Занадта часта заняткі адбываліся гэткім чынам. I, да гонару майго настаўніка, ён не злаваўся на мяне; што праўда, часам ён прыстаўляў запаленую піпку да маёй поўсці ў тым месцы, дзе я не мог да яе дацягнуцца, аж пакуль яна пачынала дыміцца; але тут жа ён тушыў яе сваёй агромністай добрай рукою; ён не меў зла на мяне; лічыў, што мы абодва змагаемся на адным і тым жа баку, супраць малпінай прыроды, і што ў гэтым змаганні мая доля была большая.
Але пасля: якая перамога і для яго, і для мяне, калі аднойчы ўвечары перад вялікім колам гледачоў (магчыма, было свята: граў грамафон, афіцэр хадзіў узад і ўперад сярод людзей), калі я тады ўвечары — якраз ніхто на мяне не зважаў — схапіў пляшку гарэлкі, пакінутую праз недагляд перад маёй клеткай, адкаркаваў яе паводле ўсіх правілаў, пры ўзрастаючай увазе грамады тых, што сабраліся, паднёс да рота і без ваганняў, не крывячыся, нібы прафесійны п'яніца, водзячы вачыма наўкола, з булькаценнем у горле, па-сапраўднаму асушыў да дна; потым адкінуў тую бутэльку, ужо не ў роспачы, а як актор; праўда, я забыўся пагладзіць сябе рукою па жываце, але затое,— бо не мог іначай, бо штосьці мяне прымушала, бо думкі мае былі п’яныя — карацей кажучы, выгукнуў чалавечым голасам: «Галё!» — і з гэтым крыкам адным скокам апынуўся ў чалавечай кампаніі, а рэха, якое мне адказала: «Толькі паслухайце, ён гаворыць!» — я адчуў нібы пацалунак на маім мокрым ад поту целе.
Паўтараю: мяне не вабіла думка імітаваць людзей; я імітаваў іх, бо шукаў якога-небудзь выйсця, а не з якой іншай прычыны. Ды і той перамогай, зрэшты, я дасягнуў няшмат. Але кірунак быў дадзены мне раз і назаўсёды.
Калі ў Гамбургу мяне перадалі першаму дрэсіроўшчыку, я неўзабаве ўцяміў, што перада мной ёсць дзве перспектывы: заапарк або вар'етэ. Я не вагаўся, сказаўшы сабе: «Зрабі ўсе намаганні, каб трапіць у вар'етэ; гэта выйсце; заапарк — гэта новая клетка з кратамі: калі туды трапіш, табе — канец».
І я вучыўся, спадары! Ах, вучацца па-сапраўднаму тады, калі мусяць вучыцца; вучацца па-сапраўднаму, калі хочуць знайсці выйсце; вучацца, нягледзячы ні на што! Самі над сабою стаяць з пугамі, ірвуць сваё цела на кавалкі пры найменшым супраціўленні. Мая малпіна натура выходзіла, робячы кульбіты, з мяне, так што мой першы настаўнік сам пачаў паводзіць сябе амаль як малпа, неўзабаве мусіў пакінуць правядзенне заняткаў і быў адвезены ў псіхлякарню. На шчасце, ён хутка адтуль выйшаў.
Але я карыстаўся мноствам настаўнікаў, і нават некалькімі ўадначас. Калі я ўжо болей упэўніўся ў сваіх здольнасцях, калі грамадскасць стала сачыць за маімі поспехамі, мая будучыня пачала прасвятляцца, я ўжо сам прымаў настаўнікаў, садзіў іх у пяці сумежных пакоях і вучыўся ва ўсіх адначасова, пераскокваючы безупынна з аднаго пакоя ў другі.
Ах, гэтыя поспехі! Гэтае пранікненне промняў ведаў у мазгі, якія абуджаюцца! Не пярэчу: гэта рабіла мяне шчаслівым. Але таксама прызнаю: я таго не пераацэньваў; не пераацэньваў ужо тады, а яшчэ куды менш сёння. Намаганнямі, якія дагэтуль на зямлі болей не паўтараліся, я здабыў культуру сярэднеадукаванага еўрапейца. Гэта само па сабе, можа, нічога б і не значыла, але было чымсьці такім, што дапамагло вырвацца з клеткі і дало мне асаблівае выйсце, гэтае чалавечае выйсце. Ёсць цудоўны выраз у нашай мове: «Даць лататы»; якраз гэта я і зрабіў, даў лататы. У мяне іншага шляху не было, калі мець на ўвазе, што свабоду выбраць было немагчыма. Калі акінуць позіркам маё развіццё і яго мэту, што вызначалася дагэтуль, я не буду ні скардзіцца, ні цешыцца. Рукі ў кішэнях штаноў, бутэлька віна на стале, я паўляжу, паўсяджу ў крэсле-гойданцы і выглядаю ў акно. Калі прыходзяць госці, прымаю іх так, як трэба. Мой імпрэсарыо сядзіць у пярэднім пакоі; калі я званю, ён уваходзіць і слухае, што я яму кажу. Увечары амаль заўсёды спектакль, а мае поспехі ўжо наўрад ці можна павялічыць. Калі позна ўначы я вяртаюся дадому з банкетаў, з навуковых таварыстваў, з мілых сябрын, там мяне чакае маленькая, паўдрэсіраваная шымпанзічка, і я па-малпінаму атрымліваю з ёй задавальненне. Удзень я яе не хачу бачыць: у яе паглядзе ёсць аблуднасць зацюканай дрэсіраванай жывеліны; толькі я сам гэта і прыкмячаю, ды не магу таго трываць.
Ва ўсякім разе, наогул мне ўдалося дасягнуць таго, чаго я хацеў дасягнуць. I няхай мне ніхто не кажа, што гэта было не варта тых высілкаў. Зрэшты, я не хачу ніякай людской ацэнкі; я жадаю проста пашыраць веды сярод іншых; я толькі раблю даклады; і перад вамі, шаноўныя спадары акадэмікі, я проста зрабіў даклад.
Читать дальше