А пачалося ўсё так: ня ў сілах забыцца на рэгулярныя начныя расстрэлы ў Курапатах, Ж. і ягоныя былыя калегі штовечар зьбіраліся ў ціры пасьля закрыцьця, каб яшчэ раз згадаць былы гераізм. Узбуджаныя настальгічнымі ўспамінамі, яны кідалі жэрабя й падзяляліся на дзьве каманды: «ворагі народу» і «выканаўцы прысуду», а потым займалі пазыцыі па абодзьва бакі стойкі ціра. У такіх няхітрых забавах жыцьцялюбныя вэтэраны сустракалі раніцу. Нажаль, кола аматараў гульні не зьмяншалася, бо з пнэўматычнае зброі нельга забіць нават адстаўніка НКВД-МГБ. Так доўжылася да тых часоў, пакуль у цір аднойчы не завітаў нейкі дзіўны фацэт, у рукох якога быў амэрыканскі вінчэсьцер 45-га калібру.
«O'key! - узрадваўся наведвальнік, убачыўшы гульні патрыётаў, - fuck you!..» На пытаньні здьдзіўленых вэтэранаў госьць адказаў, што ягонае імя Лі Харві Освальд, што ён ёсьць былым марскім пехацінцам ЗША, а таму, маўляў, цікава паназіраць, як адныя камуністы страляюць у другіх.
Як то ні дзіўна, але неўзабаве Освальд зрабіўся лепшым сябрам адстаўнога малодшага лейтэнанта Ж. Неяк за пляшкай імпартовага віскі «Джоні Ўокер» гаспадар ціра расчуліўся й пахваліўся, што менавіта ён у 30-х гадох застрэліў першага чалавека дзяржавы Алеся Чарвякова, трапіўшы таму ў скронь з адлегласьці дзесяці мэтраў праз замочную адтуліну прыбіральні.
«Fuck you!» - адказаў былы марскі пехацінец і запэўніў, што ягонае снайпэрскае мастацтва ў дачыненьні першых людзей дзяржавы куды больш дасканалае. А каб давесьці гэта, Лі Харві паабяцаў, што здолее застрэліць кіраўніка сваёй дзяржавы з большым майстэрствам. Ж. не паверыў трызьненьню, але дарма: наступным днём ягоны амэрыканскі сябра не прыйшоў у цір, а празь некаторы час адстаўнік дазнаўся з газэтаў, што Лі Харві пераўзышоў свайго настаўніка, застрэліўшы Джона Кенэдзі з куды большае адлегласьці. Адстаўному малодшаму лейтэнанту давялося рыхтаваць абяцаную «Белавескую», але пераможца так і ня змог выпіць яе, бо неўзабаве й сам быў застрэлены Джэкам Рубі пры загадкавых абставінах.
Але Ж. не зьмірыўся з паражэньнем і вырашыў давесьці самому сабе, што як кілер, ён яшчэ чагосьці варты. На падрыхтоўку сыйшоў не адзін год, бо сумны прыклад забойства ў Далясе пераконваў: мала дасканала зьдзейсьніць забойства, трэба яшчэ й замесьці сьляды. Ахвярай Ж. як таго і вымагалі ўмовы закладу, абраў тагачаснага першага чалавека дзяржавы - Пятра Машэрава. Хаця Машэраў, як і Ж., быў сапраўдным камуністам, але ў адстаўнога кілера НКВД-МГБ прафэсыйная цікаўнасьць ўзяла перавагу над партыйным доўгам. Ж. вызначыў сабе жорсткія ўмовы: калі Освальд страляў са стацыянарнае пазыцыі, то ягоны апанэнт залез у кодаб машыны з бульбай і на хуткасьці прастрэліў усе чатыры колы ўрадавага лімузына. Усё выдавала на нешчасьлівы выпадак. Але трыюмфаваў Ж. нядоўга: аднойчы па тэлевізыі ён убачыў сюжэт з Амэрыкі, хроніку эксгумацыі цела свайго сябры. Нядобрае прадчуваньне кальнула сэрца Ж., і ён не памыліўся: той жа ноччу здань Освальда, якая, пэўна, вылезла з труны пры эксгумацыі, зьявілася ў доме адстаўніка. «Я ўсё адно пераўзыйду цябе, - паабяцаў марскі пехацінец, - fuck you!» Прыхапіўшы пляшку «Белавескай», здань зьнікла. Ж. неабачліва палічыў свой сон мрояй, але дарма: з тых часоў у ліёзьненскіх лясох пачаліся адбывацца дзіўныя рэчы, на пуцявых указальніках рэгулярна зьяўляліся выбітыя кулямі надпісы «Fuck you!» І год ад году выкананьне надпісаў станавілася ўсё больш каліграфічным, а гільзы ад вінчэсьцера знаходзілі на ўсё большай і большай адлегласьці.
Але пад час выбарчае кампаніі, калі ўсім стала ясна, што Прэзыдэнтам Беларусі стане Лука Мудзічэнка, у ліёзьненскіх лясох адбылося малавытлумачальнае здарэньне. Мэрсэдэс, у якім ехаў кандыдат, быў абстраляны. Ніхто ня мог зразумець дзіўнае акалічнасьці; усе кулі патрапілі акурат у замочную адтуліну дзьвёркі. Будучага Прэзыдэнта ўратавала толькі тое, што замкі на дзьвёрках мэрсэдэсу былі замененыя на замкі ад трактара «Беларусь».
Гэтае прыкрае здарэньне прымусіла першага Прэзыдэнта павялічыць штат асабістае аховы. Толькі - дзіўная рэч! - кожным разам, калі Лука Мудзічэнка праязжае каля Парка Чалюскінцаў, чуюцца яму стрэлы й злосны шэпт: «Fuck you!»
З агульнага шэрагу пачвараў нашае Бацькаўшчыны гэтыя істоты найбольш інтэрнацыянальныя, бо паўсталі ў часе масавых русыфікацыі й палянізацыі сродкаў сувязі й масавай інфармацыі. Іх нельга ўбачыць, да іх нельга дакрануцца: іхняй формай існаваньня зьяўляюцца электрычныя імпульсы, магнітныя палі, радыёхвалі. У пераважнае большасьці тэхнатронныя пачвары - прадукт навукова-тэхнічнае рэвалюцыі. Такія істоты вядуцца ў вялікіх гарадох, бо толькі гэта дае ім магчымасьць безь перашкодаў вандраваць па камунікацыйных сетках.
Читать дальше