1919
СА ЗБОРНІКА «ГАЛАДАМОР» (1924)
Акрабат на трапецыі,— як вядома, гэтае майстэрства, дэманстраванае высока пад скляпеннямі вялікіх сцэн вар'етэ, належыць да самых цяжкіх сярод усіх умельстваў, даступных людзям,— уладзіў сваё жыццё гэткім чынам, што, напачатку імкнучыся да ўдасканалення свайго майстэрства, а потым з прывычкі, якая развілася ў тыранства, ён удзень і ўначы, пакуль працаваў у гэтым тэатры, заставаўся на трапецыі. Усе яго патрэбы, зрэшты, вельмі сціплыя, задавальнялі зменныя служкі, што заўсёды напагатове стаялі ўнізе і ў адмыслова сканструяваных пасудзінах падымалі і апускалі назад усё, што было там, уверсе, патрэбна. Асаблівых цяжкасцей атачэнню гэты ягоны лад жыцця не прычыняў; толькі пад час выканання астатніх нумароў праграмы крыху перашкаджала тое, што ён заставаўся пад скляпеннем — гэтага немагчыма было схаваць — і што, хоць ён часцей за ўсё паводзіў сябе ў гэты час спакойна, калі-нікалі на ім усё ж затрымліваліся позіркі гледачоў. Ды людзі з дырэкцыі даравалі яму гэта, бо ён быў незвычайны і незаменны артыст. Таксама бралася пад увагу, што ён жыў гэтак не дзеля капрызу, а што толькі так ён мог добра практыкавацца і захоўваць дасканаласць свайго майстэрства.
Зрэшты, уверсе было карысна для здароўя, а калі летняй парой адчыняліся бакавыя вокны па ўсёй акружнасці скляпення і, разам са свежым паветрам, у змрачнаватае памяшканне напорыста прабівалася сонца, тады там было нават прыгожа. Што праўда, кантакты з іншымі людзьмі ў яго былі абмежаваныя: толькі калега-акрабат раз-пораз залазіў да яго па вяровачнай лесвіцы, а пасля яны разам сядзелі на трапецыі, абапіраючыся злева і справа на ліны, што падтрымлівалі трапецыю, і гаманілі паміж сабою; або часам рабочыя-будаўнікі рамантавалі дах і абменьваліся з ім колькімі словамі праз адчыненае акно; або таксама пажарнік спраўджваў аварыйнае асвятленне на самай вышэйшай галерэі і выкрыкваў у ягоны бок нейкія поўныя павагі, але малазразумелыя словы. Увесь астатні час яго атачала цішыня; толькі зрэдку які-небудзь службовец, выпадкова зайшоўшы па абедзе ў пусты тэатр, задуменна ўглядаўся ў вышыню, якая амаль што выслізгвала ад позірку; а там акрабат, не могучы ведаць, што нехта за ім назірае, выконваў свае трукі або адпачываў.
Акрабат мог бы гэтак жыць спакойна, калі б не тыя непазбежныя пераезды з месца на месца, што яму моцна даваліся ў знакі. Хоць імпрэсарыо і дбаў пра тое, каб артыст не мусіў надалей цярпець непатрэбныя пакуты,— для паездак па горадзе выкарыстоўваліся гоначныя аўтамабілі, што імчаліся, па магчымасці ўначы або ранняй раніцай, цераз пустыя вуліцы з максімальнай хуткасцю,— але не так хутка, як таго хацеў акрабат; у цягніку замаўлялася цэлае купэ, дзе акрабат ехаў на багажнай сетцы, што была недасканалай, безумоўна, але ўсё-такі заменай звыклай для ягонага ладу жыцця трапецыі; у месцы, дзе павінны былі адбывацца найбліжэйшыя гастролі, у тэатры ўжо задоўга да прыезду акрабата была падрыхтаваная трапецыя; усе дзверы, што вялі ў залу, стаялі разнасцежаныя; усе праходы былі свабодныя; але самыя лепшыя імгненні свайго жыцця імпрэсарыо перажываў заўсёды тады, калі акрабат ставіў нагу на вяровачную лесвіцу і тут жа, нарэшце, зноў завісаў на сваёй трапецыі.
Хоць імпрэсарыо дагэтуль меў ужо шмат удалых паездак, але кожная наступная прыносіла яму новыя праблемы і пакуты, бо пераезды, не кажучы ўжо пра ўсё астатняе, ва ўсякім разе, дрэнна адбіваліся на акрабатавых нервах.
І гэтак вось, калі яны зноў ехалі разам,— акрабат ляжаў на багажнай сетцы і пра нешта марыў, імпрэсарыо, седзячы насупраць, у куце каля акна, чытаў кніжку,— тады акрабат ціха загаварыў, звяртаючыся да яго. Імпрэсарыо тут жа быў да артыставых паслуг. Акрабат, кусаючы сабе губы, сказаў, што цяпер яму для практыкаванняў замест ранейшай аднае трапецыі спатрэбяцца дзве, размешчаныя адна насупраць другой. Імпрэсарыо адразу ж на гэта пагадзіўся. Але акрабат, нібыта хочучы паказаць, што згода яго імпрэсарыо тут не мае ніякага значэння,— падобна, як не мела б значэння і яго адмова,— сказаў, што ён болей ніколі і ні пры якіх варунках не будзе рабіць практыкаванняў толькі на адной трапецыі. Здавалася, што ён адчуваў жах ад аднае толькі думкі пра такое. Імпрэсарыо, вагаючыся і ўвесь час за ім назіраючы, яшчэ раз выказаў поўную згоду з тым, што дзве трапецыі — гэта лепш, чым адна; дый, зрэшты, гэтая новая спаруда больш выгодная, бо зробіць выступы разнастайнейшымі. I тут акрабат нечакана заплакаў. Імпрэсарыо, моцна напалоханы, ускочыў з месца і запытаўся, што здарылася, а не атрымаўшы адказу, залез на лаўку, пагладзіў артыста і прыціснуўся сваім тварам да ягонага гэтак, што па ім пацяклі акрабатавы слёзы. Толькі пасля доўгага роспыту ды словаў пахвалы акрабат, усхліпваючы, сказаў: «Адно гэтая папярэчына ў руках... як жа мне жыць!» Тут спадару імпрэсарыо было ўжо лягчэй супакоіць акрабата; ён сказаў, што зараз жа, з наступнае станцыі, ён пашле тэлеграму туды, дзе павінны адбыцца наступныя гастролі, каб там падрыхтавалі другую трапецыю; імпрэсарыо папракаў сябе, што дазволіў акрабату гэтак доўга працаваць на адной трапецыі, дзякаваў яму ды вельмі хваліў яго за тое, што звярнуў увагу на ягоную памылку. Гэткім вось чынам імпрэсарыо ўдалося супакоіць акрабата, і ён зноў мог вярнуцца ў свой кут. Але сам ён не супакоіўся і, вельмі засмучоны, крадком назіраў па-над кніжкаю за акрабатам на багажнай сетцы. Калі ўжо яго, артыста, пачалі цвяліць гэткія думкі, ці ж было мажліва, каб яны зніклі зусім? Ці не будуць яны далей узмацняцца? Ці не пагражаюць яны ягонаму існаванню? I сапраўды, у імпрэсарыо склалася ўражанне, што ён бачыць, як першыя зморшчынкі пачынаюць прамалёўвацца на гладкім дзіцячым ілбе акрабата, ахопленага спакойным з выгляду сном, у якім скончыўся яго плач.
Читать дальше