Наўцякала больш такіх, ажно бальшавікі з'аралі граніцу ды загарадзілі калючым дротам, а яшчэ панаставілі ў травах і ў маладнякох самапальных ракетніцаў (напорвалася на іх зьвяр'ё). Тады Вусатай хоць адзін раз спадабалася савецкая ўлада, за што хабель абазваў яе камісарам у спадніцы... Яна, перадумаўшы ўсё як сьлед, хітра спаліла хату і ўзяла за яе страхоўку, за якую купіла нават новую. Гэтакі шанц папаўся ёй у валачашчых рэпатрыянтаў ад Горадні, што, папісаўшыся там палякамі й дастаўшы тут скарбовыя гаспадаркі, распрадаваліся й бегма пераяжджалі на землі, што адыйшлі ад Нямеччыны.
Хабель абціх і працаваў ад раньня да зьмярканьня. А неяк у зазімак паехаў ён у лес па дровы й столькі яго пабачылі: конь вярнуўся сам, валакучы паламаныя аглоблі. Казалі лясуны, што якісьці мужык павесіўся на Шырокай трыбе за Сасновікам, але гэта была няпраўда (толькі фуру сваю з мэтрамі пакінутую ўпаткала ў тым баку Манька зь людзьмі). Як ні шукалі, не знайшлі чалавека: прапаў, бы ў багну кануўшы! Пасьля ўжо перагаворвалі ёй — нехта са спэкулянтаў пазнаў яе хабеля, як той ішоў з чысьценькай немкаю ў эшалён, што адпраўлялі з гданьскага вакзалу кудысьці за Одру...
Манька Вусатая нарадзіла ад яго дачку, якую выгадавала на порсткую паненку, й шчасьліва аддала яе замуж за разьніка ў Саколцы.
Адпомста Івоны
Калі я ўжо хадзіў у кавалерскіх падшпарках, была ў Плянтанскім завулку дзяўчына, якую ахвотнікі ў нарачоныя ёй называлі Івонаю, хоць мела яна ймя іншае, але паспалітае. Цяжка — нават цяпер — сказаць, чаму хлопцы набівалі сабе морды за тую Івону; рабілі гэта зь юшлівым лёскатам на музыках у — апустошанай за вайну — жыдоўскай бажніцы (найзаядла лупіў, аднак-жа, Пекны Лёнік, гарманіст ды безграшовы сьвістун). Івоніну пароду можна вызначыць як скрыжаваньне заморанай цыганкі з гонкай шляхцянкаю: смольная галава на дастойнай зграбноце. Містыкі жаночага цела прыдаваў ёй нейкі строй гімназісткі з прэтэнзіямі на пачынаючую даму; магчыма, падгледжаны ёю ў багатырак, што паехалі былі вучыцца ў павятовым ліцэі.
Яшчэ прыходзіла ўночы польская банда ад Казловага Лугу, але час спакайнеў, людзі пачалі даставаць пісьмы са сьвету. Напісала й цётка Івоны, меншая сястра яе маткі: вывезеная немцамі на прымусовыя работы, трапіла пад амэрыканскую акупацыю, выйшла тамака замуж за якогасьці лупатага чарняка, зь якім заперлася ў Вэнэсуэлю, у места Каракас... Папаўзьлі чуткі, што ў канвэрце поўна хрумсьцела даляраў, і гэта згубіла Івону. Казлоўскія грабежнікі панадзіліся на іх. Не знайшоўшы дарагіх грошай, пабралі з хлява жывіну, надалі ўкаплех матцы з бацькам, а чарнавокую дачку пакачалі тыя жарабцы, завалокшы яе за косы ў камору на мяшкі (магло быць і горш, маглі-ж спаліць гаспадарку). Дзяўчына шчасьліва не зацяжарыла ад вашаёў, але ёй ужо не было месца тут, засьмяялі-б чорнай масьці завіднікі. Уся радзіна, распрадаўшыся, выправіла Івону ў цётчыну Амэрыку.
Сьлед па ёй прастыў; палітыка ў Польшчы ўзялася не такая.
Прамінула ад таго налёту многа летаў. Самотна паўміралі яе старыя бацькі. У сьвеце, нарэшце, назьмяналася, і, аднойчы, зьявілася ў Плянтанскім блішчастая чужаземніца, у якой памятлівыя бабы пазналі Івону. Заказала яна майстроў, каб выхарашылі хатку; доўгае аўта — з пазалочанымі клямкамі — паставіла ў стадолу Пекнага Лёніка, палінелага разводніка. З пошты запрывозілі ёй пачкі. Івона ні з кім не сэймікавала. Званіла толькі па ўведзеным у гэтую, бацькаву, кучу тэлефоне; ніхто ў завулку ня змог разабрацца ў ейным, заморскім, гергетаньні, хоць усякіх сюды ліха насіла, калісьці то й французаў, і швэдаў даўней...
Раз выехала рэйсавым аўтобусам у горад ды так і не паказалася болей. Над раньнем згарэў Казлоў Луг; казалі потым пажарнікі — агонь шугануў раптоўна, казлоўцы пасьпелі адно павыбягаць хто ў чым у поле, так давала гульлівым жарам ад будынкаў! Двух гаспадароў і прымак павесіліся, дзіўна па парадку, у пакінутай адрыне, што наводшыбе вёскі. Чамусьці ўсе ў сьвяточных касьцюмах...
Прапаў кудысьці й Пекны Лёнік (аўта прапіў пасьля швагер). Нядаўна, аднак, нехта з валачашчых бачыў яго, як ішоў ён зь Івонаю ў беларускую царкву ў Саўт Рывэры.
Пажар у Дужага
Стадола Дужага стаяла за зарасьлямі, што разьвяліся ад запушчанага агароду старой Сікелянкі. Паветку з падстрэшшам даўно ўпадабалі сабе недапільнаваныя мужчыны з палятухамі, пакуль усё не спаліў каторысьці курэц зь іх.
Як заняўся быў пажар упоранкі, падняла гвалт салдатка Ганэфа, відаць, рада адчапіцца ад пасынка Пекнага Імполя. Разагналася яна, ажно апала ёй спадніца, нарабіўшы пацехі мужыком. Дурнаваты Макацёр, як гэта дурань, якога ўсюды мусіць быць поўна, сігаў наўпрасты, цераз гразь Мухаўкі, па-бусьлінаму падымаючы аголеныя ногі. Пакрыкваў (кнігаўкаю): — Гары-ыць, гары-ыць!!! Сьперлася й Сікелянка, прыгуменьнем абыходзячы зь іконаю полымя. Хтосьці для важнасьці камандаваў па-польску:
Читать дальше