Тут ён заплакаў і пачаў цалаваць мне то адну, то другую руку.
— Я ўсё вам раскажу, пра што б вы ні хацелі даведацца. Толькі, калі ласка, зойдзем вунь туды, у бакавую вулачку.
Я моўчкі згадзіўся, і мы пайшлі туды.
Але прыцемак завулка, уздоўж якога далёка адзін ад аднаго жоўта мігцелі ліхтары, яму не спадабаўся, і ён пацягнуў мяне ў невысокую падваротню старога дома. Мы спыніліся каля вялікай свяцільні, з якой кроплямі цёк алей.
Ён паважна выцягнуў з кішэні насоўку і, абапёршыся нагой на прыступку лесвіцы, сказаў:
— Сядайце, васпане. Гэтак вам будзе зручней пытацца. А я буду стаяць: мне так лягчэй будзе даваць адказы. Толькі не трэба мяне цвяліць.
Я сеў на прыступку і, прыжмурыўшыся, сказаў:
— Вы сапраўдны вар'ят, вось хто вы! Як вы сябе паводзіце ў царкве? Як прыкра і непрыемна робіцца кожнаму, хто гэта бачыць! Ці ж магчыма цалкам аддавацца набажэнству, калі вы перад вачыма?!
Ён прыціснуўся ўсім целам да сцяны, адно ягоная галава матлялася ў паветры.
— Не трэба злаваць. Навошта вам злаваць з-за рэчаў, якія вас не закранаюць? Я злую на сябе, калі раблю ўсё нязграбна, але калі дрэнна сябе паводзіць хтосьці іншы, я толькі рады гэтаму. Вам няма чаго злаваць, я павінен сказаць вам, што рабіць так, каб людзі на мяне глядзелі, ёсць мэта майго жыцця.
— Што гэта вы кажаце! — ускрыкнуў я занадта гучна як на гэты калідорчык, але пасля ўжо баяўся гаварыць цішэй. — Напраўду, што вы там сказалі? Ну, вядома, я падазраю... я падазраваў, убачыўшы вас яшчэ першы раз, што ў вас такое... У мяне ёсць пэўны вопыт, і гэта зусім не жарт, калі я называю гэта марской хваробай на сушы. Сутнасць гэтае хваробы ў тым, што вы забыліся на сапраўдныя імены рэчаў і цяпер на хаду сыплеце на іх першыя-лепшыя назвы. Каб толькі хутчэй, толькі б хутчэй! Але не паспееце вы ад іх уцячы, як зноўку забываецеся на іх імены. Таполя ў бязмежжы палёў,— якую вы назвалі Вавілонскаю вежаю, бо не ведалі альбо не хацелі ведаць, што гэта была таполя,— зноў гайдаецца безназоўная, і вам трэба было б назваць яе «п’яным Ноем».
Я трохі збянтэжыўся, калі ён сказаў:
— Я рады, што не зразумеў, пра што вы гаварылі.
Хвалюючыся, я адказаў хутка:
— Тое, што вы ўзрадаваліся,— гэта доказ таго, што вы ўсё зразумелі.
— Ведама ж, гэта — доказ... але і вы гаварылі дзіўна, згадзіцеся.
Я абаперся рукамі аб верхнюю прыступку, адкінуўся і ў гэтай амаль непрыступнай позе, позе барца ў самы небяспечны момант паядынку, спытаўся:
— Вы ратуеце сябе цікавым спосабам, даючы іншым меркаваць пра ваш стан, ці так?
Тут ён пасмялеў. Сашчапіўшы рукі, каб адчуваць сябе адзіным цэлым, ён з пэўным пярэчаннем адказаў:
— Не. Я раблю гэта ў дачыненні не да кожнага і не да вас, напрыклад, бо я гэтага не ўмею. Але я б хацеў умець: тады ўвага людзей у царкве мне была б зусім непатрэбная. Ведаеце, навошта яна мне?
Гэтае пытанне зрабіла мяне бездапаможным. Пэўна, я гэтага не ведаў і, як мне здаецца, зусім не хацеў ведаць. Мне ж нават і не карцела сюды прыходзіць, сказаў я тады сам сабе, ды гэты чалавек прымусіў выслухаць яго. I мне ўжо было трэба адно што адмоўна матлянуць галавою, але я не змог ёю нават паварушыць.
Чалавек, які стаяў насупраць, усміхнуўся. Потым ён прысеў на адно калена і пачаў санліва мармытаць:
— Яшчэ ніколі не было такой хвіліны, каб я быў перакананы, што я жыву. Навакольныя рэчы ўспрымаюцца мною так няпэўна, што мне ўвесь час мроіцца, нібыта гэтыя рэчы колісь жылі, а цяпер яны правальваюцца, знікаюць. Заўсёды, васпане, я б хацеў бачыць рэчы такімі, якімі яны хочуць сябе паказаць,— перш чым яны сапраўды робяць гэта. Відаць, яны тады прыгожыя і спакойныя. Мусяць быць такімі, бо я часцяком чую, як людзі гэтак кажуць пра іх.
Я нічога не адказаў, і толькі міжвольнае торганне майго твару выдавала, як мне было непамысна. Таму ён спытаў:
— Вы што, не верыце, што людзі гэтак кажуць?
Я хацеў кіўнуць галавою, ды не здолеў.
— Вы сапраўды не верыце? Дык паслухайце! Яшчэ ў маленстве, калі я расплюшчыў вочы пасля кароткага паўдзённага сну, не прачнуўшыся як след, я чуў, як маці звыклым голасам пыталася ў кагосьці з балкона: «Што вы робіце, даражэнькая? Сёння ж так горача». I аднекуль з саду адказвала жанчына: «Я палудную тут у садзе». Яны размаўлялі не раздумваючы і не надта каб разборліва, нібыта ўсім загадзя было вядома, пра што яны збіраюцца гаварыць.
Мне падалося, што гэта было пытанне, і я засунуў руку ў заднюю кішэню, быццам штосьці шукаючы. Але я нічога не шукаў, а толькі хацеў сваім выглядам паказаць, што ўдзельнічаю ў размове. Я сказаў, што гэты выпадак і праўда дзіўны, і яго ніяк не магу растлумачыць. Я дадаў, што ўвогуле не веру ў праўдзівасць гэтага выпадку і што мой партнер, маючы пэўную мэту, якой я ні ў якім разе не магу зразумець, усё гэта, відаць, прыдумаў. Пасля я заплюшчыў вочы, бо яны мне балелі.
Читать дальше