Людзі глядзелі на старшыню. Чабаток сказаў яму тое, што карцела сказаць і многім з іх, аднак не хапала смеласці, адвагі. Не было, вядома ж, той смеласці і ў Чабатка – гарэлка падштурхнула. Яна, спакусніца.
– Ён утопіцца,– хітра паглядзеў на старшыню дзед Сёмка. – Шкада чалавека. І дошак у калгасе няма сухіх. На дамавіну.
– Прымі яго ульціматум, старшыня,– папрасіла і жонка Чабатка. – Які ні мужык, а мужык. Ён калі не п’е, то добры.
Старшыня надыбіўся:
– А калі ён не п’е?
Жанчына развяла рукамі, зашамкала ротам, аднак ніхто ад яе ніякіх слоў не пачуў. Ды і што ёй было сказаць, калі чорнае яно і ёсць чорнае, як ты тое не называй? П’е. І дужа. Хоць з калодзежа і падаў быццам бы правільныя, цвярозыя думкі. Няма, няма ў калгасе парадку. Крыўдзяць гэтых старых, выпрацаваных людзей, маладзейшыя. Вось паказаць бы ім, нехрысцям, той калгас з адной ручной саломарэзкай і з адным кволенькім трактарком «Фардзонам», калі на працадзень клалі па пяць капеек, па жмені зерня і бульбы. А зарабі яшчэ той працадзень! А сёння яны – бач ты! – гані, бабуля, грошы ці пляшку, трасі сваю панчоху, старая. Нахабнікі!
Неяк узімку Чабаток вяртаўся на кані з суседняй вёскі , з Падгор’я. Было холадна, марозна і ветрана. Насоўваўся доўгі стылы зімовы вечар. Наперадзе бег Жук, сабака разумны і верны, быццам паказваў каню дарогу. І раптам ён шалёна забрахаў, конь адразу ж стаў на дыбкі. «Што такое?» – захваляваўся Чабаток, і ўбачыў на дарозе чалавека, які ляжаў прама перад канём, шырока раскінуўшы рукі. Ён подбегам кінуўся да яго, пазнаў: трактарыст Бублік. Так-сяк узвалок на санкі і, пакуль ехалі да вёскі, расціраў яму рукі, шчокі, нос. Дыхае, то будзе жыць. А калі і адмарозіў што, то не яго, Чабатка, віна. Прамым ходам да хаты Бубліка, паклікаў жонку, удваіх ледзьве давалаклі да ложку. Выратаваў чалавека. Дык вось той самы Бублік увесну прывёз Чабатку дошкі з піларамы, вытрас іх з прычэпа, Чабаток падзякаваў, а той топчацца перад гаспадаром, як усё роўна мядзведзь, калі хоча ў адхожнік. Чабаток яшчэ раз падзякаваў, на што пачуў кпін:
– «Дзякуй» не булькае.
Размацюгаўся тады не на жарт Чабаток, ух і начапляў ён на Бубліка ўсялякіх вострых слоўцаў. А дома, жонцы, за абедам гаварыў хваляпадобным голасам:
– Ці ёсць у людзей сумленне, баба?
– Мала ў каго,– пагаджалася жонка.
– Але ж ты помні, гад, што цябе ад вернай пагібелі выратаваў, Бублік засохлы. Калі б я трошкі пазней выехаў... то я б у яго, гада, сядзеў за сталом на памінках. А ён: «дзякуй» не булькае. Паразіт. Крывасмок. Ну, ці бачылі? Век дзякаваць мяне павінен... ці не так, баба?
– Так, так.
– І я кажу: так. Век дзякаваць павінен, а ён і не помніць нічога. Памяць у яго дзіравая, як рэшата. Хоць не памяць у яго дзіравая, а сумлення няма ні на грам. Вось і наладзь з такім жыццё. Не, я не цукар таксама. Але за свае п’ю... у асноўным. Магу цяпнуць і на дурніцу. Але каб мяне хто падабраў на марозе, я б на яго агародзе за бясплатна рабіў, пакуль мае пальцы слухаліся б, пакуль гнуліся б.
– Еш ужо, а то боршч пакалее, – кіўнула жонка на стол. – Ды пойдзем дошкі складзем. Няхай сохнуць.
Але Чабаток злосна шпурнуў на стол лыжку, устаў:
– Пайшлі, ядры іх!.. А бутэльку куплю... сам не вып’ю, а яму аднясу. Аднясу-у!
Бублік і ўзяў бутэльку гарэлкі. Нават вокам не міргнуў. Яшчэ і нагадаў:
– Калі зноў што трэба будзе, Чабаток, то звяртайся. Каго каго, а цябе выручу.
Аднак больш да яго Чабаток не звяртаўся, і чамусьці вельмі хацеў, каб той зноў трапіўся яму ўзімку на дарозе, каб ляжаў, як тады, з шырока раскінутымі рукамі і белым носам... Але, падумаўшы пра гэта, Чабаток адразу ж пляваўся і шкадаваў сябе, што ён усё роўна б так зрабіць не мог, каб не падабраць. Ніколі. Падабраў бы. І не толькі Бубліка – любую жывую істоту, якая б аказалася ў бядзе.
Цяпер вось, седзячы ў калодзежы, Чабаток чуе голас Бубліка:
– Ды што, старшыня, з ім цацкацца? За шкірку ды ў кутузку! На казённы харч! На мятлу! А то ў горадзе захламлена, як у нашым лесе.
На Бубліка, здаецца, зашыкалі? Так і ёсць. Чабаток абрадаваўся.
– Не, я вылезу, вылезу, падла!-- пачаў карабкацца ўверх Чабаток, але сарваўся – ведама ж, рукі натрудзіў, не слухаюцца, і плюхнуўся ў халодную ваду. – Вось цяпер я вылезу. Толькі трымайце таго гада, Бубліка засохлага! Трымайце. Старшыня, і ты не драпай. Ульціматум усё роўна застаўлю цябе прыняць. Хоць на моры, хоць на сушы. Эй вы, цягніце мяне-е! Я ў цэбар нагой залез. Давайце!
Што яго было цягнуць? Некалькі дужых мужчынскіх рук падхапілі журавель, і Чабаток выпырхнуў з калодзежа, бы з катапульты, і ў людзей, якія глядзелі на яго, падалося, адняло мову... Ён стаяў, мокры і смірны, нават і не думаў кідацца на Бубліка, не глядзеў і на старшыню. Ён глядзеў на ўсіх адразу, маленькія вочкі бегалі, мітусіліся, а ў выцягнутай руцэ трымаў утоплага чорнага ката. Строга спытаў:
Читать дальше