Ён стаяў, сашчапіўшы рукі на кульбе, ціха казаў:
– Ну, і як табе жывецца цяперачы, дзіцятка, у новым адзенні? Не цісне апратка? Не, гаворыш. Вось і добра. Жыві. Ага. Ну. Табе доўга на гэтым свеце бавіцца... Мне б толькі глянуць, хто будзе ездзіць і хадзіць па табе туды далей... Відаць, не гляну... Дзякуй Богу, і так пражыў багата... Яшчэ з таго веку дыхаю.. А ты будзь... Увесь час будзь... Няхай па табе толькі добрая, лёгкая нага ходзіць і нашы машыны ездзяць... Пайду... А ты – будзь... Здароўя зычу табе... шчасця зямнога зычу...
... Над Макарам і дарогай вісіць цёплае, вечнае сонца.
Стары халасцяк Сяргей Пекур павінны быў на колькі дзён пакінуць горад: напісала сястра, каб абазязкова прыехаў, выходзіла замуж дачка Валя, а яго, значыць, пляменніца. Да ліста прыкладвалася і запрашэнне. Сяргей абрадаваўся і, хоць далёка той Іжэўск, пачаў збірацца ў дарогу. «Калі яшчэ надарыцца такая магчымасць – сустрэцца разам усім сваякам?» І ён заспяшаўся. На заводзе падлічылі, колькі ў яго набралася адгулаў, далі згоду: едзь, твая воля, мы не супраць, маеш права. Цяпер зіма – не лета. Сабраў такія-сякія транты, запіхнуў у сумку, зняў з ашчаднай кніжкі грошы – на падарунак маладым і на кішэнныя расходы.
Самалёт заўтра раніцай...
А звечара трэба было рашыць яшчэ адну праблему – дамовіцца з кім-небудзь з суседзяў, каб тыя прыгледзелі за Кімам, разумным і верным гаспадару тыбецкім тэр’ерам. «Гэта мы ўмомант, гэта нам дробязі!» – паглядаючы на калматага сябра, разважаў Сяргей. Сабака ўжо разумеў, што гаспадар некуды збіраецца, таму не лашчыўся да ног, а сядзеў воддаль ад Сяргея, сумна назіраў за ім: не меў прывычкі перашкаджаць, няхай сабе збіраецца, а сабачы лёс – сядзець дома, чакаць. Не ўпершыню. Трывожыла Кіма толькі адно: на яго памяці гаспадар ніколі так доўга нікуды не збіраўся. Далёка, значыць. Так трэба разумець. Ён, Кім, прывык, калі штораніцы яго выводзіў на прагулку гаспадар, ускудлачваў потым віхор між вушэй і на развітанне кідаў кароткае: «Ну, я на завод, Кімуля! Не сумуй. Паспі. Паеш. Пагуляй з лялькамі». І шчоўкаў дзвярыма. На завод дык на завод: трэба зарабляць грошы, каб пракарміць гаспадару і сябе, і мяне. Хто ж гэтага не разумее? Які дурань?
Вечарамі ж яны былі амаль заўсёды разам.
– Чаму такі невясёлы, га? – глянуў на Кіма Сяргей, падміргнуў, цёпла ўсміхнуўся.—Ну-ну, не крыўдуй. Трэба, брат, трэба мне паехаць. Сястра ў мяне адна – крыўдзіць нельга. Я хутка. Я нядоўга. Туды-сюды – і мы будзем зноў з табою кашу варыць, музыку слухаць, футбол глядзець па тэліку. Павінны ж мы з табою дачакацца, калі нашы футбалісты медалі выйграюць? Ці не? Вышэй, вышэй галаву, Кімуля. Правільна. Вось за гэта ты разумнік. Вось за гэта ты малайчына. – Ён уздыхнуў. – Павер, не магу з сабой узяць. Даруй. Няблізкі свет. Гэта каб у Вець да дзеда з бабай, тут бы і размоў не было. Успомні, брат, колькі разоў ездзілі? І я кажу: багата. У аўтобусе бурчаць, касавурацца, а мы едзем. Нічога, нічога... Аддадзім пляменніцу ў надзейныя, як гавораць, рукі – і адразу да цябе. Падаруначак прыгледжу там. Абавязкова. Нешта смачненькае. Ты ж мяне ведаеш. Прывязу. Ну, а цяпер пайшлі да суседзяў, дамовіцца трэба, каб цябе кармілі , паілі, на двор выводзілі пагуляць. Я грошы пакіну для цябе. Скачы на рукі. Вось так. Куды спярша – да цёткі Розы? Да яе, да яе, Кімуля. І я так падумаў. Яна добрая, цётка Роза, цябе занадта любіць.
Сяргей, трымаючы Кіма на руках, бы маленькую калматую ляльку, прычыніў за сабою дзверы, адразу ж утапіў кнопку званка – і ў кватэры суседкі пачуўся мяккі тупат, потым была затоенасць за дзвярыма, яна супала з зацямненнем вочка: цётка Роза, канечне ж, спярша пацікавілася, хто да яе, а потым толькі адчыніла дзверы, шырока ўсміхнулася Сяргею і Кіму, чмокнула сабаку ў носік-гузік:
– А мой залаценькі, і ты да мяне ў госці? Цю-цю-цю-цю-ю! Харошанькі мой! Налюбавацца не магу прыгажунчыкам такім! Ой! Ды вы праходзьце, праходзьце, суседзі! Чаго ж гэта я? Балаболю, а запрасіць не запрашаю. Праходзьце. Я і чай якраз п’ю. Мо і табе кубачак, суседзе? На зёлках чай. А што мне Кіму?..
– Ды не, дзякуй, – Сяргей сарамліва ўсміхнуўся, – дзякуй вялікі. Не турбуйцеся. Мы на хвіліначку. Я вось па якім пытанні да вас, Цімафееўна. Дакладней – мы.
– Слухаю, слухаю.
– Мне трэба на некалькі дзён пакінуць горад. Сястра на вяселле запрашае. У Іжэўск.
Роза Цімафееўна часта заміргала маленькімі вочкамі, не менш часта захітала галавою, у якую густа былі натырканы бігудзі – Сяргей не адразу заўважыў бліскучыя трубачкі ў сівых валасах старой суседкі.
Читать дальше