Гэтым разам Савіцкі, узрушаны навіной пра вайну, а можа атрымаўшы спэцыяльныя інструкцыі што да асобы паднагляднага, неяк асабліва жвава й рэзка рушыў да Кастуся.
- Добры дзень! - гукнуў ён на ўсё горла яшчэ здалёку. - Я вельмі рады бачыць вас. Ці чулі? - уставіўся ён у вочы, падыходзячы да Кастуся. Ягоны твар сьвяціўся асаблівай цікавасьцяй.
- Добры дзень, таварыш Савіцкі! - праз зубы працадзіў Кастусь. - А што такое здарылася? Я нічога ня чуў! - наўмысна злосна дадаў ён, як-бы даючы ведаць, што ён зусім цяпер не ахвочы да пераліваньня з пустога ў парожнае.
- Ня чулі? Няўжо ня чулі? - мала не пракрычэў прарэзьліва Савіцкі й ягоны твар аж выцягнуўся ад зьдзіву. - Ды якраз паўгадзіны назад Молатаў па радыё казаў, няўжо вы ня слухалі?
- Не! Ня слухаў, ня меў нагоды, - сьцюдзёна й спакойна, з павагай да сябе адказаў Кастусь.
- Ну, дык вы й ня ведаеце, што там было абвешчана?
- Не, ня ведаю, калі ня слухаў, - ізноў штучна сьцюдзёна казаў Кастусь.
- Ай-яй-яй, дык гэта-ж ужо ўсе людзі ведаюць!
- А я ня ведаю, даруйце мне!
- Дык гэта-ж ужо вайна! А вы й ня ведаеце?
- Вайна? Не кажыце дурноты, таварыш Савіцкі, ато яшчэ падумаю, што правакацыяй займаецеся.
- Якая правакацыя? Сам Молатаў казаў. Ужо цэлае паўдня, як баі адбываюцца, - пачаў відавочна хвалявацца Савіцкі.
- Зь кім-жа вайна? Зь немцамі?.. Але гэта-ж немагчыма. Не, таварыш Савіцкі, гэтага ня можа быць. Хіба вы не памятаеце, як колькі дзён таму ТАСС афіцыйна зьняпраўдзіў чуткі пра прыгатову немцаў да вайны. То-ж вы, спадзяюся, чыталі газэту зь менаваным паведамленьнем! Ці можа вы ня чытаеце афіцыйных урадавых паведамленьняў, таварыш Савіцкі, га? - яўна наступаючы, станоўча пытаўся Кастусь.
- А як-жа, чытаў, чытаў! - спалохана пачаў шапятлявіць Стась Савіцкі. - Я ўсё чытаю! - неяк недарэчы сьмешна пачаў ён апраўдвацца. - Але, чытаць то я чытаў, ды цяпер сам таварыш Молатаў казаў у адумысловым паведамленьні. Гэта было роўна а 12-ай гадзіне. Нямеччына злачынна нарушыла ўмовы пагадненьня й сёньня а 4-ай гадзіне раніцы напала на наш мірны край. Ужо бамбардуюцца нашыя месты, ідуць зацятыя бітвы. Нашыя доблесныя байцы адбіваюць атакі крыважэрных фашыстаў, - сьпяшаўся ўсё выгаварыць і тым самым як-бы абясшкодзіць магчымыя дакоры ў ідэялягічнай нявытрыманасьці ды аж успацеў бедны Савіцкі.
Тут ён на часіну забыўся быў на сваю беспасярэднюю мэту наступіць на Кастуся з цэлым войрахам пытаньняў і заміж агрэсіі неўспадзеўкі перайшоў да абароны. Кастусь з задаваленьнем зацеміў удаласьць свайго манэўру ды пачаў гаварыць лагадней.
- Дык гэта ня жарты, а я думаў...
- Што вы, што за жарты такім часам!
- Дык, значыцца, сапраўды вайна?
- Ды вайна, вайна, кажуць-жа вам, пэўна вайна, - аж віскануў той ад зразуменьня, што наапошку такі даходзіць, і ён можа пачуе Кастусёў камэнтар.
Але Кастусь і далей быў негаваркім. І толькі разважліва, дзеля ідэялягічнае прафіляктыкі са свайго боку, дадаў:
- Ну, дык будзем ваяваць, калі вайна.
- Фашысты будуць зьнішчаныя й выкінутыя за межы нашага краю, - скончыў Савіцкі больш манючыся пачуць Кастусёву думку пра гэта.
- Калі вы кажаце так, дык пэўна-ж будуць выкінутыя й зьнішчаныя, - згадзіўся Кастусь. - Толькі давядзецца ўсім ісьці на фронт і ваяваць, і вам таксама! - падчыркнена скончыў Кастусь, ізноў наступальна гледзячы проста таму ў вочы.
- А я й не кажу адваротнага, - замітусіўся Стась Савіцкі, заўсёды пачуваючы сябе зьбітым з панталыку, калі заміж плянаванага ім наступу на аб'ект, ён сам рабіўся мішэняй абстрэлу. - Я заўсёды гатоў, - дадаў ён і зьбянтэжана змоўк.
- Ну, дык і будзьце гатовыя! - сказаў Кастусь, употай дадаўшы: «Уцякаць, падмазаўшы пяткі, да свайго роднага таткі... Памялом вам дарога!» - Бывайце здаровы, - працягнуў ён руку Савіцкаму так неўспадзеўкі, што той не знайшоў, чым яшчэ прыдзержаць каля сябе Кастуся й мусіў неяк мэханічна, супраць свае волі, таксама падаць яму сваю руку. На тым гаворка скончылася, і кожны падыбаў у свой бок.
Кастусь за колькі часінаў адчыняў весьніцы свайго дому.
- І прынесла-ж гэтую немарач такім часам, як насланьнё якое. Час такі, што, здаецца, доля кожнага зусім зьіначыцца, а гэты Савіцкі, як той накручаны гадзіньнік, усё яшчэ аддае сваё старое даўно абрыдлае да сьмерці рыпеньне. Прападзі ты пропадам! - сказаў ён і злосна плюнуў.
Толькі тут ён цяпер заўважыў, як сонца, быццам у печы, нагрэла брукаваны панадворак. Яно стаяла проста над галавой. Толькі невялічкі цень каля самае хаты сьведчыў, што яно ледзь-ледзь сьхінулася ў бок ад простастаўнага над галавой стану. Трава пад плотам, бацьвіньне на гаспадыніным гародчыку, лісьцё на дрэвах абвісла ад гарачыні й хіба спарылася. Ветрык ня кратаў яго. Духата валодала ўсім. І толькі ў сенцах-прыбудоўцы Кастусь адчуў асалоду ад халадку, якім яго абдало, быццам сьцюдзёным душам Шарко.
Читать дальше