Другая палавіна дня аж да вечару не пакінула ў памяці Кастуся нічога выразьлівага. Тая-ж няпэўнасьць чаканьня магчымых пераменаў і навінаў панавалі скрозь - і ў хатах, і на вуліцах, і сэрцах людзей.
Неяк падвечар Кастусь выбраўся прайсьціся местам, каб ухапіць ягоны абраз у гэты першы вечар, калі вайна яшчэ не кранула яго беспасрэдна. Яшчэ пакуль што ён не зазнаў ні бамбардаваньня, ні фронтавых баёў. Аднак ваенная небясьпека дзесь прыхавалася моўчкі й нябачна выглядае, каб неўзабаве ашчэрыцца ўсімі сваімі страхамі.
Нейкімі асабліва прыціхлымі выдаліся яму вуліцы гэтага вечару. Хоць яшчэ па старой інэрцыі яны былі запоўненыя натоўпамі прахаджанаў, але патаемны страх ужо паклаў свой сьлед на людзей. У натоўпе ўжо не адчувалася беспасярэдняе маладое гаворкасьці ды пярэстасьці галасоў. Праўда таго вечару яшчэ па-старому працавалі кінатэатры, і опэрны тэатр даваў свой чарговы паказ. У тэатры Дому Чырвонае Арміі нават мусіў яшчэ адбыцца паказ Маскоўскага Мастацкага Акадэмічнага Тэатру, які кагадзе прыехаў на свае гастролі ў Менск і якраз надовечы пачаў сваю працу. Афішы рэклямавалі знаныя прозьвішчы Масквіна й іншых. Здавалася, агульны рытм жыцьця яшчэ нічым ня зрушыўся.
Але ўжо першыя трамвайныя асьвятленьні цьмянага сіняга колеру ды завешаваньні сінімі папяровымі закрываламі вітрынаў магазынаў ды вокнаў дамоў можа найперш далі зразумець кажнаму, што сапраўды йдзе ўжо вайна. У гэтых праявах можа ўпяршыню слова «вайна» пачало прымаць канкрэтны зьмест.
Прайшоўшы ўздоўж галоўнае вуліцы й адчуўшы асабліва балюча гэтага вечару сваю адзінотнасьць і пакінутасьць, Кастусь падаўся дамоў. Толькі на паўдарозе перадумаў і павярнуў у бок Пярэспы, дзе на адным з ускрайных селішчаў жыў ягоны адзіны сябра Язэп. Гэта быў адзін зь вялікага ліку сяброў маладосьці, унівэрсытэцкіх год, пісьменьніцкіх пачынаньняў і спадзяваньняў, якіх пасьля кон усіх параськідаў у далёкія выгнаньні. Гэты адзіны дзівам захаваўся.
Быў ён чалавекам зусім не падобным да ўсяе тае бальшыні ягоных аднагодкаў, што запоўнілі сьцягі новае інтэлігенцыі. Паходзячы зь сялянаў дзесь з Аршанскае акругі, ён, відаць, змалку праз літаратуру, да чытаньня якое быў вялікі ахвотнік, увабраў у сябе лепшыя запаветы тварцоў клясычнае мастацкае спадчыны й пераняў ад іх разуменьне чалавечае годнасьці й каштоўнасьці.
Таму ў сваёй творчасьці і ў жыцьці ён заставаўся заўсёды чалавекам. Ня йшоў крывымі шляхамі прытарнаваньня да сыстэмы, не патураў вымогам паказаць «соцыялістычных герояў». Ягонымі героямі звычайна былі або малыя дзеці, якія яшчэ не пасьпелі паддацца агульнаму псаваньню, або старыя разважлівыя людзі, філёзафы з народных гушчаў, што выстаялі сваю асобу ў завірухах жыцьця й астоіліся ў самастойныя, нязломныя арыгінальныя характары. Таму й цкавала яго напераменку крытыка, як рэакцыйнага «асталага» пісьменьніка. Даўгія пэрыяды, па колькі год, не друкаваўся. Пасьля, сьціхалі крыху пагромы беларускае літаратуры, ізноў пачынаў зьяўляцца, апошнімі часамі зь дзяцінымі апавяданьнямі пра буслоў, лясных зьвяроў ды палявых тубыльцаў.
Гэтак і абмінаў ён пакрысе абавязкавы кажнаму пісьменьніку ў саветах «соцыяльны заказ». Ні ў якія арганізацыі ня лез, да высокіх пасадаў ня пнуўся, перакідаючыся на невялічкіх тэхнічных пасадах, як «літаратурна-стылістычнага рэдактара» ці карэктара пры выдавецтвах. Прынцыповая беспартыйнасьць і адасобленасьць, абумоўленая ёю пасыўнасьць у сэнсе грамадзкім, замкнёнасьць у сваім асабістым сямейным жыцьці ратавалі яго ў часох пагромаў беларускае інтэлігенцыі. Частая зьмена пасадаў, пакіданьне надоўга Менску й праводжаньне часу ў вёсцы, зьдзержлівасьць, каб лішняга слова не сказаць, прыялі ягонаму перахаваньню й рабілі яго вынятковаю зьяваю сярод беларускае інтэлігенцыі. Гэта быў выпадковы недасек у поўным сэнсе гэтага слова.
Ягоная жонка, Жлобінянка, былая мэдычная сястра, надораная моцным пачуцьцём замілаваньня да сямейнага жыцьця, абыходлівая зь людзьмі, уважлівая да сям'і, рабіла ўсё магчымае, каб водар сямейнага шчасьця ня траціў свае моцы.
Гадуючы адзінае тым часам дзіцё, хлопчыка год каля шасьці, яны ўмелі досыць утульна абсталяваць невялікую кватэру ў дзеравяным стандартным, местачковага тыпу дамку.
Паліцы з кніжкамі клясычнае літаратуры найноўшых выданьняў, мяккія канапы па бакох, радыё й настольныя электралямпы на стале адразу выклікалі адчуваньне ўтульнасьці й прыемнасьці ў наведніка. Ветла-зычлівае перайманьне й абыходжаньне з госьцьмі самое гаспадыні, маладое, высокае, вясёлае і ў сваёй весялосьці прынаднае, разам са шчырасьцю гаспадара рабілі рэдкія наведваньні да гэтае сям'і заўсёды жаданымі й памятлівымі Кастусю. Ды гаспадары й самі былі радыя яго бачыць. Відаць, бязьлюдзьдзе імі адчувалася, як далёка ненармальная зьява, хоць, здавалася-б, маглі ўжо яны зь ім з гадамі звыкнуць і зжыцца, як зь няўніклай адзнакай даўгіх благіх часоў, ці, можа лепш сказаць, гэтага бясчасься.
Читать дальше