Мардацік запыніўся як укопаны.
Несур'ёзны лёс Пятра
У надзвычайна гарачае лета Пятро купіў дарагую кватэру ў месцы аддаленым ад магістральнай артэрыі; у квартале, што на ўзвышшы з агародчыкамі. За трыста мільёнаў.
Паназапрошваў у госьці новых знаёмых, паказваючы ім усе пяць пакояў. Бабы смакавалі французскія каньякі, а мужыкі пілі шатляндзкую віскі зь лёдам. Тэлевізараў стаяла тры: у гасьцёўні, у дзіцячым, у бібліятэцы (там яшчэ й падручны камп'ютэр). Для кока-колі, фруктавых сокаў і мінэральных водаў быў асобны халадзільнік накшталт шафы на двое дзьвярэй з дубападобным фарнірам. Кліматызацыя навейвала пахі акацыі (варыянт з ружамі чамусьці блякіраваўся час ад часу).
Напіўшыся, Пятро цягаў мужчынаў — менавіта — у бібліятэку, у якой, замкнуўшыся, глядзелі яны відэакасэты з Капэнгагэну, з рогатам запыняючы кадры з жарабцоўскімі сцэнамі. Ягоная Ліда — тым часам — хвалілася перад знаёмкамі аўтаматызаванай кухняю, ванным пакоем з херувімкамі на кахліках і, урэшце, моднымі фасонамі.
Пятра трымаліся грошы. Будучы сялянскай натуры, ён імі не раскідаўся. З пасадамі ўпачатку ня надта яму шанцавала, як ні круціўся. Думаў быў нават прыжаніцца з дырэкцыйнай харашухаю з сакратарыяту, з гэтай вечнай паненкаю з разбэшчаным падросткам. Але, разьвязка сама зьявілася: у вярхох былі заклубавалі, каб зьняць старога шэфа, і Пятро — баржджэй ад перапуду — узяў ягоны бок. Досыць трапна, аднак, прадчуўшы, што няпроста выкарчоўваецца гадамі ўрослае... І што пакуль тое будзе, ён прасунецца за час блаславёны дастаткова высока, каб не памачыцца ў наступны водаварот.
Брыняў задаволенасьцю, што спрытна ўхапіўся такі за нагоду.
Пятро, аднак, прайграў горш, чым выйграў. У вадзін месяц паабсыпаліся дабрадзеі, усе да апошняга, а прышлыя ўзялі й турнулі яго дакладна назад. Ня быў яшчэ стары, каб зноў ня выбрацца наверх. Але, на сваю бяду, нарадзіўся ён у несур'ёзным месцы Эўропы. Каб так у Швэцыі, быў-бы сёньня генэральным дырэктарам...
Кватэру давялося збыць ды перабрацца ў слабенькую; маладая жонка пасучыла за лепшым фраерам...
У самае благое папаўся Пятро на тыдзень да Новага году: за даўгі ў сьвежым бізнэсе супражнік нацкаваў на яго бандытаў, якія адбілі яму ныркі, аглушылі на правае вуха!
Стаў інвалідам.
Цяпер шмат ён разумее, а яшчэ больш чытае. Калі пойдзе на шпацыр, не бывае так, каб не пастаяў на ўзгорку й не паглядзеў адтуль у шырокія вокны тае кватэры... Зьдзіўляецца самому сабе: калі няма чаго жыць, тады наймацней і хочацца!
Бавантур
Мой чытач, усё яшчэ сярэдневяковы, зразумее, чаму Бавантур — гэта ня прозьвішча, а празыўка.
Быў-жа ён страшны нават бандытам у ваколіцы: біцца ня ўмеў і не любіў, але рэзаць (нажом у скабы або швайкаю ў жывот). Дзяўчатаў, праўда праўдаю, не чапаў, маючы да іх свой гонар. Бацькі пры ім — не скажу, каб мелі добра, але й ня бэсьціў іх занадта; матку то й зусім толькі лаяў.
Вясельле Бавашура, як аніякае іншае, памяталі мы. Узяў ён брыдкую, як ноч, азярышчанскую хутаранку зь неблагім пасагам. Згадзіў за яе дзесяціну сенакосу пад Туркавым крыжам і чацьвяртушку пшанічнай зямлі за Доўгім выганам; карову, пяць авец, чатыры калоды пчолаў. Цесьць, да канца ня ведаючы, з кім завёў сваяцтва, здумаў быў круціць перад самюткім шлюбам маладых, чаго й пашкадаваў назаўсёды. Пасадзіў яго Бавантур на лаву, сказаўшы: буду вашым зяцем, то не згарыць вам стадола ані, крый Божа, хлеў. Усенькая басота на вярсту абыходзіцьмець агарод з садам... Я вам, татку, гэта прысягаю, як Бавантур Бавантуру! — і дакінуў старому, каб музыкаў наняў, ня кажучы пра гарэлісты стол. Стагні, не стагні, багатыр, а мае быць, як гавару, во, чорт вашу радзіну ня браў, з постам ня есьць...
Ехаў Бавантур да таго шлюбу з чубам набрыльянтаваным; пахарашэлая ў белені маладуха цукеркамі сыпала смургелям у вёсках; ён-жа — не абы-чым, а манаполькаю выкупляючы праезды цераз уквечаныя брамы, настаўляныя кавалеркаю. Тры дні й тры ночы пілі ды закусвалі вясельнікі, танцуючы на такох у вымеценых перад жніво гумнах. Прыходзілі пабуяніць засранцы з гірамі ў рукавох, але Бавантуру даволі было глянуць ім у морды, і яны адразу цішэлі, ішлі ў вёску, каб ад гэтага свайго жалю пашукаць у ёй каго нашпарыць. Аднак-жа, у разьезд гасьцей, не стрываў адзін, выскачыў з абрэзам расейскай вінтоўкі, бахнуўшы зь яе над галовамі, па дахоўцы. Бавантур выбег расхлістаным на парог і так запусьціў у таго спружынным нажом, што той сеў, бы сабака на хвост паскавытваючы...
Читать дальше