– Ну дзе ты, баба? – задзірае галаву ўгору Колька. – Наелася масла?
– Ды лезу, лезу, – вылятае Антосін голас, а потым паказваецца і яна. – Дзе ж яна, хітрая, нясецца? Усе закутні перапальчыла, а хоць бы адно яйка. Дык што ж гэта выходзіць, людцы мае добрыя? Я карміць яе павінна да восені, а яна ні яйка мне?! Трасцы! Не-е, Антосю ты не абхітрыш! Пер’е з цябе паляціць! Сёння ж! – Антося высунулася з веснічак, намацала нагой лесвіцу, паставіла на яе парэпаную пятку. – Трымаеш, унук?
– Трымаю.
– Трымай жа! Лезу... лезу на зямлю.
– Навошта ты яе спускаеш, Колька? – неўпрыкмет падышла суседка Лідка, амаль што равесніца Антосі. – Хай там і зімуе. Бохан хлеба ёй падайце – нічога, пераседзіць.
– Ты, маладзіца, унука майго не ведаеш: ён бабу сваю шануе, – ніколькі не крыўдуе на суседчын жарт Антося, хутчэй наадварот: самы момант, думае старая, раз зачапіла ты, Лідка, языком Кольку, пра яго добрае слова ўставіць. І яна ўстаўляе, як толькі нага намацала зямлю: – Усё, злезла. Унук мой – ты чуеш, Лідка? – разумны. Абы-каго ў цехнікум не возьмуць...
– Дапусцілі Кольку ў цехнікум? – дзівіцца Лідка.
– Узялі, узялі, дзеўка, – пасвятлеў Антосін твар.
– Што робіцца, людзі! – успляснула рукамі Лідка. – А ў нас жа, ледзь не сход які бацькоўскі, усё, помню, дзяўблі яго. Ён і такі, і гэтакі. Невук. Зусім не прызнавалі чалавека, а ён – на табе! – у цехнікум... На другі год усё, помню, пакідалі...
Іншая б бабка на месцы Антосі пачала дакараць настаўнікаў, што тыя не змаглі даць ведаў Кольку, а вось яна прамовіла суседцы наўздзіў памяркоўна:
– Узяўся за розум, маладзіца. Горад навучыў жыць.
Старыя гамоняць каля пунькі, а Колька зноў сядае на лаўку, бярэ ў рукі кнігу, зрэдку косіць вокам у той бок, адкуль павінен паказацца настаўнік. Калі ён яшчэ быў так трэба яму? Не відаць Сяргея Кірылавіча. Можа, грыбоў сабраў столькі, што не данесці? «Эх, – думае Колька, – праміргаў! Трэба было б з ім у лес пайсці. А чаго? Гэта ход. А так чым яму аддзячыць за тую кансультацыю? Грыбочкі – самы раз. Ад іх Сяргей Кірылавіч не адмовіўся б. Калі было, як на тую экскурсію хадзілі яны ўсім класам, а помніцца. Столькі баравікоў, абабкаў і падасінавікаў назбіралі настаўніку, што той вяртаўся з лесу ў вёску ў адной майцы – поўная кашуля, як завязаць, была напоўнена ляснымі дарункамі. Вось і цяпер бы забегчы наперад Сяргею Кірылавічу, зрэзаць грыбы ды ў кошык, у кошык, а потым – калі ласка, паважаны настаўнік! Трымай! Не дапетрыў, прамахнуўся. Глядзіш, і кансультацыя прайшла б на самым высокім узроўні. А так чым аддзячыш? Чым? Хіба ж Сяргею Кірылавічу ахвота проста так ламаць галаву, ды яшчэ ўлетку, калі яна ў яго на адпачынку».
Колька глядзеў у кнігу, а сам думаў: «Чым жа?.. А можа, і зусім ён не возьмецца бясплатна кансультаваць? Цяпер, кажуць, не той час, каб усё задарма. У горадзе вунь аб’ява ў газеце змешчана: даю кансультацыі... Не за прыгожыя ж вочы дае. Плаці, значыць». І другое хвалявала студэнта-завочніка: « А што, калі мараль чытаць пачне? Не захацеў, скажа, вучыцца, калі ўсе вучыліся, яшчэ і нерваў колькі мне папсаваў, а цяпер – прыпёрся, ратуй, Сяргей Кірылавіч. Ці ж ёмка? Га?»
Разважаючы так, Колька не адразу і заўважыў, як перад ім паўстаў Кукуруза. Валіку Ярмольчыку, былому аднакласніку – ці не ў пятым яны вучыліся разам? – такую мянушку прыляпілі за доўгі рост і белую лахматую галаву.
– Усё вучыш? – зморшчыў лоб Валік.
– Вучу.
– Не пазнаю цябе, Колька. Калі ўсе жэняцца – ты вучышся. Дзівак!
– Ды вось... рашыўся, – пацепвае плечуком Колька. – А чаму і не? Цяпер спрыяе... вучыся. Не ўсё ж мне ў мулярах хадзіць. Пахадзіў – хопіць.
– Кіраваць будзеш апасля? У начальнікі меціш? – Валік не без іроніі ў голасе падсядае да Колькі, бярэ кнігу, прагарнуў некалькі старонак. – Ого! Ды тут і формулы! Заблудзіцца можна. Няўжо разбіраешся?
Колька адмоўна круціць галавой.
– А як жа экзамен здасі? – зноў моршчыць лоб Валік.
– І сам не ведаю, – шчыра прызнаецца студэнт-завочнік, – але ж іншыя неяк здаюць.
– Глядзі, глядзі. А мо на рэчку махнём, га?
– Не магу. Ідзі адзін. Кірылавіча пільную. Абяцаў кансультацыю даць. Толькі вось не ведаю, чым і як з ім разлічыцца. Усё ж работа гэта.
– Работа! – ускінуў галаву Валік. – Колькі ў нас гэтых завочнікаў, а ён толькі такі добранькі. Ты вунь да Касцючыхі падступіся. Адразу адмахнецца. А чым аддзячыць табе? – Ён таксама задумваецца. – А ведаеш... Ты ж не школьнік. Дарослы. Бяжы ў магазін, вазьмі што трэба... грошы, кажаш сам, добрыя зарабляеш – больш нават, чым сам Кірылавіч, а пасля кансультацыі... так сказаць... Га? – Валік шчоўкнуў па горле.
Читать дальше