Усе яны яму ўяўляліся бязьвіннымі ахвярамі паліцыйнага тэрору, і ўсе заслугоўвалі на неадкладны зварот на Бацькаўшчыну для дабра народу.
Кастусь памкнуўся быў аддацца ўзьнёслай плыні салодкага лятуценьня аб будучай вольнай Беларусі, як раптам, ужо амаль што каля самае брамкі ягонае хаты хуткі бег ягонае думкі й хаду перапыніў Стась Савіцкі, загадчык аднагадовых настаўніцкіх курсаў. На гэтых курсах колькі дзён на тыдзень увечары Кастусь даваў лекцыі расейскай граматыкі дзеля прыработку да ягонай невялікай, зусім недастатковай для жыцьця, платы, якую ён атрымліваў у сваім Інстытуце.
Станіслаў быў тыповы мешчанін зь Менскае Старажоўкі, свайго часу атрымаў асьвету й, як і ўся беларуская моладзь пэрыяду 1920-1930 гадоў, быў ахоплены ўплывам беларускага адраджэнскага руху. Аднак відаць ня глыбока запаў яму ў сэрца агонь нацыянальнага ўздыму, бо адразу пасьля арышту ў 1930-ым годзе ён скарыўся, пісаў каятныя заявы, узводзіў блуд на іншых, выдаваў на загад сьледчага ўсіх і ўсё, і, нарэшце, згуляўшы ролю правакатара, атрымаў сваю порцыю - 5 гадоў адміністрацыйнае высылкі ў ня гэтак далёкую эўрапэйскую частку СССР. Калі ён вярнуўся ў 1935 годзе, дык яму адразу ўдалося якімсьці чынам здабыць права быць прапісаным у Менску, чаго амаль ніхто з тых, што адбывалі кару засланьня або ўвязьненьня ў далёкіх лягерох, не атрымліваў, паводле савецкага закону аб пашпартызацыі.
Затое ён, таксама быў удзячны ўладам і ня грэбаў нічым і нікім, каб апраўдаць сваю годнасьць сталага інфарматара.
Тым больш, што пэўныя дзейнікі ахвоча карысталі службай «былых контрарэвалюцыянераў», як такіх, якіх менш высьцерагаецца насельніцтва й да якіх шмат хто можа мець давер, як да свайго такога ж, што зазнаў пакуты й перасьлед. І пэўна, служыў ён рупна, калі вось ужо шосты год жыў у Менску, хадзіў у ўстановы, займаў пасаду й ня быў яшчэ ізаляваны, як небясьпечны элемент, былы высыльны.
Нямаведама колькі асобаў ён загубіў перад тым, як яго ў канцы мінулага году пазнаў Кастусь. Аднак, на ягоных вачох, ён нешта аж надта часта пачаў наведваць аднаго добрага беларуса, загадчыка навучальнае часткі былога Інстытуту павышэньня кваліфікацыі кадраў народнае асьветы, у якім тады Кастусь таксама працаваў. І ўжо нешта занадта кідалася ў вочы, што ён усё падсядаў да таго, - як кажуць, бяз мыла хацеў у сваякі ўлезьці.
Вось-жа вынік не забавіўся прыйсьці. Аднае раніцы ў Інстытуце стала вядомым, што загадчык навуковае часткі быў арыштаваны ворганамі НКВД.
Зь вясны нешта пачаў ён надта начэпна й да Кастуся са сваімі размовамі пішчом лезьці. Ці то ў канцы лекцыяў дзе-небудзь у гардэробе напаткае ды абавязкава просіць пачакаць, каб ісьці разам дамоў. Зыходжаньне тут было сапраўднае - абодвы жывуць у адным канцы гораду, Старажоўскім раёне.
Кастусю часта ўдавалася ўхіліцца ад запрашэньня або змыцца раней, але выпадала, што й разам мусіў ісьці. І тады пачыналася спрэчка пра тое, ехаць трамваем ці ісьці пехатой. Савіцкі заўсёды ўгаварваў ісьці пехатой, каб больш пагаварыць. Кастусь - наадварот, але не заўсёды ставала аргумэнтаў, каб давесьці сваё. Вымогі ветлівасьці да свае ўлады дырэктара змушалі часамі схінуцца, хоць і ведаў, што не на дабро ягонае ўсё гэта...
Аднаго разу чуць ня сіламоц упёрся, каб зайсьці дахаты да Кастуся. Пазьней і сам без запросінаў колькі разоў наведваўся. Усё казеліўся на кнігі на Кастусёвым стале. Але досыць было абеглага погляду, каб пераканацца, што на тым стале было толькі агульнадазволенае, што ня будзіла ніякага сумлеву або падазрэньня.
Вось-жа, наведаўшыся колькі разоў, ён усё спадзяваўся засьпець, як кажуць, на месцы злачыну. Але дарма - на стале нязьменна ляжалі ўсё тыя-ж самыя найноўшыя расейскія, маскоўскія выданьні пераважна ў пытаньнях расейскае мовы - Шахматаў, Буслаеў, Багародзіцкі, Вінаградаў, Бархудараў, да якіх ён і сам быў вялікі аматар, бо на гэтых-жа курсах, акрамя загадваньня, выкладаў расейскую мову. Ня гэтых кніжак ён шукаў вачыма, і ня іхны адбітак у думках Кастуся ён стараўся ўлавіць у размовах зь ім.
Не, ён шукаў праявы тога волатаўскага беларускага духу, які кіраваў тысячамі Беларусаў у іх пасыўным і нявымоўным змаганьні за родную, беларускую справу. Яму трэба было даведацца пра сувязі, знаёмствы, сяброўствы, кантакты. Толькі гэта магло зьявіцца ўдзячным матэрыялам для тых, каму ён служыў і перад кім ён шукаў апраўданьня.
Адылі Кастусь як бы неўзнарок стараўся гаварыць зь ім толькі на непалітычныя тэмы - пра купаньне за горадам у Сьвіслачы, пра лоўлю рыбы, пра прыгожыя кінафільмы. Дарма, што той стараўся зьвесьці гаворку да палітыкі, Кастусь тактоўна й незаўважна ізноў зварочваў гутарку на пагляд прыгаства навакольнага жыцьця. Наапошку, Кастусь спасылаўся на стомленасьць і патрэбу адпачынку, і тады яны разыходзіліся.
Читать дальше