Гэтыя бойкі ішлі бесперастанку; у правадыроў была яшчэ адна падстава казаць, што таксама з прычыны недастатковай канцэнтрацыі рабочай сілы вежу прыйдзецца рабіць вельмі марудна альбо ўвогуле — толькі пасля ўсеагульнага замірэння. Але час праходзіў не ў адных бойках, былі і пярэрвы, калі горад упрыгожвалі; з-за гэтага, аднак, вырастала новая зайздрасць, пачыналіся новыя бойкі. Гэтак мінуў час першага пакалення, але і пры іншых пакаленнях нічога не змянілася, толькі майстэрства дойлідаў павялічвалася, а разам з ім павялічвалася ваяўнічасць. Дайшло да таго, што ўжо другое ці трэцяе пакаленне ўсвядоміла, што будаўніцтва вежы да неба не мае ніякага сэнсу, але ўсе былі занадта моцна павязаныя паміж сабой, каб пакінуць гэты горад.
Усе песні і паданні, што нарадзіліся ў гэтым горадзе, перапоўненыя тугой па тым напраракаваным дні, калі агромністы кулак разаб'е горад ушчэнт пяццю магутнымі ўдарамі. Менавіта таму на гарадскім гербе мы бачым кулак.
1920
Шмат хто скардзіцца, што словы мудрацоў — гэта адно толькі прыпавесці; ды ім немагчыма знайсці ўжытак у штодзённым жыцці; а толькі ж яно нам і дадзенае. Калі мудрэц кажа: «Ідзі на другі бок»,— дык ён зусім не мае на ўвазе тое, што трэба ісці на другі бок, на што можна, як бы там ні было, адважыцца, калі таго вартая мэта руху; але ж ён мае на ўвазе нейкі легендарны «другі бок», якога мы не ведаем і які ён і сам дакладней апісаць не можа; і гэта нам тут нізвання не можа дапамагчы. Усе гэтыя прыпавесці, уласна кажучы, хочуць сцвердзіць, што немагчыма спасцігнуць неспасцігальнае,— але ж пра гэта мы ведалі і так. А тое, чым мы займаемся штодня,— зусім іншая рэч.
Нехта прамовіў: «Чаму вы сябе абараняеце? Калі б вы падпарадкаваліся прыпавесцям, вы б самі зрабіліся прыпавесцю, а гэта б вызваліла вас ад штодзённай пакуты».
Іншы сказаў: «Б'юся аб заклад што і гэта — таксама прыпавесць».
Першы сказаў: «Ты выйграў».
Другі сказаў: «На жаль, аднак, толькі ў прыпавесці».
Першы сказаў: «Не, у сапраўднасці. У прыпавесці ты прайграў».
1920(?)
Cirquito aereo (італ.) — авіяцыйная пляцоўка.