Я: што (ці каго) ты ненавідзіш больш за ўсё на сьвеце?
Колік (мой брат): дазіральнікаў!
Колік прысеў на кукішкі, растапырыў пальцы левае рукі на падлозе і хутка-хутка тыкае ножыкам паміж імі. Важна не параніцца. Напэўна, дазіральнікі кепска даглядалі яго ў турме, білі, кідалі ў халодны карцар, адбіралі цыгарэты.
Я: што (ці каго) ты ненавідзіш больш за ўсё на сьвеце?
Хуліё (мой брат): губную памаду!
Хуліё закрыў далоньню слухаўку, каб адказаць мне, а зараз ізноў палка шэпча ў яе: жар прадчуваньня! прага жаданьня! асалода зьліцьця! Чаму ён ненавідзіць губную памаду? Гэта наогул незразумела! Ён махае мне, каб я сышоў.
Я: што (ці каго) ты ненавідзіш больш за ўсё на сьвеце?
Валік (мой брат): прафэсійных дэкляматараў!
Не, ніяк не магчыма ўтрымацца і не парушыць кодэкс праўдзівага статыстыка!
Я: але за што ты ненавідзіш прафэсійных дэкляматараў?
Валік (гнеўна): за тое, што гэтыя людзі ня ведаюць сораму! сваім мярзотна-аксамітным барытонам яны афарбоўваюць у высакароднасьць самыя лядашчыя вершыкі! з роўна-бессэнсоўнай ўдумлівасьцю чытаюць і рэклямныя слоганы, і найвялікшых паэтаў! пустышкі, падлы, курвы! ненавіджу ўсёй душою!
Тупік. Як можна зьбіраць статыстыку, калі ўсе адказы абсалютна розныя?
Але я не адчайваўся і яшчэ доўга марыў быць статыстыкам.
72. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра Амэрыку
Калі мы былі маленькія, мы вельмі хацелі жыць у Амэрыцы. Мы ўяўлялі яе па фільмах Д. Лукаса і Д. Лінча. І вось аднойчы мы пастанавілі, што чакаць больш няма чаго, што час надышоў, і паехалі на трамваі-тройцы ў амэрыканскую амбасаду. Паслы як раз елі кавун. Нас таксама пачаставалі кавуном і запрасілі ў кабінэт. Ну? – сказалі яны. Я вырасту і буду вельмі добрым праграмаром, – сказаў Толік. Бо мы ведалі, што іх трэба чымсьці зацікавіць, а ня проста так. Праграмаром? А што ты ўмееш рабіць? Я добра лічу! Толік прад'явіў ім дзёньнік з выдатнымі адзнакамі, а потым, каб давесьці, узяў аркушык і памножыў у слупок, і падзяліў, і склаў дробы. Але яны паматлялі галовамі – ня ўразіла. Я вырасту і буду вядомым прадусарам... ці хаця б мастаком, – сказаў тады Валік. Сапраўды? Валік паказаў ім свой алоўкавы пэйзаж, на якім тата стрыг газон. Але ніхто зь іх нават не працягнуў рукі, каб паглядзець бліжэй. Тады ўстаў Хуліё і прасьпяваў ім песьню, усьміхаючыся і падморгваючы, а мы пляскалі і тупалі ў такт. Ён намагаўся з усіх сілаў, і калі б яны былі дзяўчаты, ім бы сапраўды спадабалася, але яны былі лысыя саракагадовыя дзядзькі, без усялякіх штучак, і яны толькі паківалі галовамі. Шанцаў заставалася ўжо мала! Я – былы вязень і прашу палітычнага прытулку, – сказаў тады Коліку, – я быў у калёніі! А па якім артыкуле? Колік назваў. Ты спазьніўся на трыста гадоў, крымінальнікаў мы больш не бярэм! Толькі прыстойных людзей! І тады я роспачна сказаў: вазьміце нас на ворганы. Сьвежыя дзіцячыя ворганы, сама выдатнае якасьці! Паслы пераглянуліся і некаторы час пільна пазіралі на нас, нібы ў задуменьні. Але потым раптам напусьцілі на сябе злосны выгляд, быццам мы ім ужо надакучылі. Яны справодзілі нас, прыгаворваючы, што мы ёлупы, і нас ня тое што ў Амэрыку, нас нават у трамвай нельга пускаць. Ідзіце, ідзіце, і каб мы вас больш тутака ня бачылі! Мы выйшлі, селі ля дзьвярэй і, не змаўляючыся, горка заплакалі – але не таму што нас ня ўзялі, а таму што нам зрабілася шкада нашых далікатных ворганаў. І з тых часоў мы больш аніколі не хацелі жыць у Амэрыцы.
73. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра сухары
Калі сыноптыкі абяцалі некалькі сонечных дзён запар, тата выпраўляўся ў гастраном, купляў тры-чатыры булкі чорнага хлеба і наразаў яго роўнымі лустамі на садовым століку.
– Але татухна, няўжо ты сапраўды мяркуеш, што?..
– Так, – рахмана адказваў ён.
Тата нацягваў над хлебам танюткую белую марлю, каб не садзіліся мушкі.
– Так, у кожны момант можа пачацца, – казаў тата. – Вы проста мала чаго ў жыцьці бачылі, дзеткі.
Уночы тата раз-пораз падымаўся і правяраў сыноптыкаў – а раптам усё ж такі зьбіраецца дождж?
74. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра абурэньне
Аднойчы ноччу, ужо ў ложку, у поўнай цішыні, Колік зьнянацку сказаў: «Вы абураецеся?..» Мы зусім не абураліся і, рыпнуўшы матрацамі, зьдзіўлена павярнуліся да яго, і ён працягваў. «Вы абураецеся?.. Вы ўзмучоныя тым, што вашыя мэты і жаданьні – зусім ня вашыя? Што яны абумоўленыя інстынктамі, спадчыннасьцю, комплексамі, выхаваньнем, соцыюмам, рэклямай, разьмяшчэньнем зорак нарэшце? Але ці ня ўсё роўна? Калі б вашыя, запраўды вашыя жаданьні й існавалі, хіба ня былі б яны такімі ж дурнымі і нікчэмнымі?» Мы ляжалі і думалі ў чорную столь. Што нам было адказваць? Мы не варушыліся і рабілі выгляд, што сьпім. Але Колік усхваляваўся – ён падыходзіў да кожнага з нас і трос за плечы, патрабуючы адказу. Ягоны голас пачынаў перарывацца і ўздрыгваць, і мы разумелі, што ён вось-вось сарвецца. Мы спынілі прыкідвацца, усталі і абнялі яго; зламаўшы слабы супраціў, паклалі пад коўдру. Мы расьселіся вакол і пяшчотна суцяшалі яго: «Не такія ўжо й дрэнныя нашыя жаданьні, не такія ўжо і нізкія інстынкты, не такая ўжо і пагарджаная спадчыннасьць». Мы падтыквалі коўдру вакол азглелага худзенькага цела і гладзілі яго па нагах, як ён любіў: «Сьпі, братка Колю... сьпі... а заўтра рана-раненька пойдзем на возера, глядзець вугроў». Ён супакоіўся, аціх, і мы, змоўкшы, прыслухоўваліся да ягонага подыху. Дазволіўшы на хвілінку разьвіцца слабому сумневу, мы шукалі ў сабе гэнае абурэньне і не знаходзілі. Але як толькі мы падняліся і пайшлі да ложачкаў, Колік сеў і папрасіў: «Паабурайцеся са мной, хоць бы трошачкі!» І мы раптам пагадзіліся, нечакана лёгка! Мы вярнуліся і абурыліся з усім запалам і лютасьцю, на якія толькі былі здольныя. Мы лаяліся, рыкалі, тупалі нагамі і пагражалі зьнесьці, зруйнаваць, зьнішчыць, спапяліць адным толькі поглядам! Мы трэсьліся, кідаліся і ўзьнімалі да столі гнеўныя кулакі: о, як мы разьюшыліся! Колік прыкметна павесялеў – ён завінуўся ў коўдру і заўзята пад'южваў нас, пабліскваючы вачыма. «Дык вось чаго ты на самой справе жадаў, Колю? Каб мы буянілі і ярыліся?» – падміргвалі мы яму на хаду. «Так», – кіўнуў ён з усьмешкай. І мы працягнулі скакаць і кружыцца па пакоі, пакуль зьнізу не застукала па батарэі мама.
Читать дальше