1909(?)
Быў час, калі я штодня хадзіў у царкву, бо дзяўчына, у якую я закахаўся, кожны вечар па паўгадзіны малілася там, і я тады спакойна мог разглядаць яе.
Калі аднаго разу дзяўчына не прыйшла і я без усялякае ахвоты пазіраў на тых, што маліліся, на вочы мне раптам трапіўся малады чалавек, які сваім хударлявым целам усё прыціскаўся да падлогі. Раз-пораз ён намаганнямі ўсяго цела ўскідваў галаву і, глыбока ўздыхаючы, утыкаўся ёю ў далоні, пакладзеныя на голыя камяні.
У царкве сям-там яшчэ стаялі старыя жанчыны; яны почасту паварочвалі свае захутаныя ў хусткі галовы, каб паглядзець на чалавека, які маліўся. Здавалася, багамолец быў рады з гэтае ўвагі, бо, перш чым дэманстраваць ужо каторы раз сваю набожнасць, ён увесь час падымаў вочы, каб спраўдзіць, ці яшчэ на яго глядзяць. Я падумаў, што гэтак рабіць непрыстойна, і вырашыў па імшы спыніць хлопца каля выхаду і спытацца, навошта ён так робіць. Вядома, я быў не ў гуморы, бо мая дзяўчына не прыйшла.
Але мінула цэлая гадзіна, і толькі тады ён нарэшце падняўся, старанна яшчэ раз перажагнаўся і няроўнай хадою паклыпаў да чары з свянцонаю вадою. Я стаў на паўдарозе паміж чарай і дзвярамі, вырашыўшы не адпускаць яго, пакуль ён усё мне не растлумачыць. Я нават склаў губы так, як гэта звычайна раблю, калі збіраюся гаварыць пра нешта сур'ёзнае. Правую нагу я выставіў крыху наперад, пераносячы на яе ўсю вагу майго цела, пры гэтым левая нага краналася зямлі толькі наском: гэткая пастава таксама надае мне цвёрдасці.
Пырскаючы сабе на твар свянцонаю вадою, гэты чалавек, напэўна, ужо касавурыўся на мяне; відаць, ён занепакоіўся раней — тады, як толькі ўбачыў маю постаць, бо раптоўна з усіх ног паляцеў да дзвярэй. Шкляныя дзверы зачыніліся за ім, я адразу выбег на двор, але яго ўжо не было відаць, таму што паблізу там скрозь адны вузкія вулачкі, і рух тады быў даволі жвавы.
Потым некалькі дзён яго не было, затое прыходзіла маліцца мая дзяўчына. Яна заўсёды была ў чорнай сукні з празрыстымі карункамі каля плеч, пад імі паўмесяцам відзён быў прыгожа пакроены ядвабны каўнер. Дзяўчына цяпер прыходзіла штодня, і я зусім быў забыўся на маладога чалавека; нават калі ён пачаў паяўляцца зноў і маліцца гэтаксама, як той раз, усё гэта мяне не надта турбавала. Да таго ж ён кожны раз вельмі хутка праскокваў міма, адвярнуўшыся ад мяне. Мажліва, гэта было таму, што я ўяўляў яго адно ў няспынным руху,— і мне ўсё здавалася, нібыта ён кудысьці ўцякае, нават калі ён стаяў нерухома. Аднаго разу я заседзеўся ў сваім пакоі, але ў царкву ўсё ж пайшоў. Дзяўчыны там я ўжо не заспеў і збіраўся вяртацца дахаты. Але ніцма на падлозе там ізноў ляжаў той самы малады чалавек. Я прыгадаў першую сустрэчу з ім, і мяне зноў апанавала цікаўнасць.
На дыбачках я падышоў да бабінца, падаў манету жабраку, што якраз апынуўся поруч, і стаіўся каля бліжэйшай да яго палавіны дзвярэй; там я прастаяў каля гадзіны — напэўна, з хітрым выглядам. Увогуле мне там было няблага, і я падумаў спачатку, што варта прыходзіць туды пасядзець часцей. Калі ж ужо ішла другая гадзіна, мне пачало здавацца глупствам, што я тырчу там з-за нейкага багамольца. I ўсё ж яшчэ не менш як гадзіну я даваў павукам магчымасць снаваць павуцінне каля сябе; за гэты час з цёмнае царквы, гучна дыхаючы, павыходзілі ўсе астатнія людзі.
Нарэшце выйшаў і ён. Гэты чалавек рухаўся асцярожна, яго ногі, перш чым ступіць на зямлю, як бы намацвалі яе.
Я ўстаў і, зрабіўшы вялікі крок проста насустрач багамольцу, схапіў яго за каўнер. Сказаўшы яму «Добры вечар!», я пачаў выпіхваць яго па прыступках уніз, на светлае месца.
Унізе ён зусім няўпэўнена сказаў:
— Добры, добры вечар, шаноўны пане. Не злуйцеся на мяне, адданага вам служку.
— Дык вось,— сказаў я,— я хачу, мой пане, у вас пра сёе-тое спытацца; таго разу вы ўцяклі ад мяне, сёння гэта ў вас наўрад ці атрымаецца.
— Вы здольны спачуваць іншым, васпане, і адпусціце мяне дадому. Я проста варты жалю чалавек. Гэта праўда.
— Не! — крыкнуў я праз шум трамвая, што якраз ішоў па вуліцы.— Я вас не пушчу. Гэткія вось гісторыі мне даспадобы. Вы мая ўдалая здабыча. Я сябе віншую.
Ён жа адказаў:
— Ах Божа ж мой! У вас порсткае сэрца, а галава — нібы камлыга. Вы кажаце, што я — удалая здабыча. Куды як удалая! Бо мае няшчасце — гэта няшчасце, якое вісіць: яно вісіць проста на валаску. I калі яго закрануць.... яно спадзе на таго, хто пытаецца. Дабранач, васпане.
— Добра,— сказаў я, моцна трымаючы яго за правую руку.— Калі вы мне не адкажаце, я вось тут на вуліцы пачну лямантаваць. I ўсе дзяўчаты-магазіншчыцы, што цяпер вяртаюцца з крамаў, і іхнія хлопцы, якія радасна чакаюць спаткання,— усе збягуцца сюды, падумаўшы, што недзе паваліўся конь пры карэце ці яшчэ што такое здарылася. Няхай яны тады паглядзяць на вас.
Читать дальше