Праходзячы праз натоўп моладзі, Кастусь заўсёды пачуваў сябе асабліва самотным. Сам яшчэ нестары, ён куды лепш пачуваўся сярод старэйшых. Зь імі было аб чым пагаварыць, падзяліцца думкамі, было нават падобнае разуменьне рэчаіснасьці й спагада ў няпрыгляднасьці долі. Там ня зводзіліся сьляды культурнага спадкаемства й звычка самастойнага думаньня й абмеркаваньня. Зусім адменным і чужым выдаваўся яму гэты гарадзкі шумлівы натоўп падшпаркаў.
- Што ім наша родная нацыянальная культура? - думаў Кастусь, апынуўшыся сярод густога віру людзей. - Ці яны ведаюць што-небудзь пра нашых мастакоў, песьняроў, музыкаў, пісьменьнікаў, якіх гэткім барбарскім парадкам адабралі ад нашага народу ў пару іх творчага красаваньня й пассылалі на катаржнае гібеньне ў халодны Сібір, абледзянелую поўнач.
- Ці ім баліць сэрца за тое, што лепшыя сыны народу, мазгі й сэрца нашае нацыі, - сыстэматычна адрываліся ад абранага імі творчага шляху й сем'яў, ад сваіх дзяцей і жонак, братоў, сёстраў, бацькоў і родных ды кідаліся ў шахты дзяўбсьці каменьне ці цягаць тачкі, каб тым лягчэй ператварыць нацыю ў рабочы статак?
- Ці ведаюць яны аб зусім нядаўнім існаваньні Язэпа Лёсіка, Вацлава Ластоўскага, Аляксандра Цьвікевіча, Усевалада Ігнатоўскага, Уладзіміра Тэраўскага, Максіма Гарэцкага, Уладзіміра Дубоўкі, Міхася Зарэцкага, Уладзіміра Жылкі, Цішкі Гартнага, Флёрыяна Ждановіча й цэлае вялізнае плеяды тварцоў роднае культуры - ейнае красы й гонару, гэтак бязьлітасна вынішчаных? Ці чулі яны нават гэтыя імёны? О, не! Пэўна-ж не, хоць і не з свае віны, - думаў Кастусь. - Не даюць народу даведацца пра сваіх слаўных сынох, падмянілі іх фальшыўкай чужых яму «правадыроў».
Не вінавацячы самой моладзі ва ўсіх ейных грахох і заганах, Кастусь, аднак, балюча ўспрымаў факты й вынікі паўсюднае дэнацыяналізацыі й зрусыфікаваньня беларускае моладзі праз школу, друк, літаратуру ды розныя ўстановы. І як-бы ў знак пратэсту супраць гэтага вынарадаўленьня ягоныя вусны як заўсёды знаходзілі трапныя да выпадку радкі з Багдановічавае «Пагоні»:
Біце ў сэрцы іх, біце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць, -
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць.
Затым прыходзілі іншыя радкі, і памяць нарасьпеў, няголасна, зусім нячутна для пабочных людзей, высьпеўвала гэтак блізкія сэрцу матывы роднае паэзіі.
Душа заглыблялася ў стыхію прыгожага і ўзьлятала над шэрай будзённасьцяй навакольля. Гэтак заўсёды было зь ім. На хуткім цягніку, стоячы на пляцоўцы вагону, як-бы адказваючы ўзьнёслым натхненьнем на імклівы рух паравоза ў прасьцяг палёў і лясоў, яна сьпявала калі не радкі чыйгосьці вершу, дык нячутна складала свае собскія радкі, незапісваныя й не адбітыя друкам, непаўторныя вершаваныя радкі.
У палёх, калі ўлетку за горадам, ідучы сьцежкай сярод жытоў і васількоў, або паўз цьвітучай канюшыны зь ейным няспынным пад сонцам трэскам казельчыкаў-скакуноў, душа ягоная міжвольна адклікалася на няхітрыя зыкі прыроды й складала сваю песьню, якая тут-жа й забывалася, даючы месца іншай мэлёдыі.
Гэта і цяпер Кастусь аддаўся ўнутраннаму гарэньню творчае памяці і, шэпчучы сумныя словы якіхсьці раптам узьніклых радкоў і мэлёдыяў, не заўважыў, як прайшоў ладны адрэзак свае дарогі, нат не адчуваючы дотыкаў сустрэчных у густым натоўпе. Кіраваны падсьведамым звыкам, павярнуў у патрэбны яму завулак, пракрочыў яшчэ колькі кварталаў, і, наапошку, выйшаў на шырокую ўзбочную вуліцу, якая канчалася невялікім раскідзістым грамадзкім садком.
Знайшоў абвыклую лаўку й задаволены апусьціўся пасядзець якую гадзінку з газэтай у руцэ. Сьведамасьць з асалодай занатавала тое, што гэтае месца якраз у гэтым часе было густа ўкрыта суцэльнай засеняй. Павець лістоў над галавой тварыла шчыльны шчыт, непраходны настырлівым праменям сонца, якім гэтак ладна ўдавалася напячы яму галаву праз усю дарогу, чаго ён, аднак, быццам і не пачуваў у сваёй паэтычнай узьнёсласьці.
Але нядоўга яму давялося цешыцца цішынёй і халадком. Пакрысе засень усё больш і больш перасоўвалася ўва ўсходнім кірунку, вось ужо край сядзеньня пачаў перахопліваць частку сонечных косаў, выдаючы пад сьвятлом дашчаную шурпаватасьць і вышчэрбленасьць, што час у супалку з дажджамі й вятрамі наклаў на ейную драўляную паверхню. Аднак, не пасьпела яшчэ сонца завалодаць цалком абраным месцам, як насунулася горшая нудота. Улучыліся ў сваю штадзённую працу гарадзкія вулічныя «народныя» галасьнікі, і зацягнулі сваю нудную, даўно ўжо абрыдлую чарговую прапагандавую трансьляцыю. Хоць Кастусь даўно ўжо стаў абвыклы да іхных галашэньняў і мог працаваць паблізку каля самых галасьнікоў, нат ня чуючы іх - да таго ўжо прытарнаваўся ён, дзякуючы свайму выпрабаванаму ў часох інстынкту самазахаваньня, - аднак на гэты раз ён раптоўна схамянуўся.
Читать дальше