Стаіць падоўгу Макар на дарозе. Бывае, яму кіўнуць з машыны. Пройдзе пешаход – павітаецца, а то і затрымлівае крок, уважыць яго словам-другім. Пацяплее тады ў старога пад апранашкай. Многіх ён не пазнае спярша, а потым усё ж спахопіцца: «Гэць, га!» Убачыць, убачыць у хлапцы або дзяўчыне Макар Петраковых ці Марусіных дзяцей. Падобны. Трохі ад бацькі, а то і ад дзеда ці бабкі ўзялі. Струмень родавай крыві б’е. Ён моцны струмень.
Калі Макар стаіць адзін, нікога не відаць паблізу, тады ён размаўляе з дарогай, як жывы з жывым.
– Пастарэла, пастарэла і ты, – гаворыць Макар, пацепвае сухенькім плечуком.—Я ж, дзіцятка ты маё, цябе даўно помню... і ты мяне... Хадзіў я па табе і басанож, і ў лапцях, і ў юхтавых ботах... Ага. Ну. На вайну мяне паклікалі... пры цары шчэ... Вось гэтым бачком ішоў – бліжэй да дрэў стараніўся. Іх нямашкі сёння, а тады былі. Высокія. Помніш? Ага. Ну. Назад з вайны – бег. Нейкая сіла мяне штурхала, дзяўбла кухталём у каршэнь. У маленькім сундучку пачастункі Аўгінні сваёй нёс і Груньцы, дачцы. Думаў, спазнюся, не паспею. Гм, дзівак я, а праўда ж – было... І ты памагала мне, у пяткі каменьчыкамі джгала: бяжы, салдат, бяжы, засумавала па табе маладая жонка... дачка не дачакаецца... А потым у заробкі хадзіў, у бравары... А-ха-ха-ха! – Макар уздыхае, на выцвілых вачах выкругляюцца слязінкі. – Піла, піла ты мае слёзы, дзіцятка... Немец напаў, каб яму ўсё жыццё штаны насіць навыварат. А ў мяне ж хлопцы выраслі – волаты. Шкада было на смерць іх пасылаць, а трэба. Хто ж мяне, Аўгінню, Груньку, усіх барчан абароніць? Правёў я сыноў сваіх з ворагам біцца, ты ж помніш, а тады кожнага дня бегма да цябе – вестачкі ад іх чакаў, перахопліваў паштальёна, не верыў яму, калі гаварыў, што нічога ад Міхала і Ванькі няма, сам ператрасаў сумку... Не знаходзіў, паштальён не хлусіў. А калі быў трохкутнік салдацкі – значыць, быў.
Усіх салдат, што з вайны вярталіся, я сустрэў. І сына свайго... Во на етым месцейку, дзе стаю. Тут сустрэў. Ага. Ну. Ваню. А Міхала – не... І цяпер вось не ідзе. Столькі часу мінула, а яго няма. Не чакай, гаворыш? Не, дзіцятка маё, не... Набачылася ўсяго ты на сваім вяку. Хапіла і горачка табе, і шчасцейка. Трактарок першы, а як жа, па табе спярша прайшоў, а потым ужо на поле закіраваў. Усе яны... і трактаркі, і машыны... процьма цехнікі дзякуючы табе, галуба, знайшлі нашы Боркі...
Загаварыўся я з табой. Пайду, курам чаго-небудзь падсыплю. Чуеш, гвалт узнялі? Не гаспадар я стаў... Толькі курэй і трымаю каля сябе. На парсючка не хапае Макара... а так усё ў краму ды ў краму... І цукар тамацькі, і селядзец падвязуць, і хлебчык – усё, слава Богу, ёсць. Ну, дык я пайду? Не сумуй... Во ўпраўлюся, адпачну трошкі, а тады зноў да цябе навярнуся. І мы зноў пагаворым. І нам будзе весялей. Хуценька я... Ты чакай... Чакай мяне, дзіцятка...
Макар сеяў на двары проса з кашчавай жмені, куры навыперадкі таўкліся перад ім – клявалі, ажно ўпрысядкі чубкі хадзілі, а калі нахапаліся зярнятак, яны пацішэлі, угаманіліся, ляніва сноўдаліся вакол гаспадара.
– Хопіць, хопіць,– шаптаў стары, высыпаў проса назад у маленькае вядзерца. – І заўтра дзень будзе...
За аселіцай загулі машыны. Макар насцярожыўся, павярнуў тварам у бок дарогі. Ён толькі чуў – не бачыў: далевата былі яшчэ тыя, а вочы адсвяцілі сваё. Паставіў вядзерца на стол, прыткнуты да сцяны хаткі, мінуў веснічкі, прычыніў іх, каб трымаліся двара чубаткі. Гул нарастаў... Цяпер стары мог збольшага згледзець, што ледзь як не на яго едуць машыны. Багата іх. «Цэлая арцель,– падумаў Макар. – Куды гэта іх столькі?» Наперадзе калоны круціўся спрытны старшынёўскі «уазік» , ён раптам звярнуў да старога, спыніўся, а з кабіны вылез сам Жмайлік, не звяртаючы ўвагі на Макара даваў знакі рукой машынам, каб ехалі далей, не збочвалі, гледзячы на яго, а калі ўпэўніўся, што ўсё ідзе так, як і трэба, падышоў да старога, павітаўся.
– Няўжой-та ў калгас папаўненне?– пацікавіўся Макар.
Жмайлік хітравата ўсміхнуўся, пакратаў пальцамі свае рэдзенькія вусікі, сказаў, бы пячатку паставіў:
– Дарогу, дзед, будзем рабіць!
– Дарогу?– перапытаў стары, паківаў галавою. – Дык яна ж уродзі і ёсць... Ці пад суседзяў будзем, га?
– Ну! А чым мы горшыя за іх?– у Жмайліка свяціўся твар, ён радаваўся, па ўсяму было бачна, што сваё старшынёўства ў Борках пачынае не з якой-небудзь там дробязі, а бярэ вышэй, з перспектывай. – І зробім! Хопіць машы ламаць! Дзед... прабач, не ведаю, як цябе зваць-велічаць?
Макар назваўся.
– Будзем знаёмы. Жмайлік Сцяпан Пятровіч. Спяшаюся, а то заедуць не туды хлопцы, куды трэба. А справа такая, Макар. У цябе не могуць дарожнікі вугал знайсці? Жыць ім недзе ж трэба. Ну, чаму маўчыш?
Читать дальше