ТРАНСФАЗНАЯ ПЕРАДАЧА
С. Адамовічу
І. Сіну
А. Бахарэвічу
колеры хакі
якія прывабліваюць цябе
яны апранаюць нацыю
якая прыйшла на вайну
КАЛІ Б Я БЫЎ ПРЭЗІДЭНТАМ
Загад А
Усталяваць на цэнтральнай плошчы сталіцы помнік мне — Зміцеру Вішнёву. На ўсіх астатніх плошчах сталіцы ўсталяваць помнікі ўсім маім сваякам.
Загад Б
Толькі Саюз Вольных Краін можа задаволіць наш гераічны і афрыканічны народ! Таму загадваю пайсці на аб'яднанне паміж нашай краінай і Заірам. Толькі гэты Саюз можа прывесці нас да светлай будучыні, што знаходзіцца каля возера Мабуту.
Загад В
Усталяваць помнікі літаратарам з Бум-Бам-Літа: Юрасю Барысевічу — у горадзе Бумба, Ганцы Шханавай - у горадзе Лубумбашы, Вальжыне Морт — у горадзе Мбандака, Іллю Сіну — у вёсцы Селішчы, Ганне Кісліцынай — у горадзе Кісангані, Валянціну Акудовічу — у горадзе Кіншаса. Усім бумбамлітаўцам, не ўключаным у спіс помнікаў, самім падрыхтавацца назаўсёды з'ехаць у аддаленыя мястэчкі нашай неабсяжнай дзяржавы.
Загад Ш
Абавязваю дзяржаўныя і камерцыйныя структуры! Усіх звольненых і скарочаных супрацоўнікаў — на сталы нашых грамадзян! Будзем пераймаць тысячагадовыя традыцыі некаторых афрыканскіх плямён! Бо вараны, смажаны альбо марынаваны лянотнік — лепшы стымул для росту прамысловасці нашых прадпрыемстваў!
Загад Д
Усім фальклорным калектывам спяваць толькі на суахілі. Хто супраць — тыя здраднікі! Я - прэзідэнт!
Загад Ф
Стварыць Храм Сонца і Кракадзіла. Бо я люблю ляжаць пад сонцам, а кракадзілы заўсёды былі, ёсць і будуць маімі лепшымі сябрамі!
Загад Р
Інтэр'еры ўсіх крам, школ, лякарняў, аптэк і кінатэатраў павінны быць афрыканізаваныя. Працоўны персанал гэтых устаноў у гутарках з наведнікамі абавязаны скарыстоўваць бумеранг. Хто супраць, тых на заірскія руднікі!
Загад М
На ўсіх дзяржаўных і камерцыйных прадпрыемствах прэміі павінны выдавацца толькі бананамі альбо какосамі. Хто не згодны — тым каштаны.
Загад Л
Усім, хто мяне любіць, прапаноўваю гучна сказаць: «Гаў!» Бо праз пэўны час і гэта вымаўляць будзе забаронена.
Загад I
Каб у нашай краіне адбывалася планавая афрыканізацыя, дазваляецца наведваць толькі краіны Афрыкі. У паездках за мяжу кожны грамадзянін абавязаны мець з сабой амулет і тазік. Хто будзе парушаць дадзены загад, тых саджаць у чаротавую хібару і некалькі гадзін прымушаць смяяцца. Потым злачынцу дазваляецца пасыпаць перцам і з'есці.
Загад П
Дзяржаўнымі мовамі аб'яўляюцца суахілі, лінгала, кіконга і чылуба. Хто будзе супраць, тых дазваляецца выслаць у Індыйскі акіян альбо з'есці.
Загад Э
Мастакам дазваляю маляваць адно кракадзілаў і ўласныя вушы. Прычым у мастацкіх творах можна скарыстоўваць толькі белыя фарбы, белыя палотны і белую паперу. А хто будзе супраць — выслаць у Папуа-Новую Гвінею да майго сябра чарадзея Барнабаса.
Загад Ч
Сантэхнікаў прымушаю заўсёды насіць на спіне мой партрэт. Хто будзе незадаволены, тых сантэхнікі могуць стукаць гаечным ключом па вялікім пальцы правай нагі. А хто супраць майго рашэння, тых абавязваю трымаць у ваннай кракадзіла 1,5 х 1,5 метра.
Загад Т
Усім распрануцца! Мы павінны быць бліжэй да прыроды. Дазваляецца насіць толькі шлёпкі, фескі, лапці, галёшы, мой партрэт і майткі.
Загад Я
Пенсіянераў у нядзелю выводзіць на плошчы, і няхай пад грукат бубнаў спяваюць у мой гонар гімн нашай краіны! За імі павінны рухацца танкавыя калоны. Страляць толькі па маім сігнале.
Загад У
Вайскоўцаў навучыць грызці бамбук! Зубы, толькі зубы выратуюць нашу армію ад магчымых нападаў варожых краін! Хто супраць — тых на мыла!
Загад Ж
Жанчынам забараняю крычаць падчас родаў. Можна толькі спяваць гімн нашай краіны. Таксама падчас родаў дазваляю есці кашу з геркулесу.
Загад Ю
Аб'яўляю свой Дзень нараджэння 7 жніўня вялікім святам. У гэты дзень можна піць толькі малако і бананавую гарэлку. Дазваляю прысвяціць верш майму вялікаму розуму і майму вялікаму носу.
Загад Ё
Чытаць можна толькі мае кнігі. Прычым ноччу і пры святле месяца. Хто супраць, той мусіць ведаць усе мае творы на памяць. Падчас чытання можна танчыць ламбаду, але ў поўнай адзіноце.
Загад Н
У аўторак усім выйсці на вуліцы і прыпадабняцца да жырафаў, бегемотаў і суслікаў. Ролі можна агучваць. Лепшых сяброў і лепшых ворагаў трэба пэцкаць зубной пастай.
Читать дальше