Праз гэтую бясшумную працу машына літаральна не зважала ні на што. Падарожнік паглядзеў у той бок, дзе былі жаўнер з асуджаным. Асуджаны быў жвавейшы; усё ў машыне яго цікавіла: ён то нахіляўся ўперад, то выпростваўся, увесь час падымаў палец, каб нешта паказаць жаўнеру. Падарожніку ад гэтага рабілася прыкра. Ён цвёрда вырашыў заставацца тут да самага канца, але не мог трываць прысутнасці тых дзвюх асоб. «Ідзіце дадому»,— сказаў ён. Жаўнер, магчыма, быў бы гатовы пайсці, але асуджаны ўспрыняў тыя словы папросту як пакаранне. Ён, склаўшы рукі, маліў, каб яму дазволілі застацца, а калі падарожнік патрос галавою, не даючы дазволу, нават укленчыў перад ім. Падарожнік убачыў, што загады тут не дапамогуць, і хацеў перайсці на другі бок ды прагнаць тых абодвух. Але тут ён пачуў уверсе, у рысоўніку, нейкае грукатанне і зірнуў угару. Значыць, шасцярня ўсё-такі пачынала псавацца? Але тут было нешта іншае. Кажух рысоўніка павольна падняўся, а потым адваліўся зусім. З’явіліся і пачалі ўздымацца ўгару зубы шасцярні; хутка з’явілася і яна ўся; гэта выглядала як быццам бы нейкая магутная сіла сплюшчвала рысоўнік і гэтай шасцярні ў ім больш не заставалася месца; шасцярня перакруцілася аж да краю рысоўніка, звалілася долу, крыху пракацілася па пяску і ўпала. Але тым часам ужо і другая шасцярня вылазіла наверх, за ёй пайшло шмат вялікіх, малых і такіх, што амаль не розніліся паміж сабою; з усімі адбывалася тое самае: увесь час здавалася, што рысоўнік ужо зусім пусты, ды з'яўлялася новая, асабліва шматлікая група шасцерняў; яны падымаліся, потым падалі ўніз, каціліся па пяску і валіліся ў яго. У гэты час асуджаны зусім забыўся на загад падарожніка: шасцерні літаральна прыводзілі яго ў захапленне; ён увесь час хацеў схапіць каторую, змушаў жаўнера дапамагчы яму ў гэтым, але ў жаху адрываў руку, бо тут жа падала новая шасцярня, якая, прынамсі, у першае імгненне, палохала яго.
Падарожнік у той жа час быў вельмі занепакоены; машына відавочна развальвалася; яе ціхая работа была падманам; у яго ўзнікла адчуванне, што ён павінен паклапаціцца пра афіцэра, бо той ужо не мог думаць пра сябе. Але тады, калі паданне шасцерняў захапіла ўсю яго ўвагу, ён зусім забыўся на тое, каб назіраць за іншымі часткамі машыны; а калі ён цяпер, пасля таго, як апошняя шасцярня выпала з рысоўніка, схіліўся над бараною, яго чакала новая, яшчэ горшая неспадзяванка. Барана не пісала, а толькі дзяўбла; ложак не пераварочваў цела, а толькі з дрыгатаннем падымаў яго насустрач штырам. Падарожнік хацеў умяшацца, спыніць усё, калі мажліва: гэта было ўжо не катаванне, якому жадаў аддаць сябе афіцэр; гэта было звычайнае знішчэнне. Падарожнік выцягнуў рукі. Тут, аднак, барана разам з насаджаным на штыры целам паднялася і нахілілася ўбок — гэтак, як звычайна яна рабіла на дванаццатай гадзіне. Сотнямі струмянёў пацякла кроў, ужо не змяшаная з вадою, бо трубкі водападводу гэтым разам таксама не дзейнічалі. I тут перастала дзейнічаць і апошняе прыстасаванне: цела не адрывалася ад доўгіх штыроў; кроў сплывала і сплывала, а яно заставалася вісець над раўком. Барана збіралася ўжо вярнуцца ў ранейшае становішча, але, быццам бы сама адчуўшы, што не пазбавілася ад свайго цяжару, па-ранейшаму вісела на тым самым месцы. «Ну, дапамажыце ж!» — крыкнуў падарожнік жаўнеру і асуджанаму і сам ухапіўся за афіцэравы ногі. Ён хацеў націснуць зверху на ногі; тыя ж двое павінны былі з другога боку схапіць цела за галаву і такім спосабам сцягнуць яго памалу са штыроў. Але цяпер тыя ніяк не маглі наважыцца падысці; асуджаны якраз быў адвярнуўся, падарожнік мусіў перайсці да іх на другі бок і сілай папхнуць іх да афіцэравай галавы. Пры гэтым ён амаль што міжвольна ўбачыў твар нябожчыка. Ён быў гэткі самы, як пры жыцці; на ім немагчыма было заўважыць прыкметы абяцанага збавення; афіцэр не знайшоў праз машыну таго, што знаходзілі ўсе іншыя; ягоныя губы былі моцна сціснутыя, расплюшчаныя вочы мелі выраз жывых, пагляд быў спакойны і перакананы, а лоб працяты вастрыём вялікага жалезнага штыра.
Калі падарожнік, а за ім асуджаны з жаўнерам дайшлі да першых дамоў калоніі, жаўнер паказаў на адзін з іх і сказаў: «Вось гэта чайны дом».
На першым паверсе будынка было глыбокае, нізкае памяшканне, кшталту пячоры, з закурадымленымі сценамі ды столлю. З боку вуліцы яно было адкрытае на ўсю сваю шырыню. Нягледзячы на тое, што чайны дом мала чым адрозніваўся ад іншых дамоў калоніі, якія ўсе, калі не браць пад увагу палаца,— падобныя будынкі камендатуры былі ў досыць запушчаным стане,— нягледзячы на гэта, чайны дом зрабіў на падарожніка ўражанне гістарычнага помніка: ён адчуў магутную веліч былых часоў. У суправаджэнні сваіх кампаньёнаў ён падышоў бліжэй, прайшоўся паміж незанятых столікаў, што стаялі перад чайным домам; пры гэтым ён удыхаў халаднаватае затхлае паветра, што ішло з нутра будынка.
Читать дальше