Па адзін бок драўляных парэнчаў, адзін каля аднаго, стаіць шмат людзей. «Які маленькі!» — чуецца вокліч французскай групы быццам бы з уздыхам. Што здарылася? Мы праціскаемся скрозь натоўп. Але ж там на полі, зусім блізка ад нас, стаіць пафарбаваны ў сапраўдны жаўтаваты колер маленькі аэраплан, які рыхтуецца да палёту. Цяпер мы бачым таксама ангар Блер'ё, а побач — ангар ягонага вучня Леблана; яны самі пабудавалі іх на полі. Прытуліўшыся да аднаго з крылаў апарата, стаіць Блер'ё, якога мы пазнаем адразу; ён глядзіць, не варушачы галавою, на пальцы сваіх механікаў — як яны завіхаюцца каля матора.
I на гэтай вось драбязе ён хоча ўзляцець у паветра? Лягчэй, напрыклад, пачуваюць сябе людзі на вадзе. Яны могуць найперш папрактыкавацца ў лужынах, пасля — у сажалках, потым — на рэках і адно набагата пазней наважваюцца выйсці ў мора; для гэтага, вось тут, ёсць толькі мора.
Ужо Блер'ё сядзіць на сваім сядзенні, трымаючы руку на нейкім рычагу, але дае волю рабіць усё, што захочаш, механікам, быццам бы яны звышрупныя дзеці. Ён павольна абводзіць нас сваім позіркам, потым адводзіць яго прэч, пасля глядзіць яшчэ некуды, але яго пагляд заўсёды застаецца з ім. Зараз ён паляціць; нічога больш натуральнага няма. Гэтае адчуванне натуральнага з адначасовым агульным пачуццём надзвычайнага, якое ён у сабе не спрабуе затрымаць,— вось гэтае пачуццё падказвае яму такую пазіцыю.
Адзін рабочы бярэцца за лопасць вінта, каб раскруціць яго: ірве на сябе, таксама штурхае; чутно нешта накшталт уздыху дужага чалавека ў сне, але вінт не рухаецца далей з месца. Робіцца яшчэ адна спроба, дзесяць спроб; часам вінт спыняецца адразу, часам робіць якую пару абаротаў. Прычына ў маторы. Пачынаюцца новыя работы, гледачы стамляюцца болей, чым тыя, хто бярэ непасрэдны ўдзел у гэтых работах. Матор з усіх бакоў змазваюць; недзе схаваныя шрубы адпускаюцца і падкручваюцца; чалавек бяжыць у ангар, бярэ там заменную частку; яна зноўку не падыходзіць; ён спяшаецца назад і, прысеўшы на падлозе ў ангары, заціснуўшы тую дэталь паміж каленяў, апрацоўвае яе малатком. Блер'ё мяняецца месцамі з механікам, механік — з Лебланам. Адзін раз вінт раскручвае гэты чалавек, другі раз — той. Ды матор неміласэрны гэтаксама, як вучань, якому дапамагаюць, пра якога ўвесь ягоны клас гаворыць: не, ён гэтага не можа, ён увесь час застаецца, застаецца на адным і тым месцы, перастае працаваць. Нейкую хвілю Блер’ё сядзіць, зусім сцішыўшыся, на сваім сядзенні; яго шэсць памочнікаў стаяць нерухома вакол яго; здаецца, усе летуценяць.
Гледачы могуць крыху перавесці дых ды азірнуцца. Маладая мадам Блер’ё праходзіць, з мацярынскай заклапочанасцю на твары, побач, двое дзяцей — за ёю. Калі яе муж не можа ўзляцець, яна не згодная; калі ж ён лятае, ёй страшна; апроч таго, яе прыгожаму дзіцяці крыху млосна пры гэтай тэмпературы.
Зноў робіцца спроба запусціць вінт — магчыма, лепшая за ранейшыя, а можа, і не; матор з шумам пачынае працаваць, нібыта ён зрабіўся іншы; чатыры чалавекі трымаюць апарат хвастом наперад; і сярод зацішнага навакольнага надвор'я паток паветра ад раскручанага вінта хвалямі прабягае па спяцоўках рабочых. Не чуваць ніводнага слова, камандуе, здаецца, толькі шум вінта; восем рук адпускаюць апарат, які доўга разбягаецца на тым кавалку зямлі, нібы нязграбны чалавек на паркеце.
Робіцца шмат гэткіх спроб, і ўсе яны заканчваюцца непамысна. Кожная падымае публіку з іх саламяных крэслаў, на якіх з выцягнутымі рукамі чалавек адначасна забяспечвае сабе раўнавагу ды адначасна можа выказаць свае спадзяванні, боязь і радасць. У пярэрвах, аднак, вышэйшае італьянскае грамадства перамяшчаецца ўздоўж трыбуны. Тут вітаюць адно аднаго, раскланьваюцца, зноў пазнаюць адно аднаго, часам абдымаюцца, ідуць уверх і ўніз па сходах, што вядуць да трыбуны. Адно аднаму паказваюць вялікую княгіню Летыцыю Савойскую-Банапарт, прынцэсу Баргезе — пажылую даму з тварам колеру цёмна-жоўтых вінаградных гронак, графіню Марасіні. Марчэла Баргезе знаходзіцца адначасна і з усімі дамамі, і — з ніводнаю; здалёк здаецца, што твар у яго зусім зразумелы, але зблізку шчокі, якія атачаюць куточкі рота, выглядаюць зусім чужымі. Габрыэле д’Анунцыа, маленькі і кволы, вытанцоўвае, на выгляд вельмі сарамяжліва, перад графам Альдафрэдзі, адным з самых уплывовых спадароў у камітэце. З трыбуны цераз парэнчы выглядае мужны твар Пучыні, з носам, які можна было б назваць носам п'яніцы.
Але гэтых асоб можна заўважыць толькі, калі іх шукаеш; інакш паўсюдна можна бачыць — недаацэньваючы ўсё, што ёсць,— доўгіх дам сённяшняй моды. Яны аддаюць перавагу хадзьбе перад сядзеннем; у іхніх сукенках ім добра не сядзіцца. Усе твары, па-азіяцку закінутыя, праносяцца ў лёгкім сутонні. Свабодная вышэй таліі сукенка, калі паглядзець са спіны, робіць уражанне, што постаць рухаецца крыху запаволена; узнікаюць мяшаныя неспакойныя пачуцці, калі гэткія дамы здаюцца запаволенымі. Пояс знаходзіцца нізка, ледзьве яшчэ ўспрымальны; талія здаецца шырэйшаю, чым звычайна, бо ўсё тонкае і вузкае; гэтыя жанчыны хочуць, каб іх абдымалі ніжэй.
Читать дальше