Старшыня ж, бы пачуў голас Чабатка, тут як тут: праязджаў якраз міма на сваім легкавіку, запрыкмеціў купку людзей ля калодзежа. Наблізіўся, павітаўся.
Дзед Сёмка змахнуў з галавы картуз, падаў тулава наперад:
– Вас просіць, Савельевіч.
– Хто? – коратка папытаў старшыня і, падобна было на тое, сам здагадаўся, бо адразу ж і мовіў. – Калі Чабаток просіць, то я ўжо тут.
– Ён, ён, – дзед Сёмка нацягнуў кепку.
Старшыня абапёрся рукамі на зруб, звесіў галаву, сустрэўся позіркам з траха разгубленым Чабатком:
– Ты чаго хацеў, цыркач?
Жонка Чабатка, скрыжаваўшы рукі на грудзях, слёзна ўздыхнула-выдыхнула:
– І калі ўжо ў краме перастануць гарэлку прадаваць?
Мужчыны дружна зашыкалі на кабету, і тая не рада была, што заікнулася пра гарэлку.
– Крама тут ні прычым, – заступіўся за мужчын і старшыня. – Злоўжываў твой гаспадар і пры сухім законе – бы з-пад зямлі даставаў пітво. Не ўмее піць – няхай смокча цераз анучку... самі ведаеце, што.
– А калі і ў краме не будзе, то знойдуцца ў нас бабы, якія любую краму пераплюнуць,– памяркоўна заўважыў нехта з мужчын. – Чымергесу накапаюць столькі, колькі ў Чабатковым калодзежы вады не будзе. Яны і цяпер не спяць у шапку. Шавеляцца. Так што, маладзіца, глядзі за сваім Чабатком, а нам кісларод не перакрывай, на галодны паёк, значыць, не садзі. Ясна?
Пацішэла. Старшыня ўсё яшчэ глядзеў на Чабатка, той на імгненне зніякавеў.
– Вылазь, дзядзька, з калодзежа, вылазь, не псуй ваду, – загадаў старшыня. – Не сорамна? Дзеці дарослыя ўжо. Сын начальнікам у горадзе, дачка ў нашай школе настаўніцай робіць, а бацька сорам згубіў – у калодзеж зашыўся. Як яна вось, дачка твая, дзеткам у вочы паглядзіць? Ты падумаў пра гэта, Мітрафанавіч?
Чабаток набраў паветра ў лёгкія і гыркнуў:
– Мой калодзеж!
Дзед Сёмка ад пачутага разявіў рот:
– Анціхрыст! Га? Чулі? Бачылі? Яго калодзеж! А цэбар як мяняць, то да мяне: Сёмка, зрабі, змайструй, выштукатуй. І журавель выстругай – таксама. Ды і як мы гэты калодзеж капалі, цябе і блізка не было, блазнюк. На другім канцы вёскі жыў тады. Прысвоіў калодзеж, паразіт, і вокам не міргнуў. Во як бывае. Наш калодзеж!
– Тое, што ты рабіў, дзед, усё правільна, – выплылі з калодзежа словы Чабатка. – Не пярэчу. Не маю права. Але я тут жыву. Таму і мой. Залезь хоць раз сюды, тады мянці. Залезь! Га, язык праглынуў? То-та і відаць! А там, наверсе, языком шлёгаць, нібы пугай, усе майстры вялікія. Адзін вучоны ў бочцы сядзеў... тэлевізар глядзець трэба... А я ў калодзежы сабе месца аблюбаваў. Хай бы той вучоны ў калодзеж залез. Не дадумаўся. Ды і куды яму, таму вучонаму, да Чабатка?!
– Во і пагавары з ім, – здаўся дзед Сёмка , махнуў рукой.
– Пакіньце яго аднаго, – параіў старшыня. – Няхай сядзіць! Паглядзім, колькі вытрымае. Герой! Хадземце адсюль, людзі.
Людзі паслухаліся старшыню, падаліся ад калодзежа, але іх спыніў глухі і патрабавальны голас Чабатка:
– Стаяць! Стаяць, я сказаў!
Знерухомелі, паглядзелі на старшыню: як паводзіць сябе – ісці, стаяць?
А Чабаток працягваў:
– Не для таго ў калодзеж залез, каб проста так даў вам разысціся, ядры ў корань. І старшыню не для таго заказваў. Старшыня, ты не ўвільвай. Ты набярыся мужнасці, цярпення і прымі мой ульціматум.
І ўсе зноў вярнуліся да калодзежа.
– Давай свой ультыматум, а то ў мяне няма больш часу назіраць за тваёй дурасцю, – звесіў, як і раней, галаву ў калодзеж старшыня.
– Не вылезу, пакуль не дасі мне цвёрдае слова кіраўніка... Мне і ўсім пенсіянерам, асабліва адзінокім бабам. Бабы, за вас заступаюся, ядры ў корань!.. Гэта тыя разы я ў калодзежы спяваў, горла дзёр. Хопіць быць салаўём. Хопіць! Не вылезу, пакуль не дасі слова. А ульціматум, ядры яго ў корань, такі. Запамінай. Ці запісвай. Хопіць з нас, пенсіянераў, хворых і нямоглых, па тры скуры здзіраць. Я пра што? А я пра тое, што як старшыня ты гаўно, самае сапраўднае. Што ёсць, што няма цябе... адна трасца.
Землякі адчулі сябе няёмка перад старшынёй, засарамаціліся Чабатковых слоў, пачырванеў крыху і сам старшыня, а яму, бачце, хоць бы хны – лапоча і лапоча:
– Квітанцыю на трактар, каб прывезці гной з фермы, я выпісаў. Нават, даруйце, два квіткі. Адзін – што заплаціў за трактар, другі, пазнейшым чыслом,-- за пагрузчык. Ты мне, Савельевіч, ядры тваю ў корань, сам падмахнуў на тых квітках... Было? Ці выплутала? Маўчыш? А што ты можаш сказаць, калі чыстая праўда? То- та ж! Грошы ўнёс у калгасную касу, як і паложана. А трактарысты заяўляюць: тое, што ты ў кантору аддаў грошы, нас не калыша. Плаці і яму. Купюрамі ці гарэлку давай. І называюць – колькі чаго. Дык дзе мы жывём? У якім обшчастві? І навошта нам тады такі задрыпаны старшыня, які не можа навесці парадак? Ды каб жа я хоць адзін такі быў. Нас жа процьма, ядры ў корань, такіх. Давай слова, што навядзеш парадак, што не дазволіш нас абскубаць, як стог сена. Іначай утаплюся.
Читать дальше