Дасылаю табе паклоны ад усёй сям’і.
Кахаючая цябе навек,
Дуня”.
Шкада мне троху Маргалава, бо, вядома ж, уся яго сям’я будзе таксама за тое злачынства адказваць. І што з ім толькі адбылося! Хіба газетаў не чытаў альбо радыё не слухаў? Штодзённа ж пішуць і гавораць, што таварыш Сталін і канцлер Гітлер – два найвялікшыя сябры, Англія ж з’яўляецца кублом эксплуататараў і падбухторшчыкам вайскоўцаў. Няхай толькі Гітлер упарадкуе Польшчу, дык дабярэцца да той клятай фашысцкай Англіі, а таварыш Сталін, натуральна, яму дапаможа. Якая можа быць вайна паміж Савецкім Саюзам і братнім нямецкім народам?! Пра такое нават падумаць немагчыма, а ён, дурань, вярзе рознае глупства. Калі б мне па цверазяку гэта сказаў, дык я б сам яму ў пысу заехаў!… Ведаю, што англійскім агентам ён дык хіба не з’яўляецца, але па п’яному не ўмее трымаць язык за зубамі. Навучаць яго ў лагеры розуму! Так яму і трэба!
15 кастрычніка 1939 года.
Вільнюс.
Учора я заўважыў у горадзе і нашы савецкія крамы. А як жа: адразу дзве адчынілі. Няхай буржуі не думаюць, што толькі ў іх гандаль квітнее. Увайшоў я ў адну з іх. Цудоўна там: партрэты Сталіна, Леніна і розныя такія пралетарскія лозунгі вісяць. Нашы савецкія паненкі гандлююць. Кніжкі прадаюць. Гэта значыць, культуру пашыраюць. Я з імі прыемна паразмаўляў. Адна нават спадабалася мне, таму я спытаўся ў яе, ці магла б да мяне на ноч пераспаць прыйсці. Але яна адказала, што моцна шкадуе, але ўжо ўсе бліжэйшыя ночы мае занятымі. Шкада. Але цяжка: кабетаў нашых мала, хлопцаў жа шмат, а таму ўсіх не паспяваюць… Набыў я брашуру: ВЯЛІКІ ПРАВАДЫР ВЯЛІКАГА НЯМЕЦКАГА НАРОДУ і пайшоў. У другой краме заўважыў: ва ўсіх вокнах, шмат партрэтаў таварыша Сталіна. Дужа прыгожа выглядае. Увайшоў я і спытаўся пра кошт.
– Без рамаў, – адказваюць мне, – тры рублі. З рамамі пад шклом, 25 рублёў.
Я так сабе думаю: “Трэба купіць. Можа, раптам хто да мяне прыйдзе, дык адразу ўбачыць, што тут культурны чалавек жыве”. Спытаўся я таксама пра партрэт Гітлера. Варта б іх, каханых таварышаў, разам павесіць. Бо надта ж вялікія яны сябры і правадыры сацыялістычных народаў. Але мне адказалі, што яшчэ не прыслалі. Казалі даведвацца час ад часу.
Пайшоў я дадому. Партрэт Сталіна нёс так, каб кожны бачыў. Няхай буржуі дрыжаць перад абліччам нашага ВЯЛІКАГА правадыра. Прыходжу дадому і так сабе думаю: “Дзе б ЯГО, каханага БАЦЬКУ, павесіць?” Бачу ў куце, у найлепшым, можна сказаць, месцы, нейкая мадама вісіць. А як жа: у залатой сукенцы і ў кароне на галаве. Эге, думаю я сабе, гэта ж іхны буржуйскі святы абразок. Толькі зараз зразумеў. Гукнуў я Марыю Аляксандраўну і з вялікім абурэннем на абраз паказваю:
– Прашу неадкладна гэта адтуль прыбраць! Я культурны чалавек і не хачу чагосьці падобнага ў пакоі трымаць! Лямпачка няхай застанецца, бо чырвонага, пралетарскага колеру. Але мне не трэба вашай фашысцкай прапаганды і забабонаў!
Забрала яна свой абраз і вынесла, а я адразу на яго месцы нашага каханага ПРАВАДЫРА І ВУЧЫЦЕЛЯ павесіў. Увечары запаліў я перад партрэтам лямпачку. Прыгожа атрымалася. Чырвонае святло паўзло па партрэце нашага чырвонага правадыра пралетарыяту, а я сядзеў сабе ў мяккім крэсле і чытаў біяграфію Гітлера. Дужа ўсцешыўся, калі даведаўся, што ён быў некалі мірным мулярам. Гэта значыць, што таксама пралетарскага паходжання – як і наш каханы таварыш Сталін. А далей даведаўся, што і ён таксама ў сябе ў Нямеччыне сацыялізм увёў… Так: жыццё цудоўнае! Калі той, каханы муляр Гітлер, і наш БАЦЬКА Сталін разам пафарбуюць свет у чырвоны колер, вось будзе выдатна!
У кастрычніку 1939 года.
Вільнюс.
Сёння хлопцы ўгаварылі мяне пайсці да фатографа. Знайшлі тут такога, які добра размаўляе па-расейску і выдатна фатаграфуе ў выглядзе героя. А трэба ж мець памятку пра баявыя дні. І Дуняшы можна даслаць таксама. Няхай убачыць, як выглядае доблесны савецкі афіцэр. Ну і брату таксама дашлю, каб ведаў, якой высокай фігурай я зараз з’яўляюся.
Ну пайшлі. Капітан Ягораў павёў. Кожны з нас на ўсю вуліцу парфумамі раскошна тхне. Усе прахожыя азіраюцца і дзівяцца з нас. Я сам сёння зранку выліў сабе на галаву чвэрць пляшкі найлепшых у свеце парфумаў савецкай вытворчасці. “Подых Сталіна” называюцца і пахнуць найменей на пяць метраў. Чую я, лейтэнант Дубін крычыць:
– Хлопцы, зірніце! Аказваецца, яны адпачываць могуць!
Спыніліся мы і глядзім. Арцель рабочых вуліцу рамантуе. Заліваюць яе асфальтам. Бачна адразу, што пралетары. Адны ў камбінезонах, другія ў працоўных камізэльках. Але ж на самой справе працавалі марудна. Адзін сядзеў на тачцы. Другі паліў. Трэці цыгарку скручваў. А некаторыя працуюць сабе няспешна. І відавочна ніхто іх не падганяе, ані ботам, ані кіём не б’е, як то нам вядома, звычайна робіцца ва ўсіх капіталістычных дзяржавах. Ведаем жа дакладна, як буржуі катуюць сваіх рабочых, каб болей за норму працы з іх выціснуць.
Читать дальше