П’янтос, а па пашпарту Цэдрык, міліцыянер з трыма лычкамі на пагонах, варухнуўся, прадраў адно вока, доўга свідраваў ім жонку, прабурчэў:
– Сама добра – жонку на ланцуг,і ўсе дзеці будуць толькі на цябе падобныя.
– Ідыёт! – вырвалася ў Галі. – Як ты можаш? Што ты вярзеш? Я ж... я ж, акрамя работы, нідзе не бываю.
Цэдрык адвярнуўся:
– Не перашкаджай спаць. А прафілактыка бабам патрэбна. У любым выпадку. Як зямлі дождж у спёку. Сплю-ю!.. – Ён глыбока пазяхнуў і суцішыўся.
Галя, уздрыгваючы худзенькімі плечыкамі, папрасіла:
– Міша, адшпілі. Рукі баляць. Хопіць здзекавацца. Я ж не вінаватая. Ну, Мішка-а-а!..
Не гледзячы нават на жонку, Цэдрык, пракаўтнуўшы сліну, вырак:
– Пасядзі, пасядзі... на ланцугу. І дзякуй скажы, што я прышпіліў цябе каля акна. Кругагляд. Не сумна. Што бачыш, га, жоначка?
– Га-а-ад!-- затрэслася яшчэ больш Галя, а вочы затуманілі слёзы. – Каб ты здох!
– Будзеш абражаць міліцыю, пакараю больш строга,– прамовіў Цэдрык і захроп.
Галя ж глядзела на акно, і ёй здавалася, што не яна плача, а яно. На шыбах былі слёзы. Розныя – і вялізныя, бы раннія зялёныя вішні, і малюпасенькія, як усё роўна недаспелыя ягады смародзіны. Яны, тыя слёзы-вішні-ягады, іншы раз мітусіліся хаатычна, беспарадкава, але сцякалі ўніз, уніз... Калі прыгледзецца больш уважліва да шыбы – а Галя гэта заўважыла адразу, – то можна ўбачыць і сябе, і яго, нягодніка Цэдрыка. Ён, вядома ж, нахабна рагоча, потым закасвае рукавы, плюе на далоні: сцеражыся, бойся, жонка! А вунь і сама яна... У ражку шыбы... Змізарнелая, запалоханая... Яна бачыць сябе надзіва хораша... Сцялася ўся, трымціць. Зараз будзе бойка. Зараз пачнецца. І Галя, быццам прыйшоўшы да памяці пасля нядоўгага маўчання, плюе на акно і паўтарае – толькі не ўслых, а сама сабе: « Гад!» Вінаваты ён, Цэдрык, а дасталося шклу. Не жывое – у яго не папросіш прабачэння. Але нешта рабіць трэба. Жанчына пацягнулася ўсё ж – ледзь не разарвалася – да шыбы, сцёрла сліну.
Хочацца спаць. Падбароддзе паступова асунулася на грудзі, замгліліся вочы. Сама сабе загадала: «Спаць, спаць, спаць!» Хоць так, не па-людску. Стамілася за дзень на рабоце. А больш – дома... Толькі ж сон не слухаецца яе, не адольвае. Было ж адно жаданне –праваліцца ў забыццё, а прачнуўшыся, убачыць нарэшце цвярозага Цэдрыка і, магчыма, плюнуць цяпер яму ўжо ў вочы. Цвярозы ён ніжэй травы, цішэй вады, а вып’е – дурань дурнем.
«Хоць бы мама, ці што, прыйшла? – думае Галя. – Як няма асаблівай патрэбы – дзесяць разоў прыбяжыць на дні. А калі здзекуецца муж – не чуе яе сэрца бяды, не спяшаецца на падмогу».
З Цэдрыкам Галя пазнаёмілася ў тралейбусе. Быў ён у цывільным адзенні, даўгалыгі і белазубы, з густымі брывамі, чорнымі, як смоль, але рэдкімі валасамі. Гаварыць умеў. Улюлюкаў. Неўзабаве яна пазнаёміла Цэдрыка са сваімі бацькамі – на гэты раз жаніх апрануў міліцэйскую форму, яна яму добра пасавала, і маці, з зайдрасцю кінуўшы лагодны позірк на бацьку, паказала ўсім сваім выглядам: здаецца, тое, што і трэба нашай Галінцы! А калі дачка засталася адна, пацалавала яе ў шчаку:
– Выходзь. І не думай. Відны і пры пагонах. А ў міліцыі абы-каго не трымаюць.
Бацька больш маўчаў. «Самі разбірайцеся».
Цэдрык прачнуўся першы. Мітусліва паглядзеў на акно, на жонку, якая, паклаўшы галаву на маленькія кулачкі і падкурчыўшы ногі, спала. Да яго нарэшце дайшло: гэта ж, мабыць, я?.. Усхапіўся. Разамкнуў наручнікі – і Галя лягла спіною на падлогу, паклала збялелыя рукі на жывот: ён ужо прыкметна выдаваўся – у сям’і Цэдрыкаў чакаўся першынец.
– Прабач, Галя!– муж схіліўся над жонкай, прыпаў на калена, прыўзняў яе за плечы. – Паглядзі на мяне. Паглядзі. І даруй.
– Ні-ко-лі,– не расплюшчваючы вачэй, прашаптала Галя. – Ідзі. Ідзі, Міша. Я адна выгадую дзіця. Пакуль бацькі жывыя – не дадуць прапасці. А з тваіх грошай толку мала. Прапіваеш усё роўна. Ды і нядоўга ты пратрымаешся... Раскусяць. Не сёння, дык заўтра. Такімі, хіба, міліцыянеры павінны быць, як ты?..
Цэдрык маўчаў. Ён толькі раз-пораз нервова сціскаў кулакі, узнімаў іх над сабой,і, здавалася, не ведаў, што рабіць з імі далей. Усё ж папрасіў яшчэ раз:
– Даруй. Я больш не буду піць.
– Чула ўжо. І першае, і другое...
– Абяцаю!– Цэдрык прыклаў далонь да грудзей.
– Хто нешта хоча рабіць, той не абяцае, а робіць.
– Вось пабачыш! Слова!
Галя сказала пра развод. Неадкладны. Паабяцала заўтра-паслязаўтра – як толькі збярэ ўсе неабходныя паперкі – аднесці заяву ў суд. Цэдрык моўчкі яе выслухаў, уздыхнуў, моўчкі прыхінуў за сабой дзверы і зацокаў абцасамі па прыступках...
Читать дальше