І многія іншыя вяскоўцы дзівіліся: здурнеў, не інакш, Мікіта, стажок паставіў прама на вуліцы – кароў людскіх дражніць толькі... Ды знойдуцца і такія, што і зусім прыбяруць яго да рук: што там яго ўскінуць на калёсы?
А Мікіта хехекнуў сабе ў канапляныя вусы, чухаў патыліцу раз-пораз, бы ўспомніўшы, што хворы, моршчыўся і войкаў, аднак людзям ахвотна паведамляў:
– Лячыцца буду. Спіну ломіць, а сена, ды яшчэ лугавіца, – лепшы доктар. А што да кароў, даражэнькія, то яны ў Мікіты дулю атрымаюць – як беглі міма майго двара, так і пранясуцца. Не адшчыкнуць. Не хвалюйцеся.
Назаўтра, ледзь пачало днець, Мікіта прадраў у стажку нару, сена, што выскуб, паклаў тут жа, перад лазам,– атрымаўся ніяк ганак,– і абапёршыся на яго рукамі, стаў ракам і задам, уставіўшы ў нару спярша адну нагу, потым другую, з крэктам пасунуўся ў яе. Неўзабаве адтуль тырчэла толькі галава старога, і ён нагадаў цяпер чарапаху ў панцыры.
– Усё ж залез? – цмокаючы і хітаючы галавой, узбурылася жонка, Варка. – І што ў цябе, у пня старога, у галаве? Што – не ведаю, не залезеш жа, як ты ў сена, але клёпак не хапае. Гэта ж трэба – у стог забрацца! Ды з цябе ж людзі смяяцца будуць.
Мікіта махнуў рукой на Варку:
– Ідзі і не сакачы. У мяне пачаўся сеанс, панімаеш, а ты можаш сапсаваць настрой і наробіш шкоды – увесь сеанс тады кату пад хвост. Зразумей. Паспачувай хвораму...
– Ды дзе ты бачыў, каб сена лячыла? – не дала даказаць яму Варка. – Каб лячыла, то не выраблялі б таблеткі, а кожнаму б далі па стогу... усе б і сядзелі ў стагах.
– Іш, размахнулася! На ўсіх, маладзіца, не хопіць стажкоў, – зручней уладкоўваючыся ў нары, заварушыўся Мікіта. – Калі ўсе будуць сядзець у сене, то коні і каровы загавеюць. Ад голаду. А стажок, я табе скажу,– для выбраных: такіх, як я. Ідзі ў хату!
Варка плюнула і схавалася ў двары.
На што разлічваў Мікіта, так яно і атрымалася: вёска была ўзнята на ногі.
– Чулі, Мікіта здурнеў? У стажок зашыўся, толькі макацёр тырчыць.
– І рукі!
– І рукі, так-так. У іх ён газетку трымае. Раёнку. Дагары нагамі.Сам бачыў.
– Дагары – гэта з твайго боку. А ён правільна трымае газету.
– Можа і так. У акулярах, брат. Як прахвесар.
– Калі захварэеш, то і брыдоту розную глытаць будзеш, а засунуць азадак у стог – бяды тае.
– Ды ці ён, Мікіта, хворы? Артыст!
Калі дзень пакаціўся на другую палавіну, Мікіта, распараны і лагодны, спаў у стозе. Скрозь сон быццам пачуў: «Спіць. Хай спіць. Не будзем турбаваць. Ды і лечыцца... Нельга яму піць». І Мікіта загадаў саба: прачнуцца, прачнуцца, прачнуцца! Атрымалася. Ён залыпаў вачыма, змахваючы рукой сена з твару:
– А, гэта вы, гвардзейцы?
– Мы,– адказаў сухарэбры Цімка.
– Хацелі прапанаваць табе, ды, бачым, нельга – на працэдурах,– развёў рукамі Смык і памацаў тое месца пад вокам, якое было сінім і, відаць, балела. – Самы разгар у цябе...
– Пацею, землячкі, пацею. А мокрая спіна, хоць ёй і не дужа прыемна, уцягвае лекі ад сухой травы з небывалай сілай,– баіў суседзям Мікіта і не зводзіў вачэй з адтапыранай штаніны Цімкі. – Магнітам. Ага.
– Ну, лячыся,– Смык наважыўся ісці і паглядзеў на Цімку.– Пайшлі, братан?
– Не-не-не!– Мікіта праглынуў даўкі камяк. – Мне якраз і можна... тое, што ў вас. Калі сенам лечышся, яно, халера, і лацвей, глынуўшы... Ага. Тады пацееш лепш. Не вам жа гаварыць. А ўвесь цымус лячэння – у паценні. Так што – можна. Ага!
Цімка забулькаў у шклянку і падаў Мікіту:
– Табе, хворы. У горадзе калі жыў, то там прафсаюз пасылаў праведаць хворага ў бальніцу. Пяць рублёў выдзяляў. На бутэльку хапала і на прысмакі. Жылі-і! А мы цябе, Мікіта, так праведаць рашылі. Самі. Пі, пі. Шклянка трэба.
– Ага! – Мікіта паднёс пітво да рота, але выпіць яму было не так проста, давялося павярнуцца на бок. Аднак не разліў – усё што было ў шклянцы, трапіла па прызначэнню. Да кроплі.
Праведаць старога прыходзілі і іншыя вяскоўцы – яго равеснікі і людзі маладзейшыя, нават тое-сёе прыносілі. То яблык, то сліву, а Макар купіў у краме бутэльку мінералкі і, раскаркаваўшы, падаў хвораму:
– Пі. Лячэбная. Напісана на этыкетцы багата чаго...
Ад дзяцей адбою таксама не было: так і стараліся, нехрысці, каб пашчакатаць травінкай каля носа дзеда. Варта было згубіць хоць на хвілінку яму пільнасць – і дзеці, задаволеныя, што Мікіта фыркае, ажно сліна ляціць у розныя бакі , смяяліся на ўсю вуліцу.
Мікіту адбіла ад дзятвы Варка. Яна, жанчына хоць і крыклівая, але мяккая і ўступлівая, прынесла яму вячэру, бо стары паабяцаў не вылазіць са стажка на ноч гледзячы: лячыцца дык лячыцца, сеанс павінен быць непрарыўным. «Так больш эфекту».
Читать дальше