Гэтая істота не прынесла чалавеку аніякае шкоды: і сілкуецца тым, чаго чалавек не ўжывае, - інсэктамі, казюркамі ды сьлімакамі; і жыве там, дзе не жывуць людзі, - у падводных норках пад топкімі берагамі нетаропкіх рэк. Але ў яе адмысловая поўсьць. Зьверху цёмная шэра-бурая, а ўнізе, на трыбушку - срабрыста-белая. Ды яшчэ зьмяняецца ў залежнасьці ад асьвятленьня...
Чалавеку мала апранацца добра, яму трэба апранацца дорага. Выдаткам гэтага чалавечага жаданьня й сталася вынішчэньне безабароннага зьвярка - хахулі.
Вядома ж, прыгожае футра - ня ўсё, што ёсьць у хахулі. Яна мае доўгі й пляскаты хвост, які дапамагае ёй плаваць. Хвост пакрыты дробнымі лускавічкамі ды валаскамі. Для жыцьця ў вадзе прызначаныя і перапонкі, як у качак, на задніх лапах хахулі. Кшталтам качканоса, што з Аўстраліі, хахулю можна было б назваць качкалапам. А пярэднія лапкі ў яе зусім малыя, ледзьве дацягваюцца да даўгаватага й гнуткага носу.
Бліжэйшыя суродзічы хахулі - вожык і буразубка.
Да часу расейскае анэксіі Беларусі хахулі жылі ў Пасожжы. Але ўжо ў 1951 годзе яны вадзіліся толькі на рацэ Асьцёр на Магілеўшчыне. Праўда, у 1982 яе заўважылі на Пцічы. Для іх гэта было, бадай, адзінае месца ў Эўропе. З таго часу іх больш ня бачылі...
Да 18 ст. у Новай Зэляндыі амаль не было сваіх сысуноў, а іхныя функцыі перанялі птушкі. Птушкі-драпежніцы й цяпер п'юць авечую кроў, птушкі-вэгетарыянкі ядуць гародніну. Між тым, у нас агульнапрынятая думка, што галоўная страва птушак - казюркі. І што казюрак ядуць менавіта птушкі!.. Але гэта ня так.
У нас, у Беларусі, ёсьць і бяскрылыя істоты, якія пасьпяхова спраўляюцца з «птушыным» рацыёнам. Апроч хахулі, жамярою жывіцца яе бліжэйшы суродзіч - буразубка, таксама з атраду насякомаядных, праўда, зь сямейства землярыйкавых. У Беларусі буразубак тры віды. Адзін зь іх - Sorex araneus .
Гэта буразубка звычайная. Але, ня гледзячы на назоў, мала хто можа сказаць, што бачыў яе. Па-першае, гэта начны зьвярок. А па-другое, гэтую істоту прымаюць за грызуна, хоць, у адрозьненьне ад мышэй, буразубка прыносіць карысьць, зьнішчаючы шкодную жамяру і... мышэй. Апроч гэтага, у яе рацыён уваходзіць насеньне дрэваў.
Буразубка мае выцягнутую ў хабаток пыску й чырванавата-бурыя зубкі. Даўжыня яе каля 7 сантымэтраў плюс 3-5 сантымэтраў хваста, а вага ўсяго 8-15 грамаў. Поўсьць цёмна-брунатная, трыбушок сьветла-шэры.
Сустракаецца буразубка ў тундры й лясох Эўразіі, а ў Беларусі селіцца ў мяшаных лясох, мохавых балатох. Плодзіцца некалькі разоў на год увесну і ўлетку. А ўвогуле лёс яе незайздросны. У акцыях змаганьня з грызунамі дастаецца й буразубцы, нястомнай памочніцы-санітарцы, якая жвава і ўпарта зьнішчае масу шкодных інсэктаў.
У Новай Зэляндыі ёсьць адзін сумны сымбаль. Гэта - моа, самая вялікая птушка сьвету (3 м ў вышыню), што была выбітая ў часы Асьветніцтва. Яе амаль сваячка - драхва ( Otis tarda ), самая высокая птушка Беларусі, напэўна, зьнікла ўжо на прыканцы 60-х гадоў нашага стагодзьдзя.
«Гэта той, хто ў Афрыку пешкам ходзіць», - кажуць пра драхву на Гомелынчыне. І маюць пэўную рацыю. Па-першае, апошнія віды яе сямейства сапраўды жывуць у Афрыцы ды Арабіі, а па-другое, драхва сапраўды нядрэнны хадок. Перад тым, як узьляцець, ёй трэба добра разьбегчыся. Ну, рыхтык стравус (які ўвогуле ня лётае)!
Беларуская драхва колісь была звычайнай жыхаркай паплавоў, палёў ды лесастэпаў ад Горадні да Гомеля, па ўсім поўдні Беларусі. Але такая маса птушынага мяса (пад 20 кг) надта прываблівала спажыўца-чалавека... Апошнюю птушку забілі ў 1926 годзе каля вёскі Вялікі Бокаў Мазырскага павету.
Сёньня ў сьвеце зробленыя сур'ёзныя захады дзеля ўратаваньня драхвы. У Беларусі, магчыма, ужо позна... А колісь гэтая пералётная птушка часам нават не адлятала ў чужыя краі з роднае зямлі. І над палямі лунаў яе ціхі роспачны крык. А пад вясну ў самцоў вырасталі доўгія «вусы» з валаскоў-пёркаў, расквечваўся іхны руда-жоўты ўбор. І зноў у непрыкметных лунках на палёх птушкі адкладалі 2-4 аліўкава-зялёныя яйкі, каб новае пакаленьне пярнатых аўтахтонаў пабачыла нашую зямлю.
Было...
На мяжы 19-20 стагодзьдзяў у Новую Зэляндыю для паляваньня былі інтрадукаваныя ледзь ня ўсе віды аленяў з розных кантынэнтаў Зямлі. Ня маючы натуральных ворагаў, алені хутка распаўсюдзіліся й наносілі непапраўную шкоду рэліктавай флёры краю. Але пры тым сёньня новазэляндцы маюць такое паляваньне, пра якое могуць толькі марыць паляўнічыя ў Беларусі.
Читать дальше