- Пэўна-ж, не забываюцца й на маю грэшную душу, - думаў Кастусь, - усё абмяркоўваюць, як лепш у хітра-сплеценую сетку злавіць.
- Не здавайся, Кастусь, трымайся! - падбадзёрваў ён сам сябе. - Не давай гаду еміны, каб менш было выраблена атруты ў ягоным джгале.
І як ні кіпела абурэньне ў яго ў нутры, як ні хацелася яму часамі выказаць гаду ўсё, што набалела ў ягоным сэрцы, назваць іх назовам, на які яны толькі заслужылі, як ні было цяжка стрымліваць у сабе жаданьне даць зразумець ім іхнае брыдкае, нізкае й нягоднае становішча сэксотаў, адылі навонкі ён захоўваў сябе спакойна й з усімі быў роўна ветлівым і абыходлівым.
Ох, каб ведалі яны, якім полымям нянавісьці палыхала ўсё ягонае нутро, калі ён бачыў вакол сябе цэлую зграю вольных ці нявольных кавалёў свайго лёсу. І якой асалодаю й шчасьцем было-б яму кінуць ім у вочы словы асуду за іхную няздатнасьць зразумець высокую годнасьць чалавека, і за іхную ролю адмаўленцаў волі й права чалавека гаварыць і жыць, як душа загадуе. Але...
Усе, усе мы носім маскі,
Нат дома ськінуць баімося.
Да сьлёз сьмяёмся ў вечар майскі,
Да сьлёз сьпяваема ўвосень...
Таму прыходзілася стрымліваць сябе амаль шточасіны й рабіць выгляд зусім ляяльнага чалавека, якому ўсе антынародныя мерапрыемствы ўраду быццам дадушы, як дадушы ўся гэтая сыстэма асокі, здрадніцтва й выведваньня пра сяброў, жонак, мужа, каханых, родных...
Прыгадалася Кастусю, як у «Доме Вучоных», дзе ён знаходзіў да часу ціхі прытулак для свае зморанай душы, да яго нешта пачала аж надта прыліпаць тамашняя сакратарка-бібліятэкарша, - маладая, прыгожая, высокая, паўнагрудая дзяўчына. Магчыма, што там не абышлося без ейнага асабістага захапленьня. Аднак, ейныя ўпорыстыя прэтэнзіі на Кастусёву ўвагу, ейныя неаднойчы паўтараныя напаміны танцаваць зь ёй на ігрышчах, гульня вачэй і ўрэшце прапановы астацца зь ёю ў «Доме» на ўсю ноч, выклікала ў Кастуся сумлеў, ці ня было й тут якога другога пляну, пагатоў, што папярэдняе дазнаньне, што да ролі бібліятэкараў, падказвала яму быць асьцярожным.
Думкі Кастуся ізноў перанесьліся ў ягоны Інстытут. І прыгадалася яму цяпер, як урэшце такі ён вынайшаў легальны сродак дапячы штатнаму даношчыку, - згаданаму завадатаю ранішніх палітычных гутарак. У Інстытуце ня было літаратараў, а выпусьціць насьценную газэту, хоць і зрэдку, надта-ж жадалася дырэкцыі. Каго-ж выбраць у рэдакцыйную калегію, як ні Кастуся? Зарэкамандаваў сябе як пісьменны чалавек, асьвечаны навуковец. Рабіў рэфэраты на літаратурныя тэмы да розных угодкаў. Вось і выбралі.
Набліжалася якоесьці савецкае сьвята. Усе ўстановы рыхтаваліся да ўрачыстасьці. Не меў быць апошнім і Інстытут. Дырэкцыя папрасіла Кастуся выдаць насьценную газэту да ўрачыстага вечару ў Інстытуце. Кастусь згадзіўся й хутка арганізаваў матэрыял. Частку напісаў сам, а частку папрасіў напісаць іншых людзей. Але-ж трэба як ажывіць... ну, хоць-бы карыкатураю з жыцьця Інстытуту. Кастусь знайшоў мастака й падаў яму ідэю. Колькі куплетаў да сатырычнага малюнку склаў сам. У іх падаваліся сумысьле перакручаныя факты з апошняга палітычнага міжнароднага жыцьця, але гэтак, што кожны, прачытаўшы не ўстрымоўваўся ад сьмеху. Была там і добра ведамая фігура менаванага бібліятэкара зь вялікім галасьніком, у які ён выгуквае перад зьбянтэжанымі супрацоўнікамі Інстытуту штораніцы пераблытаныя ў ягонай галаве ведамкі. Можаце сабе ўявіць гнеў і злосьць гэтага чалавека, які быў паказаны ў гэтай сатыры. Кастусь наўмысьля сачыў ягоны выгляд, каб бачыць яго ў часіну, калі той спыніўся ля насьценнае газэты й пачаў чытаць. І мусіць гэта яго не кранула-б так глыбока, каб было толькі пра якія-небудзь ягоныя асабістыя якасьці або заганы. Але-ж не! Гэта-ж чалавек службу выконваў, а яго гэтак сьмела выводзяць на сьмех людзям...
Тут ужо абраза зьмяшалася з гонарам адданага служакі. Выгляд ягоны зьбялеў, ён адвёў галаву ў бок і тут спаткаў вясёлы бясклапотны пагляд самога Кастуся. Той спакойна спаткаў ягоны позірк, вытрымаў яго ды ў адказ як-бы засьвяціўся бляскам задавальненьня й салодкай помсты, зразумелай толькі бібліятэкару. Цяжка сказаць, ці мог ён у гэтую часіну здагадвацца, што ягоная роля ня ёсьць ніякай таямніцаю Кастусю. Ясна толькі, што ненасытным жаданьням помсты ён загарэўся ад гэтага ўдвая, бо ў ім ужо загаварылі адразу двое, - абражаны чалавек і прыніжаны службовец.
Ведаў Кастусь, што не спадзявацца яму цяпер дабра, хоць не спадзяваўся яго й раней. Быў пэўны, што яму не даруе. Аднак, гэта быў адзіны магчымы й войстры спосаб хоць чым адказаць на тую мышыную сумятню, якую рабілі вакол яго гэтыя людзі.
Читать дальше