Вось якая гісторыя здарылася ў Віцебску...
У 1982 годзе горад ускалыхнула сэрыя загадкавых забойстваў, якія ж, да ўсяго іншага, уражвалі сваёй бессэнсоўнай жорсткасьцю: ва ўсіх пацярпелых былі пракушаныя шыйныя артэрыі, і патолягаанатамы, дасьледуючы трупы ахвяраў загадкавага злачынцы, кожным разам канстатавалі, што ў арганізме не засталося аніводнае кроплі гемаглябіну. Міліцыянты распачалі пошукі, але яны аказаліся марнымі. Дарэчы, некаторыя сьледчыя заўважылі, пгго забойца высмоктвае кроў выключна з праваслаўных, нават тых, хто займае кіруючыя партыйныя пасады, але не надалі гэтай акалічнасьці ўвагі. Псторыя мела вялікі розгалас, і ў шматлікіх журналісцкіх дасьледаваньнях атрымала назоў «Віцебскай справы». Горад стаў небясьпечным для позьніх шпацыровак, і гарвыканкам ужо ўсур'ёз падумваў, каб увесьці ў Віцебску камэнданцкую гадзіну...
Пасьля таго, як невядомы злачынца высматкаў кроў з чарговае ахвяры - а ёй стаўся Старшыня гарадзкой Камісіі па справах рэлігіі, веравызнаньняў і атэізму - на пасаду апошняга загадам абкама партыі быў накіраваны нехта Б., звычайны вясковы фацэт, які працаваў дагэтуль дырэктарам калгаснага сьвінагадоўчага комплекса і, між іншым, нават сярод выкшталцоных у падобных справах сьвінагадоўцаў вызначаўся ўменьнем віртуозна лаяцца.
Б. пасяліўся ў шыкоўнае кватэры шматпавярховага дома, збудаванага ў гістарычнай частцы горада, на мейсцы, дзе калісьці знаходзіўся касьцёл, пераасьвенчаны з праваслаўнае царквы. У першую ж ноч у спачывальні, перад самым ложкам Б., зьявілася нейкая чорная постаць, апранутая, як падалося гаспадару, у сьвятарскі арнат. Заўважыўшы ў роце прышэльца доўгія, мо з дэцымэтар, іклы, ўквэцканыя запечанай крывёю, пераляканы Б. ускочыў з ложка - апранутая ў арнат пачвара кінулася наўздагон. Б. адразу ж скеміў, што мае справу зь нейкай зданьню: ён, хаця й ўзначальваў па загаду партыі атэістычную працу ў горадзе, усё адно ў глыбіні душы не губляў веры ў надзвычайнае. А таму, разумеючы, што гульня са зданьню ў хованкі ніколі ня скончыцца на яго карысьць Б., бухнуўся перад прывідам на калені й даў сумленнае слова камуніста, што ў абмен на жыцьцё зробіць усё, што толькі пажадае страшны сьвятар. Падумаўшы, пачвара пагадзілася з прапановай Б., і загадала падабраць якую-небудзь ахвяру замест сябе. Старшыня з радасьцю параіў высмактаць кроў зь першага сакратара абкама партыі. У наступную ноч ён паказаў на ягонага намесьніка, потым - на начальніка мяйсцовага КГБ...
Неўзабаве ўсе высокія асобы, вартыя, на думку Б. пакутніцкай сьмерці, скончыліся й, разумеючы, што ў самы бліжэйшы час ён сам стане ахвярай жудаснай істоты, старшыня гарадзкой Камісіі па справах рэлігіі, веравызнаньняў і атэізму пайшоў да бабкі-варожкі - параіцца.
Тая сказала, што здань, хутчэй за ўсё, належыць якому-небудзь сьвятару, які сьвядома выракся веры продкаў. Між іншым, пад час тае нарады Б. згадаў, што якраз год таму воды Дзьвіны падмылі віцебскі бераг, і коўш экскаватара, які ўмацоўваў набярэжную, выцягнуў нечы шкілет, апрануты ў рызманы вуніяцкага арнату - гісторыкі меркавалі, што гэта была магіла Язафата Кунцэвіча, забітага ў 1624 годзе віцебскімі гараджанамі за надта ўжо надакучлівую, на думку апошніх, місыянэрскую дзейнасьць. Супаставіўшы факты, Б. прыйшоў да высновы, што ён мае справу са зданьню менавіта гэтай гістарычнае асобы. Варожка запэўніла, што традыцыйныя сродкі - срэбная куля, пазначаная крыжом, часнык, грамнічная сьвечка й сьвянцоная вада не бяруць падобных пачвараў, і параіла пагаварыць зь істотай па-свойску.
Прыйшоўшы дахаты, Б., выпіў кілішак гарэлкі й стаў чакаць крыважэрнага вуніята. Неўзабаве той і зьявіўся. Тады былы сьвінагадоўца, глянуўшы пачвары проста ў вочы, голасна прамовіў: «Пайшоў на хуй адсюль!.. На хуй, я сказаў!..»
Пасьля гэтага адрасаваньня здань бездапаможна замахала рукамі й растварылася ў паветры. Больш яна ніколі не зьяўлялася, і загадковыя забойствы адразу скончыліся. Праўда, гадоў празь дзесяць пасьля гэтага здарэньня невялічкая групка маладзёнаў, палічыўшы, што вуніяцтва можа стаць «народнай рэлігіяй беларусаў», паспрабавала рэанімаваць цень Язафата Кунцэвіча, але тая, напэўна, даўно ўжо пайшла на сваё мейсца, і таму на заклікі маладзёнаў адгукнуцца не змагла.
Забойца Прэзыдэнтаў
Аматарам спартовае стральбы й вострых пачуцьцяў здавён вядомы пнэўматычны цір у сталічным Парку Чалюкінцаў. За канца 50-х гадоў і па нядаўні час ім загадваў адстаўны малодшы лейтэнант, штатны кілер НКВД-МГБ нехта Ж. Наведвальнікі ня раз зьвярталі ўвагу на партрэт, які вісеў на самым відным мейсцы ціра - загадчык установы ў абдымку са самым слынным снайпэрам сьвету, грамадзянінам Менску Лі Харві Освальдам (як вядома, у канцы 50-х гэты чалавек жыў у беларускае сталіцы, працуючы на радыёзаводзе). Ці не кожнаму наведвальніку гаспадар з годнасьцю ў голасе паведамляў, што менавіта ён навучыў афіцыйнага забойцу Кенэдзі трапна страляць, за што ўласнаручна прывіньціў здольнаму вучню на штрыфель пінжака ганаровы значок «Ворошиловский стрелок». Мала хто даваў веры Ж., але як то ні дзіўна для адстаўнога НКВДзіста, той не маніў; гісторыя знаёмства двух снайпэраў рамантычна-кранальная...
Читать дальше