Толькі ў пачатку сёмай нехта здзівіўся, калі ён запытаў пра Дэдэ:
- І на скачках яго няма? А ён што, дамовіўся з вамі сустрэцца?
Люсіль таксама нідзе не было. У рэшце рэшт, ён падышоў да адной з жанчын, якая здалася яму найбольш згаворлівай, і запытаў яе пра сяброўку графа.
- Можа, яна ў водпуску?
Ён не адразу зразумеў. Яму рассмяяліся ў твар.
Разоў чатыры ён намерваўся пайсці адтуль. Ужо нават накіраваўся да метро, спусціўся на некалькі прыступак, але завагаўся, і вярнуўся.
І вось, калі было ўжо трошкі за палову восьмай, а ён усё хадзіў, разглядваючы прахожых, ягоны позірк выпадкова адхіліўся, слізгануў па спакойнай вуліцы Тыльзіт. Ля тратуара, між выстраеных уздоўж яго фіякраў, стаялі карэта шэфа і - проста насупраць Мэгрэ - шэры аўтамабіль, марка і нумар якога так і кінуліся ў вочы.
Гэта быў аўтамабіль Дэдэ. У ім нікога не было. На рагу вуліцы перамінаўся паставы паліцэйскі.
- Я з камісарыята квартала Сэн-Жорж. Прашу вас, акажыце мне паслугу, калі ласка. Ці не маглі б вы па якой-небудзь прычыне затрымаць уладальніка гэтага аўтамабіля, калі той вернецца і збярэцца ад'язджаць?
- Вашы дакументы?
Нават паліцэйскія ў гэтым квартале - і тыя не давяралі яму! Гэта быў час, калі ўсе рэстарацыі і кавярні былі перапоўнены. Раз Дэдэ няма ў «Пеўніку», - яму нядаўна зноў пацвердзілі гэта, - то ён, відавочна, вячэрае дзесьці ў іншым месцы. У забітай людзьмі забягалаўцы, куды Мэгрэ ткнуўся, мімаходзь кінулі:
- Дэдэ?.. Не ведаю такога...
Яго не ведалі і ў піўной, размешчанай непадалёк рэстарацыі «Ваграм».
Двойчы Мэгрэ хадзіў правяраць, ці стаіць шэры аўтамабіль на месцы. У яго нават узнікла жаданне для пэўнасці пракалоць шыну сцізорыкам, але прысутнасць паставога сержанта, які быў шмат вопытней за яго, стрымала.
І вось ён штурхнуў дзверы ў маленькі італьянскі рэстаранчык. І задаў сваё нязменнае надаеднае пытанне:
- Вы не бачылі графа?
- Боба?.. Ні ўчора, ні сёння...
- А Дэдэ?
Невялікая зала, чырвоныя аксамітныя канапкі. Усё выглядала даволі элегантна. У глыбіні рэстарацыі невысокая пераборка аддзяляла ад залы невялікі кабінет, і Мэгрэ ўбачыў, як у дзвярах яго ўзнік мужчына ў клятчастым гарнітуры. У вочы кінуўся незвычайна яркі колер твару і светлыя валасы, разгорнутыя на прабор.
Читать дальше