Бліжэйшыя суседзі іншы раз сунуліся на грукат сякеры, моўчкі тапталіся на струганых дошках, якімі загрувасцілі гліняны ток, і гэтак жа ціха разыходзіліся. З імі, суседзямі, наогул не было марокі, але да спацелых, змораных цесляроў панадзіліся штодня два няўдалыя самагоншчыкі, два вясёлыя балбатуны пан Вінцусь і пан Бронюсь. Яны, як тыя вандроўнікі, аднойчы смела зайшлі ў гумно, селі на чым каму прыймелася і пачалі мудрыя, дасведчаныя размовы пра калгас і ўраджай, пра ўсё, што само лезла на язык, і з іхняга пустога плявузгання Гаўрыла Трафімчык ясна ўцяміў: гэтыя немаладыя, бязродныя шляхціцы знарок гавораць бязглуздзіцу, каб пайграць на нервах і добра пазлаваць удачлівага брыгадзіра калгасных будаўнікоў.
- Хвацка ў цябе, Гаўрыла, выйшла, ой, хвацка! - хітра, здалёк павёў рэй большы ростам пан Вінцусь. - Як той казаў, і козы сытыя, і сена цэлае.
- Але, добры купец, добры! - падхапіў меншы ростам пан Бронюсь. - Трэба мець спраўную глову, каб такую хароміну выклянчыць за кварту самагонкі.
- Хто вас сюды клікаў? Сноўдаюцца па вёсцы, як віжы, усё штосьці вынюхваюць, - узбурыўся чырвоны ад злосці Гаўрыла Трафімчык. - А калі пра самагонку, то не мяне ж хапілі на Імшэчку і за каршэнь паперлі ў Ганцавічы.
Ціснуць употай сівуху і плаціць штрафы за грэшны промысел у Малым Сяле не лічыцца ганьбай, таму прышлыя балбатуны асабліва не збянтэжыліся, калі іх справядліва ўпікнуў Гаўрыла. Няздатныя гандляры самаробным трункам наогул удала выблыталіся з таго вялікага пераляку: да мястэчка трэсліся ў кузаве паўтаратонкі, назад вярталіся пяшком, усю ноч цялепкаючы па глыбокім снезе. Вядома, што іх самагонны апарат ушчэнт разбілі міліцыянты, а вось ці плацілі штраф - пра гэта бесклапотныя шляхціцы сціпла маўчаць. Ды хіба ж бываюць у Малым Сяле нейкія тайны?
Вяскоўцы заўважылі, што пасля міліцыі пан Вінцусь і пан Бронюсь пачалі балбатаць яшчэ больш і, на здзіўленне, не прамінулі ніводнай вясковай зборні. У школе, куды прыезджыя агітатары вечарамі склікаюць народ, яны займаюць пярэднія лаўкі, першымі цягнуць угору рукі, даўжэй за ўсіх ляпаюць у далоні і мацней за ўсіх крычаць, стараючыся скіраваць на сябе позіркі высокага начальства. Гаўрыла Трафімчык, калі назваў іх віжамі, якраз нічога не меў на ўвазе, але чамусьці, пасядзеўшы яшчэ хвіліну дзеля прыліку, нязваныя госці борздзенька вымеліся з гумна, а назаўтра зноў заявіліся тут, як і не лысыя. Селі на памосце, агледзеліся і давай павучаць бывалых майстроў, хоць самі ні на грам не талопяць у цяслярскай справе. У рэшце рэшт кончылася гэта тым, што разлютаваны, быццам звер, Гаўрыла проста сілком выпхнуў абодвух балбатуноў за вароты.
- Не людзі, а птахі пеўчыя. Іш ты! Памагу і я табе - паспяваю аб сяўбе.
- Пайшлі, пан Бронюсь, - мовіў большы шляхціц. - Штосьці не падабаецца мне гэнае гумно.
- І мне тэж не падабаецца, - азваўся меншы шляхціц. - Глядзі, Гаўрыла, каб з твайго гумна калі-небудзь канюшню не зрабілі.
Для сваіх пустых забаў старыя штукары, відаць, знайшлі іншае месца, але без іх у Гаўрылавым гумне стала нязвыкла сумна: здаецца, цішэй грукалі сякеры, не так весела шоргала піла, са злосцю палавінячы апошнія дошкі. Надзённы клопат цесляры збылі акурат у належны час, калі на Кругляку, суседнім полі, шумным рокатам азваўся эмтээсаўскі камбайн, а на меншых і камяністых палявых акраўках і тут, і там сляпуча бліснулі вострыя, займістыя сярпы. Да гарэнкага водару смалы ў свіронку дамяшаўся саладжавы дух жыта, гара новага збожжа ў засеках усё расла, падводы з тугімі мяшкамі ўсё пад'язджалі і пад'язджалі. Кладаўшчык Мікалай Гіляр збіўся з ног, прымаючы надзіва багаты ўраджай: сушыў, веяў, прапускаў праз арфу і на тых жа фурманках адпраўляў у Ганцавічы дзяржаўным збожжанарыхтоўшчыкам.
Познімі вечарамі, калі Малое Сяло клалася спаць і рэдка ў чыіх вокнах свяціліся лямпы, вакол свайго і цяпер ужо чужога гумна тупаў расхваляваны Гаўрыла Трафімчык. Ён чапаў рукамі пудовы замок на варотах, удыхаў густы пах збожжа, які віўся аднекуль зверху, з-пад саламяных прычолкаў, і, безумоўна, радаваўся, што ўдалося хоць хітрыкамі, хоць гвалтам адстаяць кроўную маёмасць. Усё можа быць: вернуць улады адабраную зямлю, дык тады не прыспічыць па бярвенцу збіраць парушаную гаспадарку. І ўсё ж нядобра, непамысна былому ўласніку пяці дзесяцін: за гэтае гумно яму доўга трэба будзе апраўдвацца перад людзьмі - перад Сцяпанам Аліферам і Якавам Пеўнікам, перад Луцэяй Падгайскай і Тадоркай Дрозд, бо вельмі ж прыкра і сорамна кожны раз лавіць на сабе іхнія ненавісныя, дакорлівыя позіркі.
Читать дальше