— Шыбко-о, пся крэў!
Раскалацілі Дужага, што жыў у Жарабцовай вулачцы, але яму не было ўжо чаго гасіць. Выпырхнуў ён з хаты ў вадной кашулі й, бліскаючы пятамі, наскочыў на свайго швагра ў гурме людзей. Яны счапіліся біцца. «Не дарую!» — хрыпацеў адзін. «За што?!» — адплёўваўся другі. І каціліся па выгане, чорным ад быдлячага памёту. Сікелянка глядзела на клубаваніну, як бы ня чуючы рогату й канчаючы шаптаць малітву. З паклонам паставіўшы сьвяты абраз пад тоўстую ліпу ў плоце, падыйшла да зазёванай Ганэфы й схапіла яе за кудлачы. «Сука ты!» — вішчала. «Пусьці, вядзьмарка!» — павісквала тая.
Каля пажарышча пабіліся ня толькі яны (адну палятуху мала не ўвалілі ў прысак). Наенчыўшыся, пачалі разыходзіцца дагледзець жывёлу, выганяць кароваў ды авечак на пашу. Нехта пакінуў Дужаму драўлянае вядро з абручамі, якім насіў ён потым зялёную ад жабаў і апалонікаў ваду з Мухаўкі, заліваючы галавешкі. Замурзаны ды паскавыцелы кляў усё і ўсіх, нават нябожчыцу жонку і зьехаўшых у Польшчу сыноў, а найстрашней курвы.
Эпізоды фронту
Бацька клыпаў ад гумна, несучы акалоты на подсьціл у хляве, калі з Кабыліх горкаў пачала біць артылерыя. Снарады праляталі над галавою, адзін то мала шапку яму не сарваў, чапіўшы за казырок... Упаў і разарваўся, але бацька пляснуў першы (асколкі заселі ў саломе, працяўшы перавясла).
Бачыў гэта сябра, як на тое разглядаючыся з бульбяніку. Яму нешта жыхнула перад вачыма так, што сам ён не памятаў, як зашыўся ў склеп, за кадушку з квашанай капустаю. А яго жонка, якая мацней вайны баялася быць пахаванай жывою, выперлася на самюткую вуліцу, дзе й закілзалі яе маладыя ўкраінцы. Яны завялі гэтую маладзіцу ў равы, што за Дзевічым лугам, каб скубці ім там ды пячы настраляных курэй (ёй не было блага зь імі ўсю ноч, і цішэй).
Назаўтра ўжо добра займалася на дзень, як засакатаў кулямёт, відаць, у крушнях каля Кашэчай горкі. Гэтак-жа й перастаў. Тады ўзяў і закукарэкаў наш ашалелы певень (калі хадзілі па падворышчы тыя казакі, то я бачыў яго стоеным у крапіве за калодкамі). Бацька пайшоў да студні жывіну паіць і папаўся якомусь немцу. Каб адчапіцца ад яго, мусіў купіць ён сапёрскую сякерку, даючы яму за яе бохан хлеба, кавалак сала, бутэльку першаку. «Уласаў прадаў Расею, а я хоць тапор!» — казаў па-расейску бацьку.
Саветы наступалі на Галяковую даліну. Немцы-ж акапаліся ў Барсуковым хвайнячку, але й тамака была ім недастойка. Пад полудзень прыгналіся адтуль траіх на матацыклі, падпальваць хаты й будынкі, бо адступаць будуць. Сябар — на ўсё маючы спосаб — вышныпарыў у казённай мураванцы партрэт Гітлера. Засланяючыся фюрэрам, бы іконаю, бараніў гэтым гергачом усяго, да чаго яны падыходзілі. Рагочучы, ажно адгінаючыся зяпамі ў неба, і з аўтаматамі на жыватох, — паласнулі запальнымі кулямі па страсе хлеўчыка. У ім незадаволена загудзеў кормнік. Гэта й выратавала ўсіх нас тут ад бяды, затое сябар бацькі набраўся яе, бы вужоў на балоце. Нямчугі ўпадабалі сьвіньню, а ён, дурыла, трухаючы з тым партрэціскам за ёю, не даваў ім яе, выкрыкваючы «хай Гітляр!». Як піць даць укладавілі-б яны яго, калі-б не наляцеў «істрабіцель»; закруціўшыся над Дзевічым лугам, ізноў павярнуў на пажарык.
Маці мая загадзьдзёў уцякла да свайго брата ў засьценку, і таму бацька ня надта хаваўся. Засадзіўшы мяне ў яму, у якую ссыпалі мы буракі карове на зіму, сам ён кудысьці падаўся. Зьявіўся назад задыханы. Шмыгнуў да мяне, мармычучы: «Ціха, ціха». Паблізу затупалі й неяк заіржалі, быццам жарэбчыкі на Доўгім выгане ў імглу, гарластыя немцы. Яны былі заляглі адстрэльвацца ў вішняку з вульлямі, іх пеканулі пчолы, што якраз раіліся (з савецкага мінамёта таксама агрэлі, аж мёдам апырскалі іх). Іхны обэр, — сьмяяліся пасьля людзі, як прыйшлі салдаты, — да таго ж апух і лоб яму разьнесла, што каскі зьдзерці ня мог, пакуль самая ня трэснула на ім... Напакідалі патронаў, паўпудовымі ўсё скрыначкамі, як на бязьмене паказвала, а сябру пашанцавала калодка картаў з голымі нямкінямі на адваротках (нікому не прызнаўся; жонка намацала іх у кажусе, шукаючы ключоў ад сьвірана).
Хліснуў пярэпалаху і я. Фронт стаяў і стаяў, бахаючы ў вагародах і ў полі, а мяне ціснуў той мус у прыбіральню, даволі далёкую, — каб яна згарэла! — у купе чорнага бэзу ў закуцьці. Бацька, паваяваўшы ў свае гады, набыў практыкі, і ў гэтым, аднак, я пасаромеўся яго, мог яшчэ трываць... Выбухі, раз-пораз, прыпыніліся, і бацька штурхнуў: паўзі, во, туды! Толькі я гэта высалапіўся з тае ямы — як грымнула ды бліскатнула блізкім перуном у месцы, куды мне трэба было! І доўга крапацела на нас, усё роўна як бы нехта на хмару залезшы зьдзекваўся над намі й апаганьваў...
Читать дальше