Ён кіўнуў галавою, і тут жа з'явіўся шакал, у якога на адным з іклоў віселі маленькія, пакрытыя старой іржою кравецкія нажніцы.
«Ну вось, нарэшце, і нажніцы, і ўсяму гэтаму будзе пакладзены канец!» — голасна сказаў самы галоўны араб, праваднік нашага каравана, які тым часам падпоўз да нас проці ветру і цяпер размахваў вялізнай пугай.
Падзеі развіваліся імкліва, ды на пэўнай адлегласці шакалы спыніліся, збіўшыся ў кучу, і стаялі нерухома, нібыта вузкая чародка, аточаная светлякамі.
«Вось і ты, шаноўны гаспадар, ужо бачыў і чуў гэты спектакль»,— сказаў араб і засмяяўся гэтак вясёла, як толькі дазваляла стрыманасць яго племя. «Значыць, ты ведаеш, чаго хочуць гэтыя звяры?» — спытаў я. «Вядома, шаноўны спадар,— адказаў ён,— гэта ж вядома паўсюдна; колькі існуюць арабы, столькі гэтыя нажніцы вандруюць у пустэльні і будуць вандраваць з намі аж да сканчэння свету. Іх прапаноўваюць дзеля вялікай справы кожнаму еўрапейцу; ім здаецца, што якраз кожнаму еўрапейцу наканавана лёсам гэта зрабіць. У тых звяроў вар'яцкія спадзяванні; гэта дурні, сапраўдныя дурні. Таму мы іх любім: гэта нашыя сабакі, прыгажэйшыя за вашых. Паглядзі во, уначы сканаў адзін з вярблюдаў; я загадаў даставіць яго сюды».
Прыйшлі чатыры насільшчыкі і кінулі труп жывёлы проста перад намі. Тут жа завылі шакалы. Як быццам бы на вяроўцы, не могучы супраціўляцца, кожны з іх, спатыкаючыся, падыходзіў бліжэй і бліжэй, цёрся целам аб зямлю. Яны забыліся пра арабаў, забыліся на сваю нянавісць; прысутнасць трупа з вельмі моцным пахам заглушала ўсё і прыварожвала іх. Адзін ужо ўцяўся ў шыю і з першага ўдару іклом трапіў на артэрыю. Нібы маленькая неўтаймоўная помпа, што прагне абавязкова, але і без найменшых шанцаў на поспех, затушыць магутны пажар, гэтак кожная цягліца ягонага цела працавала на сваім месцы. I вось ужо, робячы тое самае, усе абляпілі труп зверху.
Тут праваднік рэзка крыж-накрыж секануў іх пугаю. Шакалы ўзнялі галовы, напалову ап’янелыя, напалову непрытомныя, убачылі перад сабою арабаў; адчулі сваімі пысамі пугу, паадскоквалі назад і спыніліся на адлегласці. Але ж ад вярблюджай крыві ўжо ўтварылася цэлая лужына, ад якой валіла пара; цела шмат у якіх месцах зеўрала рванымі ранамі. Не здольныя супраціўляцца, яны зноў ішлі сюды; праваднік яшчэ раз узняў пугу; я схапіў яго за руку.
«Твая праўда, шаноўны спадар,— сказаў ён,— хай робяць сваё, ды і нам ужо час выпраўляцца ў дарогу. Вось ты іх і пабачыў: цудоўныя жывёлы, ці не так? I як жа яны нас ненавідзяць!»
1917(?)
Сёння да нас у капальню спускаліся самыя галоўныя інжынеры. Дырэкцыя выдала заданне пракласці новыя штольні, і вось прыйшлі інжынеры, каб зрабіць самыя папярэднія замеры. Якія гэтыя людзі маладыя і прытым такія розныя! Яны развіваліся свабодна, кожны па-свойму, і іхняя выразна акрэсленая існасць выяўляецца ўжо ў маладыя гады.
Адзін, чорнавалосы, жвавы, усюды дастае сваім паглядам.
Другі, з нататнікам у руках, на хаду робіць запісы, азіраецца, параўноўвае, натуе.
Трэці, засунуўшы рукі ў кішэні камізэлькі — гэтак, што ўся вопратка яго абцягвае,— ходзіць выпрастаны; захоўвае годнасць; толькі ў пастаянным закусванні губ выяўляецца яго нецярплівая, няўрымслівая маладосць.
Чацвёрты дае трэцяму тлумачэнні, якіх той не патрабуе; меншы за яго, бегаючы збоку, нібы спакуснік, ён, здаецца, жаліцца на ўсё, што тут можна ўбачыць.
Пяты — раптам, мажліва, самы высокі — не церпіць ніякага суправаджэння; ён то ўперадзе, то ззаду; грамадства сувымярае з ім свае крокі; ён бледны і слабы; адказнасць спусташыла яго вочы; часта ў задуменні ён прыціскае далонь да лба.
Шосты і сёмы ходзяць крыху згорбіўшыся, галава шчыльна да галавы, поплеч, даверліва размаўляючы паміж сабою; калі б гэта была не наша вугальная капальня і не наша працоўнае месца ў найглыбейшай штольні, дык можна было б паверыць, што гэтыя кашчавыя, безбародыя, кірпаносыя спадары — звычайныя маладыя духоўныя пастыры. Адзін часцей за ўсё смяецца, муркаючы, нібы той кот, сабе пад нос; другі, таксама ўсміхаючыся, гаворыць і адначасна вольнай рукой падмахвае сабе ў такт. Якія ўпэўненыя ў сваёй пасадзе павінны быць гэтыя людзі, ды якія заслугі перад нашай капальняй яны паспелі ўжо займець, нягледзячы на свой малады ўзрост, каб магчы вось тут, пры гэткай важнай нагодзе, перад вачыма свайго шэфа, так бездакорна займацца адно сваімі справамі альбо, прынамсі, справамі, не звязанымі з патрэбамі гэтага моманту. Альбо ці павінна быць мажлівым тое, што яны, нягледзячы на ўвесь той смех ды тую няўважлівасць, вельмі добра прыкмячаюць тое, што трэба? Пра такіх спадароў ніхто не наважваецца выказваць пэўныя меркаванні.
Читать дальше