– Да каго цяпер пойдзем? – узняў на Кіма вочы Сяргей, прысеў, узяў чорны камячок з чорнымі вочкамі на рукі. – Не хочаш? Разумею. А трэба. Не магу я цябе пры ўсёй павазе з сабой... і далёка, і бяспашпартны ты. Усё роўна як біч. Чуў такое слова? Не, і добра. У самалёт не пусцяць. Цёткі і дзядзькі там строгія. А пашпарт на цябе няма калі выпісваць. Трэба раней было мне падумаць. Вінаваты. Ну, пайшлі, Кім. Не ўдараць. – Першы чым пацягнуць на сябе дзверы, Сяргей прыпаў да вочка. На лесвічнай пляцоўцы ён убачыў Розу Цімафееўну з другой суседкай – маладзенькай, бойкай і прыгожай Танькай, так яе завуць, хоць Таньцы даўно за дваццаць. «Пра мяне балакаюць, – здагадаўся Сяргей, і здагадацца было лёгка: жанчыны раз-пораз кідалі кароткія позіркі на ягоныя дзверы, тады ён трымаўся ад вочка далей – перасцярога. – Схаджу, так і быць, да Танькі. Паслухаю, што яна скажа. Я ж яе шмат разоў выручаў. І мэблю новую адзін цягаў на трэці паверх, і збіраў яе амаль тыдзень. Ды ці мала што па суседску? Кавалкам хлеба дзелімся. А ў Танькі часта не хапае: дзяцей трое, а бацькі – ніводнага. Яны, вядома, недзе жывуць, ёсць. А дзе – сакрэт. Пайду да Танькі. Калі ўжо Танька не выручыць?! Яна не Роза Цімафееўна. Гэта тая язычком толькі добранька...» Ён зноў глянуў у вочка: жанчыны разыходзіліся па сваіх кватэрах.
– Пасядзі, Кім. Я сам. Я адзін. Да Танькі.
Кім мякка затупаў далей ад дзвярэй, сеў каля шафкі для абутку – яго пастаяннае месца, адкуль ён праводзіць Сяргея з кватэры, і цяпер не зводзіў вачэй з гаспадара. А сам, відаць, думаў: «Пасяджу. Схадзі сабе і да Танькі. Ты толькі смялей. Чуеш? Яны ж, суседкі, у цябе усё смела просяць, амаль сілком вырываюць з рук. І ты хітрэйшы будзь. Не маленькі. Га-гаў».
– Буду смялей трымацца, Кім, – паабяцаў Сяргей, нібыта і сапраўды пачуў думкі сабакі. – Хопіць. Не – дык не! І я ім так! А то, бач ты, грузчыка-разгрузчыка знайшлі: Сяргей, памажы тое, Сяргей, памажы гэта. А Сяргея выручыць – праблема, ёлкі- палкі! Так, Кімуля?
Утапіўшы кнопку званка, Сяргей пачаў чакаць. Моўчок. Танька быццам і не заходзіла дамоў. Але заходзіла ж. Ён добра бачыў. Не сляпы. Не магла ж яна ўслізнуць так хуценька – пакуль ён сказаў Кіму ўсяго два словы. Дома. Мо на ўнітазе сядзіць? Пачакаем. Ён прайшоўся па вузкай лесвічнай пляцоўцы ўзад-уперад, пастаяў. Зноў націснуў на кнопку. Ціха. І да вочка не падыходзіць.
– Эх, бабы, бабы! – уздыхнуў Сяргей, стукнуў кулаком па сцяне. – Сумна з вамі жыць! Усё вы любіце – аддаваць толькі не! У норы, значыць? Палюбоўнікаў цяпер сваіх завіце! Іх! Няхай яны не толькі ў пасцелях вас забаўляюць, а і там, дзе кішка ў вас тонкая, за вас і цягнуць хай воз яны!.. І не толькі вы такія. Усе. Сядзелі б па вуглах, жралі толькі. Сытыя гніды! Задніцы панаядалі – як копы сена! Дзе ж тут у магазінах усё будзе, калі есці прывыклі за дзесяцярых, а рабіць не – ён няхай, сусед! І кожны торкае на таго, іншага. Цьфу, маць вашу, ёлкі-палкі! Ну выйдзіце хто-небудзь! Выйдзіце! Пагаварыць трэба! Чалавеку кепска! Можа, горш чалавеку, чым пры інсульце. Чалавеку-у-у!..
За дзвярыма азваўся Кім – загаўкаў, потым – было чуваць – ён тонка скуголіў: плакаў.
Сяргей плюнуў, махнуў рукою, піхнуў дзверы – і рашуча, энергічна ўвайшоў, плюхнуўся на канапу.
– Сумна, Кім, вельмі сумна, – ён адкінуў галаву назад, хапаў ротам паветра, расшпіліў верхні гузік на сарочцы. – Ведаў бы ты, як сумна, друг мой святы... Хоць памірай... Жыць мне, маладому, не хочацца. Ты верыш? Кімуля, Кімуля... Ну, а раптам памёр бы? Не, не, трэба жыць. На каго ж я цябе пакіну? Прападзеш. Жыць! Нельга паміраць. Нельга!..
Кім падкраўся да гаспадара, лізнуў у шчаку, зноў павалюхаў, усё так жа мякка ступаючы, на сваё месца – да шафкі з абуткам: ён добра ведаў сваё месца...
Трэнькнуў званок. Сяргей падняў галаву, прыслухаўся: званок працягваў спяваць.
– Заходзьце. Адчынена.
На парозе стаяў, праціраючы вочы зашмальцаваным рукавом, Слон. Чалавек, вядома. Чаму Слон – дык з маленства, відаць, мянушка пацягнулася, бо сланом тут і не пахла. Можа, і быў калі Віцька мажным хлопцам, але ж цяпер ад яго засталіся косці ды валасы на галаве. Не хапае грошай у чалавека на ежу, гарэлка дарагая, а выпіць хочацца круглыя суткі. Алкаш, адным словам. Усё перапіў-пераспытаў Слон, хавай падалей ад яго адэкалон нават. Суседзі і хаваюць, бо схопіць ён флакончык, калі будзе стаяць на відным месцы, і лічы, што быў: упросіць, залатых гор наабяцае, слязу пусціць. Не ўстаіш. Хаваюць суседзі хларафос і іншую атруту. Мухі дохнуць – Слон жыве.
– Здароў, – ціха выціснуў з сябе Слон. – Ты ці хто крычаў? Спаў я. – Ён пазяхнуў, паляпаў па губах. – Пахмяліцца няма? – Махнуў безнадзейна рукою. – Калі ў цябе было? – Сеў асцярожна, быццам табурэтка была або дужа гарачая, або дужа халодная. – Крычаў, пытаю, навошта? – І, не дачакаўшыся адказу, спытаў: – Якое сёння чысло?
Читать дальше