Мэгрэ знаходзіўся далёка ад станцыі метро Рэпюблік і вырашыў спачатку заехадь дадому паабедаць, а ўжо затым адправіцца ў раён плошчы Этуаль на пошукі графа або Люсіль.
Мэгрэ завярнуў за рог бульвара Рышар-Ленуар і тут раптам у невялікім рэстаранчыку за сталом, накрытым на дзве персоны, убачыў Жустэна Мінара і Жэрмену. Ён намерыўся хутчэй прайсці міма, каб не забавіцца з імі, тым больш што, як яму здалося, флейтыст заўважыў яго, але прыкінуўся, нібыта глядзіць зусім у іншы бок. Аднак пакаёўка мадэмуазель Жандро рашуча забарабаніла ў шыбу, і Мэгрэ не заставалася нічога іншага, як зайсці.
- Я пабаялася, што вы толькі пацалуеце замок у гатэлі, - сказала Жэрмена. - Як вам папрацавалася?
Мінар не падымаў вачэй ад меню.
Дзяўчына ж, наадварот, проста цвіла. Яна, здавалася, неяк загадкава яшчэ больш пасвяжэла, вочы яе яшчэ больш зазіхацелі, і нават грудзі папышнелі.
- Мы будзем патрэбны вам пасля абеду? Бо калі вы не маеце ў нас патрэбы, то можна было б схадзіць у тэатр «д'Амбігю», сёння там ёсць дзённы спектакль...
Жустэн Мінар і Жэрмена сядзелі побач на мяккім тапчанчыку, акрытым трыпам, і Мэгрэ заўважыў, як рука Жэрмены са спакойнай упэўненасцю легла на калена музыканта.
Позіркі Жустэна і Мэгрэ сустрэліся. «Грэшны, але другога выйсця не было», - прызнаўся позіркам флейтыст.
І Мэгрэ ледзь стрымаўся, каб не зарагатаць.
А дома, калі ён з жонкай спакойна абедаў у іх маленькай сталовай на пятым паверсе, мадам Мэгрэ раптам без усялякай сувязі з папярэдняй іх размовай заявіла:
- Магу пабажыцца, што яна забрытала яго!
Мадам Мэгрэ і думкі не дапускала, што пышнагрудая дзяўчына таксама магла б мець мужа.
Раздзел VI. МАЛЕНЬКАЯ СЯМЕЙНАЯ ЎРАЧЫСТАСЦЬ
Толькі а восьмай вечара, калі газавыя ражкі ўжо абстрачылі сваімі зіхоткімі пярлінамі ўсе авеню ў раёне Трыумфальнай аркі, Мэгрэ, хоць і не ўскладаў вялікай надзеі адшукаць графа, апынуўся ў самай гушчэчы падзей.
Пра гэты цудоўны вечар Мэгрэ надоўга захавае прыемны ўспамін як пра самы чароўны вясновы вечар Парыжа. Паветра было напоена гэткай пяшчотай, гэткай водарнасцю, што людзі спыняліся, каб надыхацца ім. Канешне, ужо даўно жанчыны пагоднай парой выходзілі на вуліцы ў адных касцюмах, але Мэгрэ заўважыў гэта толькі цяпер, і меў такое ўражанне, нібыта ён прысутнічае пры вясновым расквечванні вуліц - светлыя сукенкі ўсіх таноў і адценняў, на капялюшыках - званочкі, браткі, васількі. А мужчыны - тыя нават рызыкнулі надзець канацье.
Мэгрэ ўжо некалькі гадзін запар мераў крокамі цесны прамежак паміж плошчамі Этуаль і Тэрн і варотамі Майё. Як толькі ён заварочваў на вуліцу Брэй, адразу натыкаўся на трох жанчын у страшэнна тугіх карсетах і ў туфлях на высачэзных абцасах; яны не перагаворваліся паміж сабой, не сыходзіліся разам, але як толькі паказваўся які-небудзь прахожы мужчына, усе трое паспешліва спяшаліся да яго. Месцам іх прапіскі быў якраз той гатэль, дзе пражываў граф. Ля ўвахода ў гатэль, адмаўляючыся паляваць воддаль, непарушна чакала яшчэ адна жанчына, шмат таўсцейшая за першых трох.
Чаму Мэгрэ адразу кінулася ў вочы, што якраз насупраць «Атэль дзю Сантр» размешчана пральня, а акон якой выглядвалі свежыя дзяўчаткі-прасавальшчыцы? Па кантрасту?
- Граф дома? - запытаўся ён у парцье, зайшоўшы ў гатэль.
Яго ўважліва агледзелі з галавы да ног. Усе, з кім яму наканавана будзе сустрэцца ў гэты вечар, чамусьці будуць аднолькава дапытліва, неяк замаруджана глядзець на яго і хутчэй з сумотай, чым з пагардай, неахвотна адказваць:
- Падніміцеся, паглядзіце.
Ён узрадаваўся, што можа так лёгка дасягнуць мэты.
- Вы не маглі б сказаць нумар яго пакоя?
Парцье завагаўся: госць пацвердзіў здагадку, што ён не прыяцель графа.
- Трыццаць два...
Мэгрэ падняўся, і на яго патыхнула пахам чалавечага жытла і кухні. У канцы калідора пакаёўка шпурляла ў кучу брудныя прасціны, якія, здавалася, былі яшчэ волкія ад поту. Ён пастукаў у дзверы нумара. Ніякага адказу.
- Вы да Люсіль? - запыталася здалёк служанка.
- Не, да графа.
- Яго няма дома. Нікога няма.
- Не ведаеце, дзе я магу яго знайсці?
Пытанне, мусіць, было настолькі недарэчнае, што Мэгрэ нават не ўдастоілі адказам.
- А Люсіль?
- Хіба яна не ў «Пеўніку»?
Мэгрэ зноў выдаў сябе і адразу ж выклікаў насцярожанасць. Калі ён не ведаў нават, дзе шукаць Люсіль, то што яму тут трэба?
«Пеўнікам» называлася адна з дзвюх кавярняў на рагу авеню дзю Ваграм. Вялікія прасторныя тэрасы. Там сядзела некалькі самотных жанчын, і Мэгрэ ўлавіў пэўную розніцу паміж гэтымі жанчынамі і тымі, што палявалі на рагу вуліцы Брэй. Меўся яшчэ адзін гатунак - тыя, што няспешна прагульваліся да плошчы Этуаль, потым крочылі да плошчы Тэрн, прыпыняючыся ля стракатых вітрын крамаў, - гэтых кабет лёгка было прыняць за звычайных мяшчанак, што выйшлі на прагулянку.
Читать дальше