– Ты б, Міця, частку грошай у мяне пакінуў, а то згубіш, калі нап’ешся,– параіла Мітуку Люба. – Глядзі. Маё дзела прапанаваць.
– Праўду кажа, – падаў голас Пецька.
Мітук задумаўся, паглядзеў на грошы, што трымаў у руцэ, паляпаў па кішэнях, махнуў:
– Схаваю дома так, што ніякая падла не знойдзе.
– Ён-та не валяецца, – зноў сказаў Пецька. – Будзе носам чэрціць па зямлі, але ідзе.
– Хай сам глядзіць.
У краме Мітук быў на першым плане. Частаваў кожнага, хто заглядваў туды.
– За Дзень шахцёра ! За мой дзень, Міхеевіч! Цётка Лёкса, вазьмі грам шахцёрскага зелля! Не пі дома – ту выпі! Выпі і ты, дзядзька Ахрэм! Не п’е толькі хворы! Частуйцеся-я-я!
Людзі, выпіўшы гарэлкі, весялелі і з крамы не спяшаліся, стаялі купкамі, гаманілі. Пра палітыку, пра новага старшыню калгаса, а больш хвалілі Мітука : бач ты, ён, аказваецца, анціхрыст, пенсіянер па шахце, а ўсе толькі кпілі з яго, п’яніца ды п’яніца. Які п’яніца столькі грошай заробіць? Дзе? А Мітук наш – чалавек заслужаны, калі такую добрую пенсію і так рана яму далі. Не абы-хто Мітук. Ведаць трэба.
Адкуль узяўся гармонік у краме, мала хто прыпомніць, але з ім стала яшчэ весялей – Мітук скакаў з рознымі выкрутасамі, падскокваў і выбрыкваў, зацягваў у танец кожнага, хто трапляўся пад руку. Ды і самі вяскоўцы, падагрэтыя ягоным частаваннем, гэцалі няблага.
– Танцуй, братва-а! – чулася Мітукова. – Сёння Дзень шахцёра! Сёння я выдаю на-гара! Я! Мітук! Што там не дакідаў, дакідаю тудака-а! Га? Смялей жа, смялей шавяліце батонамі, бабы! Мужыкі, а вы чаго загаруніліся? Ці мала выпілі? То давайце дабавім! Ёсць грошы! Капаў глыбока! Не думайце! Ёсць, маць іх за нагу!..
Мітук стомлена тупаў да прылаўка, дзе асалавелымі вачыма лыпаў на яго прадавец Зміцер, бязногі і пакорлівы, кідаў грошы на прылавак:
– Дзве. І цукерак зваж. Адкрывай і кансерву.
– Зразумеў, зразумеў, Міцька. І мне яшчэ капнеш?
– І табе. Гуляй, дзярэўня-я!
Калі пачало вечарэць, Мітук паклыпаў, хістаючыся, да хаты Шарабода. Ён толькі цяпер успомніў, што той не быў на свяце, і палічыў гэта за непарадак, амаль як за абразу. Брама ў брыгадзіра была ўжо на зашчапцы. Мітук загрукаў кулаком.
– Хто там? – пачуў халодны голас Шарабода.
– Свае, адчыняй!
– Што трэба? – незадаволена прабурчэў брыгадзір. – Чаго брындаеш па начах? Ідзі праспіся! П’яны ж!
– А каб цвярозы быў, я б да цябе і не пайшоў!– сказаў Мітук. – Пад дулам не пайшоў бы! Ты хамло! Я табе зараз мінімум аддам, прынёс. Прынёс табе, Шарабод, мінімум. Дык адчыніш ці не? Адчыняй, сказаў! Ну-у! Дзе тут які адбойны малаток?
З-за брамы брыгадзір пагрозліва гаварыў няпрошанаму госцю:
– Па-харошаму, Міця, ідзі спаць. Будзеш ерапеніцца, паклічу ўчастковага.
– Каго-каго?--хехекнуў і перапытаў Мітук. – Участковага? Гэта таго недакурка? Гэта таго аблезлага? Ды я на шахце пенсію ўжо зарабляў, а яго і ў праекце не было. І ты мяне тым недадзеланым палохаеш?
– Ідзі, Міця, ідзі дахаты.
– Пайшоў ты! Дык што, мінімум мой не возьмеш? Адчыняй. Станаві на стол закуску і мы мой мінімум апрыходуем.
На здзіўленне брама прарыпела, і Шарабод дыхнуў у твар Мітуку цеплынёй:
– Праходзь ужо, ад цябе не адвяжашся.
Мітук набухторыў брыгадзіру поўную шклянку – да беражкоў, дыхні – расплешчацца, а сабе трошкі, бо ўжо, відаць, і так не ведае, што рабіў.
– Жлукці мой мінімум!– загадаў Мітук.
Выпілі. Закурылі. Шарабод даканаў бутэльку, можна сказаць, адзін, сядзеў на зэдліку, дакараў сябе, што абяцаў Мітуку абрэзаць пляц і не даць каня.
– Хто ж знаў, ета самае, Міцька! Хто ж ведаў!– казаў ён, хітаючы лысай галавою.– А ты... вось хто ты! Мяне нават абскакаў.
– Абскакаў. І дзелаць нечага. А мог бы табе... а як ты думаў, міраед... і мыцельнік нацерці сёння – за тое, што дакучаў сваім мінімумам і страшыў ЛТП. Ды не буду. Не хачу марацца. Прашчаю.
– Хто ж ведаў-знаў?– адчуваў сябе мулка на зэдліку Шарабод, ёрзаў.—А і добра, што ўсё так кончылася. Цяпер у мяне да цябе прэтэнзіяў аніякіх.
– Яшчэ б!
– Ты вось толькі, Мітук, да Веры маёй больш не чапляйся. Хворая яна. У бальніцу зноў адвёз.
– Перадавай прывет.
– Не чапляйся, Мітук! Пакінь нас у спакоі! У нас жа ўжо ўнукі!
Мітук устаў, узяў на стале кавалак хлеба, запіхнуў у кішэню.
– Куранёнку. Усіх накарміў і напаіў, а пра яго ледзь не забыўся.
– Дык ты чуеш, Мітук? Ці не? Наконт маёй жонкі ты чуеш? – Шарабод пацягнуў яго за рукаў.
– Паслухай, брыгадзір!– хістаючыся, Мітук паківаў непаслухмяным пальцам, ікнуў.– Ёй падабаецца, табе не... Ды разбярыцеся вы ў рэшце рэшт у сваёй сям’і самі. Самі. З вока на вока. Што за сям’я ў вас? Быццам бы інцялягентная. Ёй, значыць, падабаецца, што тады-сяды прыцісне Мітук, а яму, бачыце вы, не. Разбярыцеся. А я – пайшоў. Больш мяне будзіць, Шарабод, не маеш права такога. Шахцёрскі пенсіянер я.
Читать дальше