Здыхаю пад крыкі.
Але паўзу...
Цягну шаблю.
ПРЭЧ!
У ноч з 31 снежня 1999 на 1 студзеня 2000 года я зладзіў перформанс «Смерць гадзінам!». Так-так, на вялікае народнае свята — Новы год — я не проста п'янстваваў, як добрапрыстойны грамадзянін, а клапаціўся пра нашу літаратурную спадчыну. Дзякаваць Богу, на той момант маю кватэру аздабляла вялізная чырвоная труна. Яна стаяла ў маёй аднапакаёўцы як нейкі каменны ўцёс. I што цікава, .перашкаджала хатняму руху. Кожны раз даводзілася скакаць як кенгуру, калі была патрэба ў кухні альбо ў прыбіральні. Але вернемся да перформанса «Смерць гадзінам!». У навагоднюю ноч у труну я заклаў каля двух дзесяткаў розных кніжак. Я адабраў на мой погляд самыя бяздарныя літаратурныя працы. Дарэчы, сам пошук кніжнай брыды заняў каля дзесяці хвілінаў. У сваёй большасці гэтую макулатуру мне прэзентавалі самі аўтары, якія імкнуліся атрымаць маю прафесійную ацэнку... Атрымайце! Глытайце выбітыя зубы! Я здзейсніў кніжны акт! Увесь 2000-ы год пройдзе пад знакам афрыканскай літаратуры! Калаціцеся, мазгавыя нябожчыкі! Ванітуйце, закарузлыя ахматаўкі, шханкі і саўдэпы!
расквітнелася ўсё паўсюль
пульсуюць гадзіннікі
на святочным падарунку сяджу ў кальсонах
побач агеньчыкамі гараць птушкі-гілі
тушкі з абвугленымі сям-там пёркамі
штучная радасць апусціцца на шпалы
шапікам задушу кавалак сала
банальныя словы распадаюцца на гукі
мы народ мы не сукі
мы паглынаем шампанскае праз шкляныя
люкі
ды дзяўчына ўчора сказала што знікла
бо не верыць у цукеркі салодкія мілыя
я сяджу на труне Вуй як страшна
нават у паласатай коткі ёсць сумленне
мачтавае
адкаркую пузатую плмшку
да рыльца лапамі-вуснамі прыпаду
як да вуснаў смерці
дэкламую вам новае тысячагоддзе
ўзурпатары
у пляшцы петардавай свеціцца твой фаянсавы
анфас
мая Ратару
віншую ўсіх вас
з Новым
25 снежня 1999
ДЗЕНЬ МУМІФІКАТАРА
Перформанс «Забі маманта», зладжаны ў 2000 годзе ў менскім клубе «Альтэрнатыва», прайшоў праз доменныя печы, балоты і вакуум. Ён прымусіў задумацца ўсіх пра сэнс жыцця. Асабліва моцна ён прасвідраваў вузкалобых гопнікаў. Я і афрыканеры змуміфікавалі не толькі «Альтэрнатыву», але і прастору ўсіх клубаў. Труна і агромністая маска. Закляцці. Бой бубна. Сігналы космаса. Хтосьці зваліўся ў нірвану. Я зжаваў каля трыццаці лічынак, у ролі якіх выступілі гусіныя і курыныя яйкі. Літаратурныя крытыкі пляваліся. Атрымайце, эстэты!
Адным з апошніх акордаў у перформансе быў момант атручвання. Я памёр. Змярцвелае цела паклалі ў труну і вынеслі прэч. Ешце на здароўе. Але маманты вечныя. Ша!
ШЧЫТ ДУШЫ
«Літ-арт - 2000» засвяціў маю постаць на самым высокім дзяржаўным узроўні. У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь я выставіў графічную працу «Паэма пра забойства конікаў» (70 х 100). Прафесары і аспіранты, балерыны і кінарэжысёры, мастакі і паэты хадзілі кругамі вакол майго шэдэўра. Я выставіў душы вялізны шчыт! Яны пазіралі на паганскія сімвалы і са страхам вырачалі вочы. На адлегласці дзесяць метраў я глядзеў на музейны тэатр і задаволена паціраў рукі. Ха-ха. Я таўраваў мазгі наведнікаў мастацтва! Я маляваў на матацыклах! Птушкі фіксавалі дзень на крылах! Я дазволіў спадару Малевічу паціснуць сваю руку! Я зрабіў у музеі закуток уркі! Я, гурман і эстэт, ажыццявіў вакханаліі фэст! Паўсюль мне салютавалі тэнісныя сэты!
САБАКІФЮРЭРА
21 красавіка 2000 года ў Гомелі ў Палацы культуры глухіх я правёў перформанс «Сабакі Фюрэра». Правінцыйная публіка была агаломшаная. Напярэдадні я раструшчыў сэрцы выкладчыкаў і студэнтаў Гомельскага Універсітэта сваімі афрыканічнымі вершыкамі... Ша! Карацей кажучы, Гомельшчына выла воўкам ад вішнёўшчыны. Я б сказаў яшчэ — смакавала алергію. Гэткі вось прыродны наркотык.
Але вернемся да «сабак». Я і афрыканскія браты (мастак Банько і літаратар Бахарэвіч) апранулі куклукскланаўскія капя- люшыкі і, гаўкаючы, выпаўзлі на сцэну.. Там я па нашай афрыканернай традыцыі зжаваў некалькі дзесяткаў курыных яек і здох. Ха-ха. Афрыканеры выцягнулі санітарныя насілкі, загрузілі на іх змярцвелае цела і вынеслі яго прэч. Вось вам канцлагер у мініяцюры! Страшна?! Ха-ха. Нюхайце мёртвае цела шамана! Гэта могілкавыя кветкі! Гэта легенды! Гэта памяць! Так-так, гэтыя напаміны вельмі смярдзяць учарашнім!
Читать дальше