Толькі некалькі асобаў раптоўна ўскочылі з месцаў і, як учадзелыя, пашыбавалі да сваіх родных з навіной. Некаторыя з тых, што стаялі пад галасьніком, памкнуліся тут-жа баржджэй выказаць сваю вернападданасьць да ўраду й загаварылі, што агрэсар будзе разьбіты й выгнаны з савецкае тэрыторыі. Іншыя толькі лыпалі вачыма, як-бы спрабуючы разважыць - паглядзім, час пакажа.
Кастусь маўчаў таксама. Хоць яму й хацелася нешта ўставіць сваё ў гэтую агульную зьбянтэжанасьць і нарушыць ніякаватасьць маўчаньня, аднак разважлівасьць змусіла маўчаць. Прыпадкова, аднак, ён адчуў на сабе сьвідруючы зрок нейкага чалавека. Той пільна ўглядаўся ў твар кожнага, нібы стараўся здагадацца, што думае яго ўласьнік. Яго пранырлівы, лісьліва-хітраваты зірк ўжо некалькі разоў спыняўся на твары Кастуся й зараз-жа пераводзіўся на іншага, а за момант вяртаўся да яго ізноў. Адчуўшы на сабе ягоны няпрыемны зірк, Кастусь борзда ўськінуў на яго свае вочы, і іх пагляды сустрэліся. Той лыпнуў вачыма й адвёў іх у бок.
- І тут сочаць, - мільгнула думка ў Кастусёвай сьведамасьці. - Трэба адыйсьці далей ад даношчыкаў... нідзе няма ад іх спакою. А цяпер асабліва боязна хоць адным словам прамахнуцца ды стацца ненадзейным.
З гэтай думкай ён устаў і памкнуўся ісьці. Але неспадзявана нехта з-заду гучна назваў ягонае прозьвішча, быццам хтось зь яўным намерам зварачаецца да яго. Кастусь азірнуўся. Выявілася, што гэта быў той чалавек, які сьвідраваў кагадзе ўсіх сваімі паглядамі.
- Калі ласка, вы мяне гукнулі? Чым магу служыць? - запытаў Кастусь.
- Ха, ха, ха, - азваўся невядомы, - ничего, это так себе! - быў адказ.
- Скуль вы мяне ведаеце, па прозьвішчу? - запытаў ізноў Кастусь.
- Ничего, ничего, проходите. Это неважно, - рашуча й з пэўнай праявай злосьці адказаў гэты чалавек у кепцы.
- Выбачайце, - сказаў Кастусь і завярнуўся йсьці ў ранейшым кірунку. Доўга ён адчуваў зрок невядомага, аж пакуль ня вышаў з саду й не прамінуў колькі завулкаў да завароту. Яму ўсё здавалася, што чалавек назіркам нябачна сягае за ім і пранізвае ягоную сьпіну сваімі халодна-войстрымі вачмі, якія, здавалася, калолі да болю мясьціны іхнага дотыку да паверхні ягонага цела.
- І чаго яму патрэба было? - думаў ён у дарозе. - Спраўдзіць прозьвішча й маю асобу. Дык хіба гэта ён ня мог зрабіць лепш і больш таемна, не прыцягваючы мае ўвагі да факту асокі? Хацеў пераканацца, ці спалохаюся, дазнаўшыся, што асока нідзе й ніколі ня спушчае зь мяне свайго ўсёбачлівага вока? Ліха яго ведае...
Няпрыемны сам факт, незалежна ад канкрэтнае мэты, што за ім. І няхай сабе ў гэтым няма ніякае неспадзеўкі, - Кастусь ведаў пра сваю паднагляднасьць ужо даўно, - усё-ткі адчуваньне было гадкае. І хоць-жа ён устаў ісьці з намерам хутчэй прынесьці да хаты гэтую надзвычайную навіну пра вайну, аднак на нейкі час гэтае здарэньне зь невядомым, што гукнуў яго паводле прозьвішча, перабіла на нейкі час першыя ўражаньні ад гэтае навіны й навяло ізноў яго на цяжкія думкі аб бязвыхаднасьці й безнадзейнасьці ягонае долі ў таемна сплеценым павуціньні, што ўрэшце ізноў завалакло яго.
Маланкаю прарэзалі памяць успаміны пра выпадкі зь ім у навуковым Інстытуце, дзе ён усяго колькі месяцаў таму назад апынуўся ў цяжкім становішчы. От тады-ж мусіць і сталася гэта, што ён апынуўся ізноў пад наглядам. Пасьля перажытых гадоў выгнаньня хоць і асьцерагаўся Кастусь дзе-небудзь якое-небудзь вольнае, недазволенае слова вымавіць, але не ўсьцярогся. Дарма што зусім ненаўмысна й без аніякае злое волі.
Было гэта неяк апаўдні, можа ўжо перад самым канцом працы, калі ад сядзеньня пры рабочым стале анямелі ногі, а галава ад бязупыннага разважаньня над матэрыяламі, як-бы апусьцела й пацяжэла. Вось-жа, уварваўшы якую часінку захацелася ўстаць і ў вольнай гаворцы зь сябрам па працы адыйсьціся траха ад напружаньня. І ні тое, каб гэта быў сапраўдны сябра, зусім не, - што ён меў супольнага з гэтым сібіраком, акрамя таго, што свайго часу ў студэнцкія годы запазнаўся зь ім у Ленінградзе й, пэўна, пакінуў у ім неблагія ўражаньні, што той нават абраў для свае будучае працы беларускую сталіцу й цяпер зжыўся з нашым краем, як-бы з сваёй другой бацькаўшчынай. Не пачуваючы да яго, як да асобы асаблівага замілаваньня, Кастусь, аднак, цаніў тое, што гэны быў высокае думкі аб беларускім народзе. Таму Кастусь ахвотна гутарыў зь ім і нат любіў часамі па-хлапецку адпаліць якую штуку. Зь ім ня было патрэбы быць надзьмутым ды нацягнутым. Таму мог тут дазволіць сабе й які-небудзь жартаўлівы выбрык, дзівака згуляць.
Читать дальше