Для Лаймэна гэта быў неспакойны дзень, і яго тварык увесь перакрывіўся і выцягнуўся ад хвалявання. Прыхапіўшы з сабой яды, ён выправіўся на пошукі сурка — праз гадзіну вярнуўся ўжо з пустой кайстрай і аб’явіў, што сурок бачыў свой цень і што іх чакае дрэннае надвор’е. Паколькі міс Амелія і Марвін Мэйсі адпачывалі, набіраючыся сілы, а гарбуну не было чаго рабіць, ён вырашыў пафарбаваць ганак. Апошні раз дом фарбавалі шмат гадоў назад — па праўдзе кажучы, адзін бог ведае, ці фарбавалі яго калі-небудзь наогул. Гарбун сеў на кукішкі, і хутка палова падлогі ганка была пафарбаваная ў вясёлы зялёны колер. Гэта была больш пэцканіна, чым работа, і неўзабаве ён увесь — з галавы да ног — быў у фарбе. I, як заўсёды, не паспеўшы скончыць падлогу, узяўся за сцены і вадзіў па іх пэндзлем, пакуль мог дастаць рукой. Потым падставіў пад ногі скрыню і падмаляваў сцены яшчэ на фут вышэй. Калі фарба скончылася, правы бок ганка быў ярка-зялёны, а на сцяне была намалявана вялізная пляма. Але Лаймэн кінуў усё, як было.
Ён займаўся гэтай справай з нейкім дзіцячым захапленнем. Дарэчы, тут варта нагадаць адзін цікавы момант. Ніхто ў горадзе, нават міс Амелія, не ведаў узросту гарбуна. Адны сцвярджалі, што, калі ён прыйшоў у горад, ён быў зусім малы — дзіця гадоў дванаццаці — не больш. На думку іншых, яму было ўжо за сорак. Ягоныя вочы былі блакітныя і спакойныя, як у дзіцяці, але пад імі ляжалі зусім не дзіцячыя ліловыя цені. Нельга было вызначыць узрост і па яго недарэчным перакрыўленым целе. Нават па зубах не было відаць, колькі яму на самой справе гадоў — усе зубы былі цэлыя (апрача двух, абламаных аб арэхавую шкарлупіну), але настолькі зжаўцелі ад любімай салодкай сумесі, што па іх цяжка было пазнаць узрост гарбуна. Калі ж у яго пыталіся пра гэта, ён прыкідваўся, што не ведае, колькі гадоў жыве на свеце — сто ці дзесяць! Таму яго ўзрост заставаўся таямніцай.
Лаймэн скончыў маляванне а палове шостай. Пад вечар пахаладнела, паветра патыхала вільгаццю. Узняўся вецер, зашумелі сосны ў лесе, заляпалі аканіцы, над дарогай праляцела старая газета і, зачапіўшыся за куст, павісла на калючых галінах. З усяго наваколля пачалі збірацца людзі: па дарозе чарадой ехалі аўтамабілі, поўныя пасажыраў. З іх вокан высоўваліся дзіцячыя галовы. Старыя мулы, жмурачы з кіслай мызай стомленыя вочы, цягнулі вялізныя фуры. З Сасаеці-Сіці прыехалі тры хлопцы, падобныя адзін да аднаго як блізняты — у жоўтых віскозных кашулях і кепках брылямі назад. Іх часта бачылі на пеўневых баях і царкоўных сходах. У шэсць гадзін на фабрыцы прагудзеў гудок, абвясціўшы канец рабочай змены, і хутка ўсе гледачы былі ў зборы. Сярод прышлых людзей былі, вядома, і бадзягі, і прайдзісветы, але, тым не менш, у натоўпе панавала цішыня. У маўклівым горадзе, шэрым ад святла прымерклага дня, твары людзей дзіўным чынам перамяніліся. Цемра паволі ахінала ўсё навокал; на нейкі момант неба яшчэ заставалася ясна-жоўтае, на яго фоне выразна вылучаўся абрыс царквы. Потым святло ў небе паволі згасла, вячэрні змрок ператварыўся ў начную цемру.
Сем — магічная лічба, яе вельмі шанавала і міс Амелія. Ад ікаўкі — выпіць сем глыткоў вады, у выпадку расцяжэння мышцаў на шыі — сем разоў прабегчы вакол става каля фабрыкі, ад глістоў — сем порцый «цуду», прыгатаванага па рэцэпце міс Амеліі. Усе яе лекі былі звязаны з гэтай лічбай. Сем — лічба, што спалучае ў сабе самыя розныя магчымасці, і ўсе прыхільнікі таемнасці і чараўніцтва шануюць гэтую лічбу. Таму і бойка мелася адбыцца ў сем гадзін. I хоць ніхто не рабіў ніякай абвесткі, усе гэта ведалі і ўспрымалі як з’яву, такую ж натуральную, як дождж ці балотны смурод. Такім чынам, а сёмай гадзіне ўсе з суровым выглядам стаялі каля дома міс Амеліі. Самыядасціпныя зайшлі ў кафэ і пасталі каля сцен. Астатнія тоўпіліся на ганку ці знайшлі сабе месца ў двары.
Міс Амелія і Марвін Мэйсі пакуль не паказваліся. Адлежаўшы палову дня на лаўцы ў канторы, міс Амелія пайшла на другі паверх. Затое Лаймэн увесь час мазоліў вочы, праціскаючыся праз натоўп, пстрыкаючы нервова пальцамі і лыпаючы вачыма. Без адной мінуты сем ён пралез праз натоўп у кафэ і ўскочыў на прылавак. Пакуль што ўсё было спакойна.
Відаць, усё было нейкім чынам абгаворана загадзя. Як толькі гадзіннік адбіў сем, міс Амелія паказалася на лесвіцы. У той самы момант да кафэ падышоў і Марвін Мэйсі. Натоўп моўчкі расступіўся, прапускаючы яго наперад. Сціснуўшы кулакі, яны нібы лунацікі паволі ішлі адно насустрач аднаму. Міс Амелія паспела пераадзецца, змяніўшы чырвоную сукенку на камбінезон і закасаўшы калашыны да каленяў. Яна выйшла босая, а на правую руку пачапіла сталёвы бранзалет. Марвін Мэйсі таксама закасаў калашыны. Ён быў без кашулі, густа намазаны тлушчам і абуты ў цяжкія чаравікі, якія ён атрымаў, выходзячы з турмы. З натоўпу выйшаў Стампі Мак-Фэйл і правай рукой паляпаў абаіх па кішэнях, правяраючы, ці не схаваны там нажы. Нарэшце яны засталіся ўдваіх пасярод ярка асветленага кафэ.
Читать дальше