Зацікавіла мяне тая Амерыка, таму я спытаўся, ці моцна над ім там здзекваліся і як білі, каб вялікія нормы з яго выціскаць. А ён адказаў:
– Я не ведаю ніводнага такога выпадку, каб там хтосьці рабочага ўдарыў. Рабочы там вельмі шануецца і мае вялікія правы.
– Ну тады голаду, мусіць, ты там нацярпеўся?
– Голаду? – стары рассмяяўся. – Аб голадзе і гаворкі няма. Еў я шмат і смачна. Нічога мне там не бракавала.
Зацікавіла мяне іншая праблема, таму я спытаўся ў яго:
– А як там паступаюць з тымі рабочымі, якія на працу спазняюцца?… Ці іх так, як у нас, на першы раз на тры месяцы ў турму садзяць, і толькі пасля другога разу канчаткова ў лагер высылаюць, ці адразу забіваюць?
Але стары адказаў мне на гэта ўхіліста:
– Тваё пытанне нават дурным мне здаецца. Па-першае, там ніякіх лагераў няма. А наступнае: на работу, калі няма жадання, можаш увогуле не прыходзіць. І працаваць можаш дзе хочаш. Натуральна, на працу трэба своечасова прыходзіць, каб быў парадак.
– Добра, – кажу я. – А калі хто далёка ад завода жыве, бо ў Амерыцы людзей шмат і не кожны можа побач жыць. Таму часам здарыцца яму спазніцца…
– Я – сказаў стары, – жыў у 25 кіламетрах ад завода, на якім працаваў, і ніколі не спазняўся. Будзільнік заўсёды ў час мяне будзіў, а гаспадыня, у якой я пакой здымаў, заўсёды мне сняданак у час гатавала. Таму з гэтым клопату ніколі не было.
Бачу я, што ён мяне зразумець не можа, таму тлумачу яму, як малому дзіцяці:
– Добра, жыў ты ў 25 кіламетрах ад завода. Таму толькі на дарогу да працы мусіў найменей як чатыры з паловай гадзіны траціць. А калі, напрыклад, вялікі снег дарогі заваліў, альбо пасля дажджу моцная твань утварылася, дык мог на гадзінку і спазніцца.
Ён рассмяяўся і сказаў:
– Балота там няма, бо ўсе дарогі заасфальтаваныя. А калі снег прайшоў, дык яго адразу спецыяльныя аўтамабілі з дарог зграбаюць. А 25 кіламетраў да працы я хадзіць не мусіў, бо ездзіў заўсёды. Увогуле там ніхто на вялікія адлегласці пешшу не ходзіць.
– Значыцца, мусілі штодзённа пропускі на праезд у амерыканскім НКВД браць!
– Ніхто ў Амерыцы пропуск на язду не патрабуе, і ніякага НКВД там няма. Хто хоча ехаць, той купляе білет і ўсё. А тыя, хто часта ездзіць, купляюць танныя сезонныя білеты.
– Ну добра, – гавару я, – а калі вагоны перапоўненыя і нават на даху месца няма, і з-за гэтага здарыцца спазніцца, а завод з-за таго панясе страты. Няўжо такіх асобаў у Амерыцы не караюць, а толькі цалуюць?
А ён кажа:
– Цяжка мне з табой размаўляць. У Амерыцы ніхто на дахах не ездзіць. Там усё падлічана і роўна столькі паяздоў альбо аўтобусаў курсуе, каб у кожнага было месца. Але я на працу на ўласным аўтамабілі ездзіў.
– На ўласным аўтамабілі!!!
– Так. Чаго ты здзіўляешся? Я там за ўвесь час два аўтамабілі меў. Першы прадаў, калі стары стаў, і новай канструкцыі купіў.
– А дзе ты грошы на пакупку аўтамабіля ўзяў?
– Як гэта, дзе?… Зарабіў.
– Каб набыць аўтамабіль?!
– Я яго не адразу купіў. Узяў у фірме задатак, а потым адпрацаваў у тэрмін. Першы аўтамабіль сплаціў за два гады. А на другі меў больш грошай і за год часу сплаціў. Зрэшты, там не толькі рабочыя, якія далёка ад працы жывуць, свае аўтамабілі маюць, але і тыя, хто блізка ад працы жыве. Толькі той аўтамабіль не купляе, хто не мае дзе гараж збудаваць альбо заарандаваць. А некаторыя проста не хочуць мець з ім клопату. На нашым заводзе вельмі мала было працаўнікоў, якія не мелі ўласных аўтамабіляў.
Паглядзеў я на яго – хацеў давесці што-небудзь да ягонага слыху. Але прамаўчаў. Толькі зразумеў з таго моманту, хто ён ёсць насамрэч і адкуль паходзяць і тыя фіранкі на вокнах, і добрыя боты на ўсіх! Адразу ўсё гэта мне зрабілася ясным. Гэтым, уласна, аўтамабілем ён сябе і выкрыў! Бо каб сказаў, што нейкі там рабочы, стаханавец, працаваў у Амерыцы шмат гадоў і да веласіпеда дакараскаўся, дык, можа, я яму і паверыў бы. Але аўтамабіль!… Мяне нават смех узяў, як уявіў сабе рабочага, які сядзіць ва ўласным аўтамабілі. Гэта непрыстойна нават!
Так, моцная, аднак, тая амерыканская прапаганда, калі нават тут здолела сваіх агентаў размясціць і блытаніну ў галовах распаўсюдзіць!… Каб я такое ў нас ад яго пачуў, дык ведаў бы, як паступіць з такім тыпам. А тут павінен заткнуцца і болей ні пра што не пытаццца. Бо мне нават страшна зрабілася. Гэта ж подлая нячэснасць, якая не мае межаў!
3 мая 1942 года.
Фальварак Буркі.
Я маю вольны час, бо сёння нядзеля, таму пішу далей. У пятніцу таксама не працаваў, паколькі пані Юзэфа зранку, падчас снядання, паведаміла мне:
Читать дальше