Маўчалі толькі колькі лічаных асобаў. Сярод іх усё тая-ж супрацоўніца, што ўжо даўно падазрона завіхалася каля Кастуся. Адразу-ж пасьля рэфэрату, калі ўсе разыходзіліся, яна падышла да Кастуся й выказала сумлеў, каб у Леніна былі гэткія думкі й пісаньні. Кастусь паабяцаў заўтра ж прынесьці кнігу выбраных ленінскіх твораў у пытаньнях літаратуры й паказаць ёй. Назаўтра-ж гэта й зрабіў. Доўга яна ўглядалася вачыма ў выразны друкаваны тэкст, перабягала з балонкі на балонку, ліставала, углядалася на вокладку. Але нічога ня было супраць Кастуся. Гэта было найноўшае выданьне таго-ж году. Чорным на белым на вокладцы віднелася: «Издательство социально-политической литературы. Москва-Ленинград, 1941 г.»
Ня маючы чым супярэчыць, моўчкі зьвярнула яму кнігу й, як кажуць, «зацерла» гаворку. Але й тут Кастусь заўважыў нядобры агеньчык у ейных вачох і падумаў:
- Ой, быць хмарам над маёй беднай галавой некалі. Яна нічога не забудзе й ніколі нічога не даруе.
Акрамя таго, заўважыў Кастусь сярод аўдыторыі колькі асобаў, якія ўжо даўно прыгледзіліся яму, як якіясьці падазроныя ў сэньсе належнасьці да ведамых органаў. Ніякага дачыненьня да якое навукі ці навуковых або хоць бы такіх школьных установаў яны ня мелі. Аднак, нешта апошнімі часамі зачасьцілі яны на сходы нашага Інстытуту. Ніхто іх ня пытаў, чаго яны тут, хоць магчыма дырэкцыя ды каму гэта трэба было й ведалі іхныя правамоцтвы быць тут. Яны ня выказваліся, ня пляскалі ў далоні, гэта рабілі іншыя. Іхныя твары не выказвалі ніякае думкі або зацікаўленасьці. Яны сядзелі як нейкія жывыя муміі.
Кастусь лёгка здагадваўся аб іхных мэтах. Фіксаваць усё, што адбываецца, як той кінаапэратар, што з поўнай абыякавасьцю здымае ўсё, што паўстае перад ім.
Яны адновяць, дзе трэба, бачанае й чутае, і яно пойдзе на аналіз ужо іншым фахоўцам свае справы, а тыя ўжо вылавяць дух апазыцыі, хоць-бы сабе гэтага духу ня было там і званьня.
- Божа мой, які-ж я быў неасьцярожны! - падумаў, ідучы дамоў Кастусь. - А я спадзяваўся, што цяпер мяне ніякі ліхадзей на нічым ня зловіць. Эх, якім жа я наіўным дзіваком усё-такі застаўся, - выснаваў ён, калі ўжо набліжаўся да Траецкага мосту, не заўважыўшы ў спагадах калі й як мінуў Ніжні Рынак і зьвярнуў на сваю Стара-Віленскую вуліцу.
- Аднак ад ліха ўсё адно не ўсьцеражэшся, - падумаў ён і ўспомніў словы гэроя паэмы «Калі асядае муць», якой, свайго часу, хлапцом, бадай што захапляўся:
Ходзім мы пад месяцам высокім
Ды яшчэ пад ГПУ.
- Ні я першы, ні я апошні былі й будзем ахвярамі гэтае ненажэрнае крывавае ўстановы. Уцякаць - куды? Свайго часу, у 1932 годзе, калі заўважыў асоку, зьбег у Маскву, каб згубіцца ў вялікім натоўпе, аднак не надоўга, - знайшлі й адтуль прывезьлі ў менскія скляпеньні так званае «Амэрыканкі».
- Хіба можа гэтым разам удасца? А можа яшчэ ліха й абміне - усяк бывае.
А можа гэта я перабольшваю небясьпечнасьць? Можа на мяне яшчэ справы не завялі, а толькі першыя крокі нагляду робяцца? І за што-ж мяне могуць абвініць? Ні зь кім не сябрую, акрамя аднаго, але-ж ці гэта ім ведама, калі ні-калі, раз на месяц даведаюся да яго хаты на самай ускраіне гораду?
А за гэтым - ані кога блізкага знаёмага, зь кім-бы душу адвёў. Заўсёды на людзях адзін, як тумарнік які. А ўрэшце, ліха іх ведае, чым яны кіруюцца пры сваіх азначаньнях ахвяраў. Пачакаю - пабачу, куды падзеі павернуцца.
Трэба ператрываць, церпяліва астояць усю гэтую муць, можа яно неяк ператрэцца, а там, глядзі, які дзіў здарыцца, - як-бы казаў сам сабе ён, злавіўшы сябе на слове дзіў, і запыніўся. І не таму прыйшло цяпер гэтае слова, што ён верыў у якіясь дзівы ці чакаў іх, а проста азначыў гэтак свае спадзяваньні на інакшы лад у сваёй краіне.
- Мусіць-жа некалі скончыцца гэтая пякельня... Няўжо наш народ асуджаны на вечнае пекла? Не, ня веру. Мусіць-жа «заглянуць сонца і ў нашае ваконца».
Навіна пра вайну недзе глыбака ўнутры ўзбудзіла неакрэсьленыя надзеі на зьмены. Але якія гэта могуць быць зьіначаньні, ён сабе ня мог сказаць. Нямаведама, як укладуцца падзеі й які палітычны кірунак прымуць новыя рухі. Адно было бяспрэчным - хацелася, каб народ вальней уздыхнуў, здабыў сабе людзкія правы гаварыць і думаць, што хоча, выбіраць сабе ўрад, які захоча, назначаць над сабой урадаўцаў, непасланых чужынцамі, а абраных сваёй-жа выканаўчай уладай, вольна будаваць сваё дзяржаўнае й культурнае жыцьцё ў родных нацыянальных формах і кірунках.
І пэўна-ж, каб у гэтую часіну ў яго, праз усё жыцьцё беспартыйнага, спыталіся, каго-б ён хацеў бачыць вернутым да творчага жыцьця, дык ён, мусіць, ня доўга думаў-бы, каб сказаць: «нацдэмаў!».
Читать дальше