Хутка мчаў “жыгулёнак”, а думкі ляцелі яшчэ хутчэй. Багата пра што паспеў падумаць Пятро Махавікоў за няпоўную гадзіну дарогі. Даехаў хутка. Ціха ўзрадаваўся, што ў двары яго любімае месца было вольнае. Машына будзе стаяць, як пані, у цяньку маладой купчастай бярозы. Напрыканцы дня ён пасадзіць жонку, дачушку і паедуць у вёску, якая ўжо зрабілася роднай. Што ж, калі напраўду родныя Хатынічы апынуліся ў чарнобылькай зоне, дый далёка яны — часта не наездзішся.
Ева ўжо збіралася на працу, Ірынка моцна спала. Пятру захацелася пацалаваць ейны тварык, але пабаяўся пабудзіць.
— Ты памідоры паліваў? Ці забыўся? — як заўсёды, спытала Ева.
— Мілачка мая, ну, канешне! А хто ж будзе паліваць апрача мяне? Гуркі пасохлі. Што зробіш, канец жніўня. Некаторыя яшчэ зялёныя. Сёння была вельмі густая раса. Для гуркоў гэта добра, а для памідораў не дужа.
Выпілі па кубачку кавы. Пятро правёў Еву да тралейбуснага прыпынку, потым сам праз лясок пабег на возера. Вада была ўжо даволі халодная, затое прыдавала болей бадзёрасці, імпэту. Назад бег з лёгкасцю, хораша ўгрэўся. Вось табе курорт, падумаў у лесе, не трэба ехаць да Чорнага мора, цэны шалёныя, пуцёвак не дакупіцца. Хата ў вёсцы, праца на градках у вольны час, каб толькі без надрыву, і каб не было болей ГКЧП, ды зарплата большая, то й жыць можна.
Калі вярнуўся дамоў, дачка па-ранейшаму спала, падклаўшы руку пад галаву, адно павярнулася да сцяны.
Ён прыняў душ і толькі выйшаў з ваннага пакою, як азваўся тэлефон. Па звычцы зірнуў на гадзіннік, які стаяў каля тэлефона, — была палова дзесятай.
— Здароў, Пятро Захаравіч! Я так і знаў, што прыкоціш сёння. Не выседзіш у вёсцы, — пачуўся хрыплаваты голас яго намесніка Яўгена.
— А што здарылася? — Пятро хоць і быў у законным адпачынку, але ўсё роўна часта думаў пра сваю рэдакцыю.
— Ну, ты ж ведаеш сітуацыю. Хунту арыштавалі. Усе ў нас выходзяць з партыі.
— Як усе? І ты, парторг, таксама?
— А што я лысы? Адзін у полі не воін. Галоўны рэжысёр наш учора кінуў партбілет на стол. Хто выходзіць з партыі, хто прыпыняе членства. Карацей, сёння партсход у тры гадзіны. Прыходзь.
Пятро слухаў і не мог паверыць вушам, хоць і разумеў, што ўсё ішло да гэтага, але каб так хутка і рэзка ўсё павярнулася, такога развіцця падзей не чакаў. Але ісці на сход не было ніякага жадання. Дый дзеля чаго? Кідаць партбілет на стол ён не збіраўся, пісаць заяву аб выхадзе — таксама.
— Мусіць, на сход не прыйду. Ну, што ж, і я тады прыпыняю членства, як ты кажаш. Вось і дакаціліся. Ну, а якія навіны на студыі?
— Якія навіны? Усе навіны ідуць з Масквы. Наш парламент заўтра пачне засядаць. Там будзе драчка... А на студыі ціха. Ты ж праграму бачыш. Нашых перадач не ставяць. Ну, адпачывай. Пра гэта не думай. Ці ёсць грыбы?
Пятро пахваліўся, што на днях назбіраў паўкаша адных баравікоў. Намеснік шумна ўздыхнуў у трубку, прамовіў:
— Ну, можа, у верасні і на маю долю нешта вырасце ў лесе. Калі не баравікі, дык зялёнкі ды рыжыкі.
На гэтым развіталіся. Пятро паклаў трубку і стаяў, быццам у здранцвенні. Рой думак узвіхрыўся ў галаве. Амаль трыццаць гадоў быў ён у партыі. Міжволі ўсплыло з памяці, як некалі ўступаў у кандыдаты ў лётным вучылішчы, як хваляваўся. А колькі разоў выступаў з дакладамі на сходах, колькі пісаў пратаколаў! І ўсё кату пад хвост. Колькі ўзносаў плаціў, колькі часу празасядаў! Але каб не быў членам партыі, не прызначылі б галоўным рэдактарам. Гэта цяпер кіраваць літаратурна-драматычнай рэдакцыяй прызначылі беспартыйную паэтку.
І яшчэ мільганула думка: можа, гэтая заваруха ў Маскве і рабілася дзеля таго, каб абвінаваціць партыю ў дзяржаўным перавароце дый разагнаць. Пятро сам спалохаўся крамольнай думкі.
Ён згатаваў моцнага чаю, другі раз, цяпер ужо з дачкою, паснедаў. Яна сказала, што пойдзе з сяброўкамі ў Батанічны сад.
— Гэта вельмі добра. Цяпер там мора кветак.
— Кажуць, там лебедзі паявіліся.
— Вазьмі з сабой блакноцік. Што зацікавіць — запішы.
Зноў зазвінеў тэлефон: сяброўкі клікалі Іру ў свой гурт.
Адправіў дачку і адразу пацягнуўся да дыпламата, які вазіў і ў вёску: кніжку якую пакласці зручна ў яг, пляшку піва ці чаго мацнейшага. Вазіў у ім і свой дзённік, у якім часам рабіў запісы. Але тут гэткія падзеі! І нядаўні званок са студыі. Вось ён ужо і беспартыйны, хай сабе — часова, а можа, і назаўсёды.
Разгарнуў дзённік — тоўсты сшытак у цвёрдай вішнёвай вокладцы. Для разгону захацелася пачытаць учарашні запіс.
22 жніўня, чацвер. ГКЧП ляснуўся. Прыгадваю тую раніцу, 19-га, нечаканае паведамленне, быццам камень з гары, потым канцэрт “Вижу чудное приволье…” А сёння гэкачэпісты ўжо арыштаваны. Нават пераварот не маглі зрабіць. Ельцын заявіў, што генерал-маёр, камандзір Тульскай дывізіі, якому было загадана захапіць Вярхоўны Савет Расіі і яго, Ельцына, замест гэтага загадаў абараняць будынак, парламент, адкуль вяла перадачы радыёстанцыя... Усё прагніло, калі КДБ, армія, міліцыя — усе тры сілавыя міністры аказаліся бяссільныя, не змаглі зрабіць пераварот. Слабакі! А народ мог бы падтрымаць іх, бо на рэферэндуме большасць выказалася за Саюз. Ведаючы гэта, маглі дзейнічаць рашуча, а ў іх рукі трэсліся, быццам пасля моцнага перапою. А мо яно так і было?
Читать дальше