Тое, які павінен быць адказ, ад самага пачатку не выклікала ў падарожніка ніякіх сумненняў; ён меў занадта вялікі досвед у жыцці, каб пачаць вагацца ў гэтай сітуацыі; ён быў прынцыпова сумленны і нічога не баяўся. Тым не менш, гледзячы на жаўнера і асуджанага, ён нейкую хвілю марудзіў. Але нарэшце адказаў так, як трэба: «Не». Афіцэр заміргаў вачыма, але позірку ад яго не адводзіў. «Ці патрэбныя вам тлумачэнні?» — спытаў падарожнік. Афіцэр нема кіўнуў галавою. «Я праціўнік такой працэдуры,— сказаў падарожнік.— Яшчэ перш чым вы даверыліся мне (а гэтым даверам я, безумоўна, злоўжываць не буду ні пры якіх абставінах), я ўжо абдумаў, ці ёсць у мяне права выступаць супраць гэтай працэдуры і ці мог бы мой выступ мець хоць найменшы шанец на поспех. Пры гэтым мне было зразумела, да каго я павінен быў бы звярнуцца перш за ўсё: натуральна, што да каменданта. Вы ж яшчэ больш прасвятлілі для мяне становішча, не ўмацаваўшы, аднак, мяне ў маім рашэнні — наадварот, мне даспадобы ваша сумленная перакананасць, хоць яна і не можа збіць мяне з тропу».
Афіцэр, захоўваючы маўчанне, павярнуўся да машыны, узяў адну з масянжовых апор і, крыху адхіліўшыся назад, паглядзеў уверх на рысоўнік, быццам бы спраўджваючы, ці ўсё там у парадку. Жаўнер з асуджаным, здавалася, ужо пасябравалі паміж сабою; асуджаны падаў — як гэта ні было яму, прывязанаму, цяжка зрабіць — жаўнеру знак; жаўнер нахіліўся да яго; асуджаны штосьці яму шапнуў, а жаўнер кіўнуў галавою.
Падарожнік падышоў да афіцэра і сказаў: «Вы яшчэ не ведаеце, што я хачу зрабіць. Я, што праўда, скажу сваю думку каменданту пра вашу судовую працэдуру, але не на пасяджэнні, а сам-насам; я таксама не застануся тут гэтак доўга, каб мяне маглі зацягнуць на нейкае пасяджэнне; ужо заўтра рана я ад'еду альбо, прынамсі, перасялюся на карабель».
Здавалася, што афіцэр зусім не слухае. «Значыць, працэдура вас не пераканала»,— сказаў ён сам сабе і ўсміхнуўся гэтак, як пажылы чалавек пасміхаецца з дзіцячай неразумнасці, а за ўсмешкаю хавае свае сапраўдныя думкі.
«Вось і прыйшоў час»,— сказаў ён на заканчэнне і паглядзеў раптоўна на падарожніка яснымі вачыма, у якіх відзён быў нейкі выклік, нейкае заахвочванне да разумення.
«Прыйшоў час... на што?» — спытаў з непакоем у голасе падарожнік, але адказу не атрымаў.
«Ты свабодны»,— сказаў афіцэр асуджанаму на ягонай мове. Той спачатку не паверыў. «Ну, ты свабодны» — прамовіў афіцэр. Упершыню твар асуджанага па-сапраўднаму ажыў. Ці тое было праўдай? Ці проста капрызам афіцэра, які мог у яго прайсці? Ці гэта чужаніца-падарожнік выпатрабаваў яму памілаванне? Што гэта было? Гэтае пытанне, здаецца, было напісанае ў яго на твары. Але нядоўга. Як бы там яно ні было, ён хацеў, калі магчыма, сапраўды атрымаць свабоду і пачаў ірвацца з месца, наколькі дазваляла барана.
«Ты парвеш мне рамяні,— ускрыкнуў афіцэр,— супакойся! Зараз адшпілім іх». I, падаўшы знак жаўнеру, ён разам з ім узяўся за працу. Асуджаны ціха, без слоў, смяяўся сам сабе, паварочваючы твар то налева да афіцэра, то направа да жаўнера, і пры гэтым не забываўся на падарожніка.
«Выцягні яго»,— загадаў афіцэр жаўнеру. Зважаючы на барану, пры гэтым трэба было захоўваць пэўную асцярожнасць. У асуджанага, праз ягоную нецярплівасць, на спіне з’явілася некалькі невялікіх ірваных ранаў.
З гэтай хвілі афіцэр амаль што не меў клопату пра асуджанага. Ён падышоў да падарожніка, выцягнуў зноў сваю маленькую скураную папку, пакорпаўся там у лістках, нарэшце знайшоў аркуш, які шукаў, і паказаў яго падарожніку. «Чытайце»,— сказаў ён. «Я не ўмею,— адказаў падарожнік,— я ж вам казаў, што я не ўмею чытаць гэтыя лісткі».— «Прыгледзьцеся ўсё-такі ўважліва да гэтага аркуша»,— сказаў афіцэр і стаў каля падарожніка, каб чытаць разам з ім. Калі і гэта не дапамагло, ён, каб аблегчыць падарожніку чытанне, пачаў вадзіць малым пальцам вельмі высока над папераю, быццам бы да таго аркуша нельга было дакранацца ні пры якіх варунках. Падарожнік таксама пачаў рабіць пэўныя намаганні, каб, прынамсі, такім чынам выказаць сваю ветлівасць афіцэру, але выніку гэта не мела. Афіцэр пачаў чытаць надпіс па літарах, а пасля яшчэ прачытаў усё разам. «Гэта значыць: «Будзь справядлівы!» — сказаў ён,— цяпер жа вы здолееце прачытаць». Падарожнік схіліўся над папераю гэтак нізка, што афіцэр, баючыся магчымасці дотыку, адсунуў яе далей; хоць падарожнік цяпер нічога і не гаварыў, але было зразумела, што ён усё яшчэ не можа прачытаць напісанага. «Гэта значыць: «Будзь справядлівы!» — паўтарыў афіцэр. «Мажліва,— сказаў падарожнік,— веру, што тут напісана гэта».— «Ну, і добра»,— прамовіў афіцэр, прынамсі, часткова задаволены, і з аркушам у руках палез па драбінах; з вялікай асцярожнасцю ён уставіў аркуш у рысоўнік і, здавалася, грунтоўна пераналадзіў шасцярнёвы механізм: гэта была праца, што забірала шмат сіл; трэба было мець справу з вельмі малымі шасцернямі; галава афіцэра раз-пораз зусім хавалася ў рысоўніку — гэтак дакладна ён павінен быў вывучаць механізм.
Читать дальше