Скідайце вопратку з яго, каб ён лячыў вас.
А як лячыць не будзе, дык забіце:
Ён толькі лекар, толькі лекар ен.
Урэшце я стаю голы і, учапіўшыся рукою за сваю бараду, нахіліўшы нізка галаву, гляджу на тых людзей. Я зусім спакойны, я адчуваю перавагу над імі, я такі ўвесь час, хоць цяпер мне гэта не дапамагае, бо яны бяруць мяне за галаву, за ногі і нясуць у ложак. Яны кладуць мяне да сцяны — туды, дзе рана. Пасля ўсе выходзяць з пакоя, дзверы зачыняюцца, аблокі абкладваюць маладзічок, пасцельная бялізна мяккай цеплынёю ахутвае мяне; расплывіста ўзнікаюць перад вачыма ў аконных адтулінах конскія галовы. «Ведаеш,— чую шэпт каля вуха,— я табе не надта давяраю. Ад цябе ж таксама недзе проста пазбавіліся, ты не прыйшоў па сваёй ахвоце. Замест каб мне дапамагчы, ты робіш цяснейшым маё смяротнае ложа. Лепш за ўсё я табе павыдзіраю вочы».— «Слушна,— адказваю я,— гэта ганьба. Але ж я лекар. Што я магу зрабіць? Павер, мне таксама нялёгка».— «Задаволіцца тым, што ты перапрашаеш? Ах, відаць, прыйдзецца. З такой прыгожай ранаю прыйшоў я на белы свет: гэта ўсё, што я меў пры сабе».— «Дарагі хлопча,— адказваю я,— твая бяда ў тым, што ты бярэш усё да галавы. Вось я — чалавек, што ў якіх толькі лякарнях ні перабываў і чаго толькі ў іх ні бачыў,— я табе кажу: рана гэтая не надта ўжо і страшная. Паставіць проста абушок, ударыць раз-другі і — калі ласка... Шмат хто сам падстаўляе свой бок і нават наўрад ці чуе, як абушок грукае ў бары,— тым больш, калі ён бліжэй». — «Ці праўда гэта альбо ты маніш, бачачы, што я ў гарачцы?» — «Гэта праўда, вось табе слова акруговага лекара». I ён даў мне веры і заціх. Але ўжо наспеў час падумаць пра сваё выратаванне. На месцы стаялі мае верныя коні. Адзежа, футра, сумка — усё было хутка згорнута ў адзін вузел; на тое, каб апранацца, у мяне не было часу: коні спяшаліся, як і па дарозе сюды; таму я борзда скочыў з хлопцавай пасцелі ў сваю. Адзін конь паслухмяна адышоў ад акна, я шпурнуў свой клунак у каламажку, за ім паляцела футра, але задалёка: яно толькі зачапілася рукавом за крук. Добра і так. Я ўскочыў на каня. Аброць валачылася па зямлі, другі конь зусім сам па сабе, каламажка недзе ззаду, ледзь не бокам, а за ўсім гэтым валачылася па снезе футра. «Пайшлі! Хутчэй!» — крыкнуў я, ды хутчэй не йшло: павольна, нібы старыя людзі, цягнуліся мы па снежнай пустэльні; доўга гучаў нам услед новы, але яшчэ менш ладны спеў дзяцей:
Радавацца трэба, пацыенты:
Лекар вам пакладзены ў пасцель!
Гэтак ніколі не дабрацца мне дадому; прапала мая добрая практыка; новы лекар абкрадвае мяне, але дарма стараецца, бо замяніць мяне ён не можа; у маёй хаце лютуе паскудны стайнік. Роза — яго ахвяра, мне не хочацца выдумляць гэтага. Голы, пакінуты на марозе гэтаю найняшчаснейшай парою, у зямной каламажцы, з незямнымі коньмі, туляюся я, стары чалавек, без ніякай мэты. Маё футра цягнецца недзе ззаду за возам, мне ніяк няможна ўзяць яго, і ніхто з рухавага збою пацыентаў не паварушыць нават пальцам. Падманулі! Падманулі! Адзін раз паверыў аблуднаму званку, і — нічога ўжо больш немагчыма выправіць!
1917
Калі б якая-небудзь цыркачка-вальтыжорка, кволая і хворая на лёгкія, была змушана бязлітасным шэфам, што патрасае пугаю, імчацца на кані вакол манежа — без супыну, цэлымі месяцамі, пасвістваючы ў сядле, раздаючы паветраныя пацалункі, пагойдваючы сцегнамі перад нястомнай публікай; і калі б гэтая забава пад няспынны туш аркестра ды вентылятараў цягнулася ў шэрую будучыню, якая адкрываецца далей і далей, пад акампанемент воплескаў рук, што б’юцца адна аб адну то слабей, то мацней і мацней, робячыся, па сутнасці, паравымі молатамі,— мажліва, што якраз тады які-небудзь малады глядач з галерэі паспяшаўся б уніз па сходах, паўз усе шэрагі крэслаў, выскачыў бы на манеж і закрычаў бы: «Стоп!»
Але паколькі так не робіцца, прыгожая бела-чырвоная дама з'яўляецца ў палёце з-за заслоны, якую перад ёй адсоўваюць ганарлівыя служкі ў ліўрэях; насустрач ёй дыхае дырэктар, аддана шукаючы яе вочы сваімі, застыўшы ў позе жывёлы; ён асцярожна падымае яе на жарабца ў яблыках — нібыта гэтая яго самая ўлюбёная ўнучка якраз у гэтай хвілі выпраўляецца ў небяспечнае падарожжа,— і ён не можа наважыцца падаць пугаю знак; нарэшце, пераадольваючы сябе, шчоўкае ёю; раскрыўшы рот, ён бяжыць побач з канём, пільна сочыць за кожным рухам вальтыжоркі, спрабуе засцерагчы яе ангельскімі воклічамі; голасам раз’юшанага чалавека заклікае стайнікаў да пільнасці; узняўшы рукі, заклінае аркестр замаўчаць перад вялікім сальта-мартале; здымае нарэшце маленькую жанчыну з трапяткога каня, цалуе яе ў абедзве шчакі і ўсялякі выраз захаплення з боку прысутнай публікі лічыць недастатковым; у той час як сама вершніца, абапіраючыся на яго, уздымаючыся на дыбачкі, у атачэнні воблакаў пылу, распасцёршы рукі, адкінуўшы галоўку назад, хоча раздзяліць сваё шчасце з усімі тут, у цырку; паколькі яно так адбываецца, чалавек з галерэі кладзе голаў на парэнчы балюстрады і, патанаючы ў заключным маршы, нібы ў цяжкім сне, плача, не ведаючы пра тое.
Читать дальше