Раніцай пасвятлела, але сонца так i не змагло прабіцца праз суцэльны пласт дыму, які нізка слаўся над возерам. Рэзка пахла папялішчам, далятаў смурод паленага мяса. Калі зусім развіднела, людзі ўбачылі, што ў вадзе побач з імі ратаваліся алені i ласі, мядзведзі i ваўкі. Па самыя пысы забраліся ў ваду туры. I ніхто не чапаў адзін другога. Усе забыліся пра іклы, кіпцюры, лукі са стрэламі. Бяда агаломшыла ўсё жывое, прымірыла на нейкі час драпежніка i палахлівую казулю, паляўнічага i яго штодзённую здабычу.
Людзі, паволі прыходзячы ў сябе, ачуньвалі, выбіраліся на бераг. Тушылі бліжэйшыя вывараці, корпаліся на папялішчах. Драпежнікі ўжо апасліва адышліся далей ад людзей i ўзяліся снедаць каля абпаленых трупаў жывёл. Тыя, хто не мог харчавацца мясам, разграбалі выгарыны, вышукваючы ацалелыя касмыкі травы.
А пушча ўсё гарэла. Пажар заняў наваколле ажно да далягляду. Гарэла ўся зямля ад краю да краю. I ніхто, мусіць, не спадзяваўся, што некалі гэта скончыцца, што зноў заяснее неба i зазелянее счарнелая зямля.
Перад абедам яшчэ больш пацямнела i паніжэла неба, навісла калматым кажухом над абпаленай зямлёй. Сцішыліся людзі, i сціснуліся ў трывозе іхнія сэрцы. Што гэта яшчэ за навала рыхтуецца? А потым цяжкі грукат пракаціўся над галовамі, быццам кацілі камяні нейкія веліканы, i першая маланка, як вогненная галіна, успыхнула на небе. Потым бліснула i аглушальна загрукатала ўжо за возерам i грымнула навальніца з перунамі, i лінула так, быццам уверсе штосьці развязалася, парвалася. Шыпелі i тухлі абгарэлыя пні, чорныя ручаі пабеглі ў возера.
Цяпер ужо людзі смяяліся i крычалі ад радасці, ловячы ў широка адкрытыя раты дажджавыя струмені — навальніца патушыць гэты сусветны пажар!
А праз колькі дзён, калі мужчыны хадзілі да балота, каб насекчы жэрдак для новых хацін, як раз там, дзе быў ударыў у зямлю пярун, яны знайшлі каменную сякеру. Дзіўную яна мела форму — як імклівы човен з узнятым вострым носам. I адтуліна для рукаяткі была вельмі ж адмысловая.
Як сюды трапіла сякера, хто яе згубіў? Можа тыя конныя ваяўнікі, што калісьці даўным-даўно прамкнуліся гэтымі мясцінамі? Можа быць. Але зараз людзі былі перакананыя, што нездарма сякера знайшлася менавіта там, куды трапіла вогненная перунова страла.
— Сякера Перуна! — сказалі старыя.
— Сякера Перуна! — паказвалі тубыльцы знаходку блізкім i далёкім суседзям.
Праз шмат гадоў расказвала Палавейка ўнукам i праўнукам:
«Аднойчы цёмнай ноччу прыляцеў Цмок i ўпаў у лес за ўзгоркамі. А было ў яго сем галоў i ў кожнай з пашчы выскоквалі вогненныя языкі-змеі. Да чаго ён языком не дакранецца — адразу згарыць. 3 рэвам i грукатам нёсся па нашай зямлі Цмок, хочучы спаліць усё жывое, знішчыць нашу пушчу, звяроў i людзей.
Пачуў пра такую навалу Пярун i прыімчаў па небе на даўгагрывым кані, i капыты ягонага каня высякалі з воблакаў іскры, i грукат стаяў навокал.
Схапіліся Пярун з Цмокам у смяротным двубоі. Кінуў Пярун вострую сякеру i адсек пачвары першую галаву. Але астатнія жывуць, кусаюцца. Кінуў Пярун яшчэ сякеру, адсек другую галаву. I так сем разоў. Застаўся Цмок зусім без галоў i здох. Ды жывымі яшчэ былі вогненныя языкі-змеі, што павыскоквалі з адсечаных галоў. Пладзіліся яны мноствам i разбягаліся ўсё шырэй па лесе. I не было ад ix паратунку, бо засячэ адну Пярун, а на яе месца некалькі новых звіваецца. Тады паклікаў Пярун навальніцу. Лінуў дождж i затапіў цмокавых дзяцей. I абціх на зямлі пажар».
* * *
— Гэта i ёсць тыя старажытныя карані фальклору, як разумею, вытокі сюжэту двубою Перуна i Цмока.
— Які бытуе, дарэчы, у самых розных народаў. Для першабытнага чалавека лясныя пажары паўсюдна былі найвялікшым стыхійы ым бедствам. У беларускім фальклоры можна знайсці i іншыя сюжэты, якія дайшлі да нашага часу ажно з бронзавага, а то i каменнага веку. Есць, напрыклад, паданне аб асілках, якія жылі толькi з дзічыны ды рыбы, апраналіся ў звярыныя шкуры, а на паляванне хадзілі з каменнем. У іншых паданнях старажытныя асілкі перакідваліся каменнымі сякерамі. Некаторыя вучоныя мяркуюць, што ў казках пра звера Цуду-юду захавалася памяць пра маманта. А ён жа знік з тэрыторыі Беларусі больш як дзесяць тысячагоддзяў назад!
Ніхто дакладна не ведаў, адкуль быў родам гэты высокі стары з загарэлым тварам i барадою, сівою i пакручастаю, як пена на віры. Хадзіў ён ад паселішча да паселішча, абапіраючыся на ядлоўцавы кій, пабліскваючы меднай бляхаю на грудзях з выяваю крукаватага крыжа.
Читать дальше