– Было пісьмо, было, – спакойна сказала яна, а потым уздыхнула, паправіла бігудзі. – Я і спалохалася, калі паштарка пісьмо ў тваю скрынку апусціла. Спытала, пацікавілася я, нягож, адкуль пісьмо табе. «З Іжэўска». Можа, з Соняй што, падумалася мне. Карцела ўсё спытаць у цябе, ды ў тлуме гэтым забылася. А раз вяселле – ну, тады добра. Няўжо Валька хвост натапырыла?
– Валька.
– Во дае! Во! Саплівая ж быццам яшчэ. Глядзі ты, і цябе запрасілі. Едзь. Трэба. Радня ж вялікая.
– Дык і думаю.
– Ты не думай, а збірайся. Прырос ты, гляджу, да сваёй канапы. Ні баб табе не трэба, нічога. Толькі б музыку йграў.
– Паеду. Я ўжо і білеты ўзяў, – смялей загаварыў Сяргей.
– А там, можа, і сабе знойдзеш якую кралю.
– Вельмі трэба, – усміхнуўся Сяргей.
– А чаго? Даўно пара. Даўно-о!
– Да вас я, Цімафееўна, каб выручылі...
Старая бліснула вачыма, на імгненне затрымала дыханне і, ацаніўшы сітуацыю, рашуча сказала:
– Няма грошай. І не прасі. Мне ж, верыш, паўгорада павінны. Не алкашы якія-небудзь там – не, нармальныя людзі. Ой, чэрці! Просяць, клянчаць, а як даўгі вяртаць – быццам у каналізацыю пахаваліся: ніводнага не бачу. Абмінаюць. Ведама ж, сляпая, за два метры не бачу. Грошай, суседзе, няма. Дала б, табе – без размоў.
Кім лізнуў Сяргея ў шчаку.
– Я не грошай прасіць... Мне Кіма вось няма куды падзець. Прыйшоў папрасіць вас, Цімафееўна. Выручыце?
Недзе ўнізе грукнулі дзверы – уваходныя, хлынуў вецер, загуў на лесвічнай пляцоўцы. Кімаў чуб заматляўся, ён паглядзеў на свайго гаспадара: прасіўся да ног.
– Зараз, зараз, Кімуля.
– І на колькі ж ты, цікава, дзён знікаеш? – узняла на Сяргея вочы Цімафееўна, на гэты раз больш строга, без асаблівага энтузіязму.
– За тры дні думаю абярнуцца, – Сяргей зразумеў, што тут у яго нічога не атрымаецца, але працягваў весці дыялог. – Хоць мне там і яшчэ дабавілі. Адгулаў набралася...
– Ты канкрэтна, не мямлі: колькі дзён глядзець Кіма?
– Ну... можа, чатыры... не больш, – нясмела прагаварыў Сяргей.
Цімафееўна прысвіснула:
– Ты што, хлопец? Мне ж яго і вывесці, і завесці. Так? І накарміць. І напаіць. А калі блохі? Бываюць блохі?
Сяргей кіўнуў, але адразу спахапіўся, паправіўся:
– Цяпер не, няма. Ды і не страшныя яны для людзей. Не!
– Ну во, бачыш? – быццам і не чула яго суседка. – Чатыры дні, хлопча мой любы, мне годам здадуцца. Ты маладзейшых каго ж, можа... А то шугане твой Кім да нявесты якой – даганяй старой бабе! З мяне, сам бачыш, фізкультурніца... Я, праўду кажучы, і ў тэатр паабяцала хахалю аднаму, ледзь не забылася. Век не была ў тэатры – згадзілася, тым і ўзяў хахаль.
– Кім у тэатр не будзе прасіцца, – з іроніяй заўважыў Сяргей.
Смех, як той вецер, шугануў з кута ў кут: Цімафееўна курыла, голас у яе быў сіпаты, такі ж і смех.
– Яшчэ не хпала – сабаку ў тэатр!
– Даруйце! – Сяргей павярнуўся, пагладзіў Кіма па галаве, падміргнуў, бы чалавеку, і неўзабаве крануўся ручкі сваіх дзвярэй. У вузенькім калідорчыку ён пастаяў яшчэ колькі часу, прыхінуўшыся спіной да халоднай сцяны, мацней прыціснуў да сябе сабаку, прашаптаў: – Нічога, нічога, Кімуля. Памыліўся твой гаспадар. Даруй, не ведаў, якая яна, цётка... Даруй... Так быццам бы і нічога... з выгляду...
Ён і яшчэ б стаяў так, відаць, і гаварыў бы нешта свайму калматаму сябру, але дзынкнуў званок. Не паспеў Сяргей скрануцца з месца, каб адчыніць, але Роза Цімафееўна сама прасунула галаву ў бігудзі:
– Можна?
– Праходзьце.
– Ой, Сярожа, – яна прайшла, скрыжавала рукі на жываце. – Ты пра мяне кепскага нічога не падумай. Не магу, іншы б раз – хоць на месяц. А цяпер – не, не! – і Цімафееўна часта закруціла галавой, у бігудзі заіскрыліся промнікі ад сонечнага струменя, які прашыў шыбы на кухні, зачапіўся за сцяну ў калідоры. – Пятро Сцяпанавіч, гэта мой новы дзед, страх як не любіць сабак, кошак, птушак...
– Пара яму паміраць,– спакойна сказаў Сяргей.
– Ён гаварыў мне, і я ўспомніла, – прыкінуўшыся глухаватай, сакатала далей Цімафееўна – І як гэта я раней не згадала?
– Я разумею. Я разумею. І Кім усё разумее. Дзед... Тэатр...
– Не крыўдуй, Сярожа. Калі трэба – заўсёды прасі: хто, як не суседзі?.. Але зразумей. Сітуацыя. – Жанчына нахілілася над Кімам, усміхалася яму, лёганька шкуматнула за вуха. – Глядзі ж там, на вяселлі, Сяргей, не спі ў шапку: падвернецца якая краля – дзейнічай агрэсіўна, але з галавою. Наша палова што любіць? Ласку і сілу. Ну, шчасліва! – Суседка памахала кашчавай рукой, і за ёй ціха прычыніліся дзверы.
Памаўчалі.
Читать дальше