Дагэтуль быў паказаны толькі апарат Леблана. Цяпер, аднак, паяўляецца апарат, на якім Блер’ё пераляцеў канал; ніхто гэтага не казаў — усе гэта ведаюць. Доўгая паўза, і Блер’ё ў паветры; над крыламі відна яго выпрастаная верхняя частка тулава; ногі яго глыбока ўнутры, нібы частка механізму. Сонца апусцілася, з-пад балдахіна трыбун яно асвятляе крылы, што гайдаюцца ў паветры. Усе аддана глядзяць уверх, на яго; ні ў адным сэрцы няма месца для іншага. Ён апісвае невялікае кола і потым з’яўляецца амаль што проста над намі. З выцягнутымі шыямі ўсе глядзяць, як манаплан пачынае калывацца, потым Блер'ё бярэ яго пад кантроль і нават падымаецца яшчэ вышэй. Што ж такое адбываецца? Тут, угары, дваццаць метраў над зямлёю, чалавек, ва ўладзе драўлянай спаруды, бароніцца ад добраахвотна ўзятай на сябе нябачнай небяспекі. Але мы стаім унізе, адцесненыя зусім назад, нібы здані, і глядзім на гэтага чалавека.
Усё праходзіць добра. Адначасна з сігнальнай мачты засведчваецца, што надвор'е зрабілася больш спрыяльным і Кёртыс паляціць, спаборнічаючы за Вялікі прыз Брэшыі. Значыць, усё-такі адбудзецца? Мы не паспяваем яшчэ прыйсці да адзінай думкі наконт гэтага, як матор Кёртысавага апарата ўжо раве; не паспяваем глянуць у ягоны бок, як ён ужо ляціць прэч ад нас, ляціць над роўняддзю, што павялічваецца перад ім, у бок далёкіх лясоў, якія, здаецца, цяпер толькі пачынаюць уздымацца ўгору. Палёт над тымі лясамі працягваецца доўга; аэраплан знікае; мы бачым лясы — не яго. За дамамі, Бог ведае дзе, ён паяўляецца зноў, на той, што і раней, вышыні; імчыцца насустрач; калі ён падымаецца, тады відаць, як нізка нахілены ніжнія плоскасці біплана; калі ён ідзе ўніз, тады на сонцы блішчаць верхнія плоскасці. Ён аблятае вакол сігнальнае мачты і, абыякавы да прывітальнага шуму, паварочвае проста туды, адкуль прыляцеў, каб толькі хутка зрабіцца зноў малым і самотным. Ён робіць пяць гэткіх колаў, ляціць 50 кіламетраў за 49 мінут 24 секунды і праз гэта выйграе Вялікі прыз Брэшыі — трыццаць тысяч лір. Гэта дасканалы вынік, але дасканалым вынікам не можа быць аддадзена належнае; у рэшце рэшт кожны лічыць сябе здольным дасягнуць дасканалых вынікаў; дзеля дасканалых вынікаў, здаецца, не патрэбная ніякая смеласць. I ў той час, калі Кертыс адзін працуе там, па-над лесам, у той час, калі ягоная ўсім вядомая жонка турбуецца пра яго, натоўп яго амаль што забыў. Паўсюль толькі чутны нараканні, што Кальдэрара не паляціць (зламаўся яго апарат), што Руж'е ўжо два дні возіцца са сваім «Вуазінам», не выпускаючы яго, што «Задыяк», італьянскі паветраны балон з кіраваннем, усё яшчэ не прыбыў. Пра Кальдэрарава няшчасце ходзяць такія славутыя чуткі, што хочацца паверыць у тое, што любоў усяе нацыі падыме яго ў паветра надзейней, чым ягоны «Райт».
Яшчэ не паспеў Кертыс скончыць свой палет, а ўжо, нібы набраўшыся натхнення, у трох ангарах пачынаюць працаваць маторы. Вецер і пыл шугаюць з супрацьлеглых бакоў. Двух вачэй не стае. Усе пачынаюць круціцца на сваіх крэслах, хістацца, моцна за некага трымацца, прасіць прабачэння; хтосьці адхіляецца, цягне за сабой другога, некаму выказваюць падзяку. Пачынаецца ранні вечар італьянскае восені, на полі як след усяго ўжо не разгледзіш.
Якраз у той хвілі, калі Кёртыс праходзіць міма, не гледзячы ў наш бок, пасля свайго пераможнага палёту, з лёгкай усмешкай здымае шапку, якраз тады Блер’ё пачынае апісваць невялікае кола ў паветры, якога ўсе ад яго дагэтуль чакалі! Невядома, ці воплескі адрасуюцца Кертысу, або Блер'ё, або ўжо Руж'е, чый вялікі цяжкі лятак ірвецца якраз цяпер у паветра. Руж'е сядзіць за сваімі рычагамі, нібы гаспадар за пісьмовым сталом, да якога можна трапіць за яго спінаю па маленькай лесвіцы. Ён, апісваючы маленькія колы, падымаецца вышэй і вышэй, вышэй за Блер'ё, робіць з яго гледача і не перастае падымацца ўверх.
Калі мы яшчэ хочам узяць рамізніка, тады ўжо самы час сыходзіць; ужо шмат людзей праціскаецца каля нас. Усім жа вядома, што гэты палёт — проста выпрабаванне; паколькі ўжо амаль сёмая гадзіна, яго афіцыйна не зарэгіструюць. На пляцы перад аэрадромам стаяць кіроўцы, слугі на сваіх месцах, і ўсе паказваюць на Руж'е; тры цягнікі, запоўненыя да самых буфераў, не кранаюцца з месца з-за Руж’е. Нам шанцуе ўхапіць каламажку; рамізнік прысядае перад намі (козлаў там няма), і мы, зрабіўшыся нарэшце самастойнымі істотамі, ад'язджаем. Макс робіць вельмі слушную заўвагу, што нешта падобнае, як тут, магчыма, трэба было б арганізаваць таксама і ў Празе. Гэта не абавязкова павінны былі б быць спаборніцтвы летуноў, мяркуе ён, дый гэта спраўдзіла б сябе, але запрасіць авіятара, напэўна ж, было б зусім няцяжка, і ніхто з удзельнікаў відовішча не будзе пра тое шкадаваць. Справа ж зусім простая: «Райт» зараз паляціць у Берлін, і трэба было б адно пераканаць людзей зрабіць невялікі круг. Мы, астатнія двое, нічога не адказваем, бо, па-першае, стаміліся, а, па-другое, увогуле не ведаем, чым запярэчыць. Дарога робіць паварот, і Руж'е, здаецца, апынаецца так высока, што можна паверыць у тое, што неўзабаве яго месцазнаходжанне можна будзе вызначыць толькі па зорках, якія вось-вось паявяцца на небе, што фарбуецца ўжо ў цемныя колеры. Мы па-ранейшаму раз-пораз паварочваемся назад; Руж'е яшчэ якраз падымаецца вышэй і вышэй; мы ж заглыбляемся ў прыгарадную прыроду.
Читать дальше