– Дык ета... адзін я, старшынёк, у хаце. Аўгінні няма ўжо. Хто ж згатуе, накорміць? Калі толькі самі? Печ ёсць...
– Накормім у сталоўцы, Макар. Ім дах над галавой трэба. Вугал.
– Ну, калі так, то хай ідуць.
– Спаць ёсць дзе?
– Чалавекі тры прыму, – ціха прамовіў стары, а потым насцярожыўся. – Толькі, старшынёк, падбяры непітушчых...
– За гэта не хвалюйся. Вось і добра... Ты траіх прытуліш, другі... Я прышлю іх да цябе. Не адлучайся ад хаты. Якраз ім тут зручна будзе – дарога блізка...
Жмайлік забраўся ў машыну, гыркнуў маторам.
– Пачакай-ка, старшыня! – узняў руку Макар. – Спытаць мушу...
– Слухаю, дзед, – высунуў галаву з кабіны старшыня. – Слухаю, слухаю...
Стары патаптаўся крыху на месцы, затым падышоў бліжэй, глядзеў сумнымі вачыма на Жмайліка, не асмельваўся гаварыць.
– Няма часу, Макар! – крыкнуў старшыня.
– Асфальт – добра ета. Ага. Ну. Мы, барчане, таксама даўно ўжо ў лапцях не ходзім. Праўдацькі. Ты, хоць і новы ў нас чалавек, а на свае вочы бачыш. Толькі баюся я, што дарога шкоды наробіць...
– Во як! – ускінуў падбародак Жмайлік. – Нешта цябе не разумею.
– Паглядзі на вокны – праз хату, лічы што, забіты дошкамі крыж-накрыж. Няма каму ў тых хатках жыць. І астатнія, баюся, драпануць у горад.
– А дарога тут пры чым?
– Як жа... Чаму не бегчы па асфальту? Толькі бяжы...
Жмайлік рассмяяўся, прычыніў дзверцы, і наад’ездак крыкнуў Макару:
– Пажывём – пабачым!
«Уазік» крануўся з месца, пакалываўся на дарогу, а потым шпарка панёсся за калонай.
Хлопцы ў Макара жылі вясёлыя. Паслухаць іх, дык героі: дзе не былі і што не рабілі. Сяргей, які паабяцаў старому, хоць Макар на ягоныя словы і рукой махнуў, не прыдаў значэння, выкапаць прама на дварэ калодзеж, перад ганкам, сваім заграбастым каўшом, каб не хадзіць яму далёка за вадой, на язык быў лёгкі і усё разносіў былога старшыню:
– Яго даўно трэба было б турнуць! За каго вы, дзед, на сходах рукі ўзнімалі? Хоць ты і не вінаваты... Ну! Што ён у вас пасля сябе пакінуў? Вокны забітыя? Дык гэта я бачу. А яшчэ? Нават дарогу не мог зрабіць! Гультай! Не, вы падумайце толькі: сам жа больш за іншых ганяў па ёй, а ленаваўся. Дык у яго што, і на самай справе сям’я у горадзе так і жыла?
Макар кіўнуў.
– Куды ў раёне глядзелі? – Сяргей увесь быў у руху, выціскаў ботамі тонкі рып з маснічын. – Даўно б яму па шапцы ўгрэлі! Соні! Позна вочы працёрлі... Суседзі вунь прыбіральні ў хатах маюць! А цяпер вот Жмайліка вазьмі. Зялёны, я тут не пярэчу, але разваротлівы, халера! Хвацкі! Смоўж! Не паспеў стол абжыць у кабінеце, а ўжо за дарогу ўзяўся. Гаспадар! Такога б раней, дык у вас тут дзіцячы сад трэба было б будаваць. Ён у вас тут усіх чаркалюбаў прыцісне. Нас таксама, для поўнай яснасці сказана хай будзе, таксама папярэдзіў: «Хлопцы, глядзіце ў мяне: калі ў час работы каторы чарку ўхопіць – на сябе скардзіцеся». Во!
Макар слухаў Сяргея ўважліва, хітаў галавой – пагаджаўся. Хоць і новы чалавек у вёсцы, гэты Сяргей, а багата ведае, праўду гаворыць.
– Значыць, будзе гарадская дарога? – узнімаў вочы на экскаватаршчыка стары.
– Будзе, дзед! Сёлета. Мы ваду ў ступе не таўчэм! Нам таксама карміць дзяцей трэба!
– Памаладзее, значыць, яна... Што ж, ёй жыць яшчэ доўга... Ёй жыць... – ківаў белай галавой Макар.
Стары звычайна праводзіў кватарантаў за веснічкі, іншы раз кандыбаў услед за імі, моўчкі назіраў, як экскаватар засыпае канавы жоўтым пяском, што возяць, ледзь паспяваючы, аднекуль здаля самазвалы, як бульдозер раўнуе дарогу, чуў пісклівы, бы птушыны крык, шоргат жалеза аб камяні. Камяні блішчэлі на сонцы абскобленымі белымі бакамі, і здавалася яму, што дарога ўпарціцца людзям, паказвае зубы. «А ўсё ж шкада цябе, дзіцятка, – шаптаў Макар, – хоць і прыхарошваюць цябе, у новую кашулю апранаюць. Я да такой прывык, якая ты ёсць. Толькі хай ужо будзе і так, як хоча старшыня... Як робяць хлопцы. Пазнаеш мяне, апранутая ў асфальт, га? Даўжна, даўжна пазнаць...»
Хлопцы слоў на вецер не кінулі – вось яна, дарога!
Блішчыць на сонцы асфальт. Макар стаіць на сваім прывычным месцы, углядаецца ўдалячынь. Стары пазнае старшынёўскі «уазік», імчыць ён па шырокай палосцы дарогі, а на пад’ездзе да Макара запавольвае бег, злёгку рыпіць тармазамі, спыняецца:
– Чыя праўда, Макар! Не ўцякаюць людзі – назад вяртаюцца. Бачыш, вязу! І чаму не вяртацца, калі такую дарогу адгрохалі!
Старшыня з радасцю на прыгожым маладым твары едзе далей, а Макар стаіць насупраць хаты на сваёй дарозе. Памыліўся ён. Першы раз за многія гады. І быў вельмі шчаслівы...
Читать дальше