1917
Доказ таго, што недастатковыя, дый нават дзіцячыя сродкі могуць дапамагаць уратаванню.
Каб засцерагчыся ад сірэн, Адысей напхаў сабе ў вушы воску і загадаў прыкуць сябе да мачты. Штось падобнае маглі б, вядома, здаўна рабіць усе вандроўнікі, апроч тых, якіх сірэны спакушалі ўжо здалёк, але ва ўсім свеце было вядома, што гэта ніяк не дапамагала. Спеў сірэн пранікаў ва ўсё, а палкасць спакушаных знішчыла б не толькі ланцугі ды мачты. Але Адысей пра гэта не думаў, хоць, мажліва, даўно пра гэта чуў. Ён цалкам даверыўся прыгаршчам воску ды жмуту ланцугоў і, наіўна цешачыся са сваіх штучак, плыў насустрач сірэнам.
Аднак у сірэн ёсць жахлівейшая за спеў зброя, а менавіта маўчанне. Хоць такога ніколі не было, але можна ўявіць, што некаму ўдалося б уратавацца ад іхняга спеву, але ад маўчання — ніколі. Нішто зямное не можа супраціўляцца пачуццю магутнейшай за ўсё іншае пыхі, якая ўзнікае ў таго, хто перамог сірэн сваімі сіламі.
I сапраўды, усеўладныя пявунні не спявалі, калі прыбыў Адысей,— ці з тае прычыны, што яны меркавалі справіцца з гэтым супернікам адно пры дапамозе свайго маўчання, ці таму, што яны забыліся на ўсякія спевы, убачыўшы бясконца шчаслівы твар Адысея, які думаў толькі пра ланцугі ды воск.
Але Адысей, так бы мовіць, не чуў іхняга маўчання, думаў, што яны спяваюць і што толькі ён абаронены ад таго, каб чуць іх спеў. Яго пагляд слізгануў па паваротах іх шыяў, па абліччах з адбіткамі глыбокіх уздыхаў, па вачах, запоўненых слязьмі, па напалову раскрытых ратах, але яму падумалася, што ўсё гэта мае дачыненне да арый, якія, непачутыя, сціхаюць вакол яго. Неўзабаве, аднак, усё знікла перад ягоным позіркам, скіраваным удалеч; сірэны літаральна знікалі, сустрэўшыся з яго рашучасцю, і тады, калі Адысей быў да іх найбліжэй, ён ужо нічога пра іх не ведаў.
Але яны — прыгажэйшыя, чым калі-небудзь раней — выпростваліся і круціліся, дазваляючы ветру вольна развяваць свае пачварныя валасы і свабодна выпускалі на скалах свае кіпцюры. Яны ўжо не прагнулі спакушаць, а хацелі адно як найдаўжэй лавіць водбліск вялікіх Адысеевых вачэй.
Калі б сірэны мелі свядомасць, яны б былі проста знішчаныя. Але яны вытрывалі, адно толькі адпусцілі Адысея.
Зрэшты, паданне захавала яшчэ адну версію. Адысей быў нібыта такі падступны і хітры, такі ліс, што нават багіні Наканавання не маглі даведацца яго найпатаемнейшых думак. Можа, хоць гэта не спасцігаецца чалавечым розумам, ён і сапраўды заўважыў, што сірэны маўчалі, і, пэўным чынам, толькі схаваўся перад імі ды перад багамі за вышэйапісаным позіркам, як за шчытом.
1917
Чатыры паданні апавядаюць аб Праметэі: паводле першага, яго прыкавалі да каўказскае скалы, бо ён здрадзіў багам дзеля людзей і багі наслалі арлоў, што з’ядалі пячонку, якая зноў і зноў адрастала.
Паводле другога, невыносны боль ад удараў дзюбай прымушаў Праметэя глыбей і глыбей уціскацца ў скалу, аж пакуль ён зусім не зліўся з ёю.
Паводле трэцяга, ягоная здрада на працягу тысячагоддзяў забылася — забылася багамі, арламі, ім самім.
Паводле чацвёртага, усе стаміліся ад таго, што страціла сэнс свайго існавання. Стаміліся багі, стаміліся арлы, у стоме зацягнулася рана.
Засталіся невытлумачальныя скалы. Паданне спрабуе растлумачыць невытлумачальнае. Паколькі ж яно бярэ пачатак з глыбіні праўды, скончыцца яму наканавана зноў у невытлумачальным.
1918
Спачатку на будаўніцтве Вавілонскай вежы ўсё збольшага было ў парадку; можа, нават парадку таго было замнога; занадта шмат увагі аддавалася шыльдам, перакладчыкам, жыллёвым умовам будаўнікоў, пад'язным дарогам, быццам бы наперадзе былі яшчэ стагоддзі, калі будзе можна, ні пра што не думаючы, працаваць. Часамі пачынала панаваць нават думка, што вежу нельга будаваць вельмі марудна; не варта было перабольшваць аўтарытэту гэтае думкі; сей-той палохаўся ўвогуле самой ідэі класці падмуркі. Тлумачылі гэта так: сутнасць усяе задумы — гэта каб пабудаваць вежу да самага неба. Побач з гэтаю думкаю ніводная іншая не магла мець істотнага значэння. Гэтая ідэя, што колісь узнікла ўва ўсёй сваёй велічы, знікнуць ужо не можа; пакуль жыве на свеце чалавек, будзе існаваць імкненне і жаданне дабудаваць вежу да канца. З гэтага пункту гледжання не павінна быць аніякіх турбот; адносна будучыні — наадварот, чалавецтва набывае новыя веды, дойлідства мае вялікія поспехі і будзе прагрэсіраваць і надалей, работа, на якую цяпер патрабуецца год, праз сто гадоў будзе, магчыма, рабіцца за паўгода, прытым — лепш і больш надзейна. Таму — навошта сёння выпінацца з жылаў? У гэтым сэнсе быў бы сэнс, калі б можна было спадзявацца збудаваць вежу пры жыцці аднаго пакалення. Але разлічваць на гэта нельга было ні ў якім разе. Хутчэй можна было думаць, што наступнае пакаленне, маючы больш дасканалыя веды, палічыць працу мінулага пакалення за дрэнную і пабурыць збудаванае, каб распачаць усё нанова. Ад гэткіх думак сіл не большала, і пра будаўніцтва вежы думалася менш, чым пра будаўніцтва горада для рабочых. Кожнае зямляцтва жадала атрымаць лепшыя кватэры, праз гэта ўсчыналіся спрэчкі, якія выліваліся ў жорсткія бойкі.
Читать дальше