Пэліканаў бачылі ў Беларусі толькі да вайны (у Бабруйску й на Прыпяці). Прычынаю іх зьнікненьня сталася бурная гаспадарчая дзейнасьць, празь якую ў Беларусі рэзка паменшала рыбы, а таксама - адсутнасьць ахоўнага статусу. Птушка, якая была сымбалем ахвярнага выкупленьня чалавечых грахоў, сама сталася ахвяраю чалавечае нядбайнасьці ў нашым краі.
Пэліканы вельмі музычныя й разумныя птушкі. Распавядаюць, як аднойчы ў Мазыры ружовы пэлікан прыходзіў на танцпляцоўку паблізу Прыпяці, нібыта ўслухоўваўся ў музыку і пагойдваўся ў такт рытму. Сьцьвярджаюць, што калі падлеткі памкнуліся яго злавіць, ён нібыта крыкнуў: «Жыве Беларусь!» і ўцёк.
Аснову лясоў Новае Зэляндыі складаюць так званыя кауры (ня блытаць з малюскамі). Кауры ( Agathis ) - адзін з галоўных відаў прамысловае драўніны ў Паўдзённым паўшар'і. Гэтае дрэва сягае ў вышыню больш за трыццаць мэтраў і мае больш за дзесяць мэтраў у абхопе. Ёсьць кауры, якія стаяць шмат стагодзьдзяў, а на высьпе Карамандэль ёсьць дрэва-волат, якому даюць аж дзьве тысячы гадоў. Простыя й трывалыя камлі кауры здавён выкарыстоўваліся для будовы марскіх суднаў.
У нетрах кауравых лясоў, пад самымі вершалінамі магутных дрэваў жыве зьвер - лятун ( Petauroidis volans ). Гэта адзіная сумчатая форма лятучых вавёрак. Калі лятун пераскоквае з дрэва на дрэва, ён расстаўляе свае лапы, утвараючы прастакутнік са складкаў скуры, і лёгка плянуе ў паветры. Свой палёт гэты немалы зьвер (да 50 см у даўжыню) карэктуе доўгім голым хвастом. Лятун мае доўгае мяккае футра рознай афарбоўкі, але звычайна яно чорна-бурае, лятальная перапонка пакрытая жаўтавата-белымі плямкамі, а трыбушок наагул белы. Хвост чорны.
Актыўны лятун уначы, а дзень ён праводзіць у дрымоце. Па начах гэтая спрытная й хуткая істота дэманструе сапраўдныя дзівосы акрабатыкі. Каму пашчасьціла падгледзець летуна ўначы, той можа завагацца ў сваіх уяўленьнях пра фізычныя законы, настолькі лёгкім і грацыёзным падаецца палёт бяскрылага зьвера.
Абарыгены-маоры ўжываюць мяса летуна: лічыцца, што яно вельмі смачнае. Але здабыць гэтую жывёліну на велізарнай вышыні яе жыхарства зусім няпроста. Вось чаму летуноў вельмі шмат у дрымучых лясох.
У адрозьненьне ад свайго новазэляндзкага брата, беларуская палятуха ( Pteromis volans ) - звычайны сысун з атраду грызуноў Rodentia . Але падабенства паміж імі надзвычайнае. Гэтаксама як і ў летуна, лапы палятухі злучаныя між сабою лятальнаю перапонкай, якая служыць ім як парашут. Але існуюць паміж імі й істотныя адрозьненьні (апроч таго, вядома, што яны ўсё ж з розных атрадаў). Па-першае, палятуха ў тры разы меншая за летуна (усяго 16 см). Па-другое, яе хвост пушысты, як у вавёркі. Як і лятун, палятуха жыве пераважна ў высокіх старых лясох. Але ў Беларусі яна жыве ў лясох бярозавых, альбо - з абавязковым дамешкам бярозы. Яна гэтаксама сілкуецца ўначы, удзень адпачывае, а ўсю зіму наагул сьпіць. Перад зімой буравата-жоўтая ядвабная поўстка палятухі робіцца срабрыста-сівою зь цёмнаю рабізною. У гэты час палятухі будуюць сабе шарападобныя гнёзды з сухога лісьця, кары, імху. Адразу з прыходам вясны тут нараджаюцца 2-4 дзіцяткі. Ужо на шосты тыдзень жыцьця яны зусім самастойныя, але ўсё ж праводзяць з маткай адну зіму.
Сілкуецца маленькая жывёліна амаль выключна па-вэгетарыянску, пералятаючы з дрэва на дрэва ўсю летнюю ноч.
Палятуха амаль ня мае ворагаў у прыродзе (летуны іх ня маюць наогул), ды й чалавек на яе не палюе: што возьмеш са зьвера, які ў два разы меншы за вавёрку і важыць усяго 100-120 грамаў? І тым ня менш, нягледзячы на свой шырачэзны арэал (ад Атлянтыкі да Ціхага акіяну ў паўночных краях), палятуха паўсюль стала рэдкасьцю. Прычына ў празьмернай высечцы старых лістоўных лясоў. Гэты зьвярок ужо даўно значыцца ў самых розных чырвоных кнігах.
У Беларусі да падзелаў Рэчы Паспалітай палятуха была самым звычайным паўсюдным відам. Але з 19 ст. яе колькасьць пачала рэзка зьмяншацца з той самай прычыны масавае высечкі лясоў на вываз. У 1920-я гады палятухі яшчэ вяліся ў закутках Віцебскай і Магілеўскай абласьцей, але за гады савецкае ўлады ім удалося выжыць толькі ў Лёзьненскім раёне.
На жаль, нашы дзеці ня могуць пабачыць гэтага зьвярка, як і шмат чаго іншага, што некалі было ў Беларусі.
Недалёка ад Новае Зэляндыі ляжыць выспа Лёрд-Хаў. Яна вядомая заолягам таму, што тут жыве рэдкі від рознаногіх ракападобных - бакаплаў. Бакаплаў зь Лёрд-Хаў - рэлікт антарктычнага паледзяненьня, калі Новая Зэляндыя й мора вакол былі скаваныя льдом. Калі лёд сыйшоў, бакаплавы апынуліся ў ледавіковых азёрах зь нішчымнай флёрай і фаўнай, дзе спажываю для іх сталі рэдкія арганічныя рэшткі.
Читать дальше