Убачыўшы, што той ужо апрануты і сядзіць на ўслоне, уроссып паклаўшы пальцы правай рукі на гармонік, нырнуў у дзверы, падхапіў Мітрафана за рукаў:
–Давай, братка, давай. Галоўнае, не хвалявацца, галоўнае – першы крок... Ён заўсёды цяжкі, зараза, але без яго, першага кроку, не бывае другога, трэцяга... сотага! Ну, шавяліся, шавяліся, Мітруха. Нас чакаюць грандыёзныя справы! Тут наша Цюмень! Тут наша Якуція! Па алмазах ходзім, ядрона шыш!..
У аўтобус уціснуліся лёгка – ехала ў горад не дужа каб багата вяскоўцаў. Мітрафан з гармонікам сеў адразу ж за дзверцамі, каля матора, а Якут, пакуль уладкоўваў яго, застаўся без плацкарты: цопнулася побач, не павёўшы і брывом, Верка Канапелька, а больш і месцаў вольных не мелася. Ну і добра. Не пан, пастаіць. Тым больш – без грошай едзе. Пачаргова лыпаючы вачыма на Мітрафана, на гармонік, што прыкіпеў да ягонных каленяў, на землякоў, сонных, як леташнія мухі, якія, адчуваў, пачыналі здагадвацца, куда яны з гармонікам намыліліся. Бач, відушчы сляпога цягне, як рак здабычу пад корч. Не проста ж так Верка Канапелька, хаваючы здзеклівую ўсмешку ў рукаў, крэкнула-пырснула:
– Вы ніяк у горад, Мітрафан з Якутам, вяселле граць? У рэстаран, га?
Калі гамана ўнялася, Якут сказаў пераканаўча і горда:
– Хопіць нішчымную бульбу трэскаць! І каўбасы хочацца!
– Дык і мяне з сабой вазьміце, – сумелася жанчына.
– Без касіра абыдземся, – ціха мовіў Якут. – Баба на караблі – кепская прыкмета. Сядзі і не рыпайся.
Месца Мітрафану Якут прызначыў пад высокім і тоўстым, як абхапіць, ясакарам. Добрае месца: люднае і зацененае. Шапка ляжала перад самым гармонікам, а Якут трымаўся крыху паводдаль, каб не мазоліць вачэй, і крадком сачыў, як уздзейнічае музыка на праходжых. Уздзейнічае. Палоніць. Апускаюць, апускаюць у шапку пакамечаныя дзяржзнакі. Значыць, парадак. Якут, нібы між іншым, прайшоўся каля Мітрафана, крадком зазірнуў у шапку: дробязь пакуль там, але ж і Масква не адразу будавалася. Вылучыўшы момант, ён шапнуў Мітрафану:
– Рэж, рэж з такім жа азартам. Выціскай слязу. Ёсць капуста. Цвіце. У качан прасуецца.
І пашоргаў далей, падкрэсліваючы ўсім сваім выглядам, што ён з гэтым няшчасным сляпым музыкантам незнаёмы.
Пакуль Мітрафан з нейкім мужчынам вітаўся за руку, колькі часу размаўляў з ім, то музыка, вядома ж, маўчала. Тады Якут нерваваўся, паказваў Мітрафану кулак, які трымаў у кішэні: калупаць, калупаць капейчыну, а не анцімонію разводзіць!.. А калі Мітрафан пачынаў рыпаць , твар у Якута лагодзіўся: вось так і давай, невук, і толькі яшчэ больш энергічна! Не пашкодзіць.
Дзень неўзабаве схіліўся на другую палову. З шапкі выпіраліся, бы сухое лісце, грошы. «Пара канчаць!» – прыняў рашэнне Якут і падаў голас каля Мітрафана.
– Грошы я сабе пакладу, – затрымаў пальцы на гузіках гармоніка музыка. – А тады разбяромся. Адыдзем толькі, не тут жа... Не на рабочым жа месцы.
Якут палагаднеў, дружалюбна фыркнуў:
– Не бойся ты, не абдуру. Нам жа з табой работаць. Што я, казлом буду? Ды мне ў Якуціі алмазы давяралі!
Дашоргалі да лаўкі, што дымілася на санцапёку каля аўтавакзала. Селі. Падлічылі навар: атрымалася, што можна добра выпіць і закусіць. І трошкі яшчэ адкласці можна – на кансерву-другую Мітрафану, а, таго ж, і на білет Якуту. Якут шчэрыў зубы, распрамляючы на сваім калене грошы, соп і пляваўся:
– Я ж казаў, га? Мы, значыць, з табой пляшку раздавім, закусім і паедзем у свае Абакумы – як пераможцы, як салдаты-вызваліцелі. Горда паедзем, ядрона шыш, а не як галодныя ваўкі...
Па пляшку пабег Якут, вядома ж. Купіў на «пятаку» у прыватных гандляроў, а Мітрафану сказаў, што браў у краме: сэканоміў, такім чынам, колькі тысяч. Спатрэбяцца. Хто на грашах, разважаў, сядзіць, той і адшчыкне сабе. Абавязкова.
Выпілі. Закусілі яблыкам, бо да закусі Якут не прыцаніўся: усё дорага, не для простага люду. Выпіць танней. Не псаваць жа грошы, не пераводзіць жа! Пасядзелі.
– Добры ты сёння іграў,– сказаў, пыхкаючы дымком, Якут. – Я, нашто ў мяне на поўначы вочы павымярзалі, і то заплакаў. Асабліва пра вайну калі йграў... Пра зямлянку... Шчымела душа... Можа, Мітрафан, для мяне ўрэжаш, спецыяльна? Прымі заяўку.
– Пальцы баляць. Даўно так багата не йграў,– не пагадзіўся Мітрафан.
Якут асабліва не настойваў, толькі ківаў лахматай галавой, і здавалася, на тратуар асыпаўся з валасоў пыл:
– Разумею. І хвалю. Беражы, беражы пальцы, дзядзька. Тваімі пальцамі мы яшчэ доўга будзем калупаць капейкі. Ды што капейкі? Тысячы! Хоць нам багата і не трэба. Праўда? Выпіць, з’есці чаго... Шкарпэткі во табе купіць трэба. Ці не? Калі нага голая, то, відаць, хутчэй кінуць у шапку?
Читать дальше