Падарожнік няспынна сачыў знізу за гэтай працай; у яго здранцвела шыя, а вочы балелі ад сонечнага ззяння, якое было рассыпана па ўсім небе. Жаўнер і асуджаны былі занятыя толькі самімі сабою. Жаўнер канцом штыха выцягнуў кашулю і штаны асуджанага з рова, дзе яны ўжо ляжалі. Кашуля была страшэнна брудная, і асуджаны вымыў яе ў кубле з вадою. Калі ён пасля надзеў кашулю і штаны на сябе, і жаўнер, і сам асуджаны выбухнулі гучным смехам, бо гэтая адзежа была рассечаная на дзве часткі. Асуджаны, відаць, лічыў сваім абавязкам забаўляць жаўнера: у рассечаным адзенні ён круціўся перад жаўнерам у коле, а жаўнер на кукішках сядзеў на зямлі і, смеючыся, біў сябе кулакамі па каленях. Усё-такі, зважаючы на прысутнасць спадароў, яны папрыціхлі.
Калі афіцэр быў уверсе нарэшце гатовы, ён, усміхаючыся, яшчэ раз кінуў позірк на ўсё разам і на асобныя часткі апарата, ляпнуў цяпер кажухом рысоўніка, які да гэтага часу быў адчынены, сышоў уніз, паглядзеў у равок, а потым на асуджанага і з задавальненнем убачыў, што той выцягнуў сваю адзежу; пасля афіцэр падышоў да вядра з вадою, каб вымыць рукі, занадта позна ўгледзеў на іх паскудны бруд, засмуціўся, што ўжо не можа як след адмыць іх, урэшце ўсунуў іх у пясок — гэтая замена не была яму дастатковай, але ён мусіў ёю задаволіцца,— пасля ўстаў і пачаў расшпільваць свой кіцель. Пры гэтым у яго выпалі дзве дамскія насоўкі, якія былі ў яго засунутыя за каўнер. «Вось твае насоўкі,— сказаў ён і кінуў іх асуджанаму. А падарожніку ён растлумачыў: — Дамскія прэзенты».
Нягледзячы на відавочную паспешлівасць, з якой афіцэр сцягваў форму, а пасля раздзяваўся зусім, з кожнай часткай свае адзежы ён абыходзіўся вельмі ашчадна, наўмысна нават правёў пальцамі па срэбных шнурах на кіцелі і паправіў цемлякі. Не надта спалучалася з ягонай ашчаднасцю тое, што, разабраўшыся з чарговай часткай сваёй адзежы, ён адразу ж нядбайным рухам шпурляў яе ў равок. Апошняй рэччу, якая заставалася ў яго, быў кароткі штылет з партупеяй. Афіцэр выцягнуў штылет з похваў, пераламаў яго, потым сабраў усё разам, кавалкі штылета, похвы і партупею, ды кінуў іх гэтак рэзка, што, стукнуўшыся адно аб адно, гэтыя рэчы забразгаталі на дне раўка.
I вось цяпер ён стаяў голы. Падарожнік маўчаў, закусіўшы губы. Ён папраўдзе ведаў, што павінна адбыцца, але не меў права ў чым-небудзь перашкаджаць афіцэру. Калі нават судовая працэдура, да якой быў прывязаны афіцэр, і ў сапраўднасці чакала свайго блізкага скасавання — магчыма, у выніку ўмяшання падарожніка, да якога той, са свайго боку, адчуваў свой абавязак, — дык цяпер паводзіны афіцэра былі зусім слушныя: падарожнік на ягоным месцы не стаў бы рабіць іначай.
Жаўнер і асуджаны напачатку нічога не разумелі і ў першыя імгненні нават не глядзелі ў той бок. Асуджаны быў вельмі ўсцешаны, што атрымаў назад дамскія насоўкі, але ўцеха гэтая доўжылася няшмат часу, бо жаўнер іх хуткім і нечаканым рухам у яго забраў. Цяпер асуджаны зноў паспрабаваў выцягнуць насоўкі з-за пояса ў жаўнера, дзе той быў іх схаваў, але жаўнер быў пільны. Гэтак паўжартам яны і спрачаліся. Толькі калі афіцэр ужо зусім раздзеўся, яны звярнулі на яго ўвагу. Здавалася, асуджаным у большай ступені валодала пачуццё нейкай вялікай перамены. Тое, што здарылася з ім, цяпер напаткала афіцэра. Можа, зараз справа будзе даведзеная да канца. Напэўна, гэта іншаземны падарожнік аддаў такі загад. Значыць, гэта была помста. Ён сам не вытрываў да канца, але адпомшчана яму будзе дарэшты. Шырокая немая ўсмешка з’явілася ў асуджанага на твары і болей ужо не знікала.
Афіцэр жа павярнуўся да машыны. Ужо раней было добра відаць, што ён цудоўна яе ведаў; тым болей цяпер уражвала, як ён з ёю абыходзіўся і якая яна была яму паслухмяная. Не паспеў ён паднесці руку да бараны, а яна ўжо шмат разоў узнялася і апусцілася, пакуль не заняла належнага месца, каб прыняць афіцэра; не паспеў ён толькі ўзяцца за край ложка, як ложак пачаў ужо торгацца; лямцавы кляп падсунуўся да ягонага рота: было відаць, што афіцэр, увогуле, яго не хацеў, але вагаўся толькі нейкую хвілю, неўзабаве паддаўся і прыняў яго. Усё было гатова, адно яшчэ звісалі па баках рамяні, якія, аднак, відавочна, былі непатрэбныя: афіцэра прывязваць не было неабходнасці. Але асуджаны заўважыў расшпіленыя рамяні, а на яго думку, экзекуцыя не магла быць паўнавартаснаю без зашпіленых рамянёў; і ён жвава падаў знак жаўнеру, і яны абодва пабеглі прывязваць афіцэра. Той ужо выцягнуў быў нагу, каб пхнуць ёю рычаг, якім уключаўся рысоўнік; тут ён убачыў, што падышлі тыя двое, адставіў нагу зноў і даў зашпіліць на сабе рамяні. Зараз, аднак, ён ужо не мог дацягнуцца да рычага; ні жаўнер, ні асуджаны не разабраліся б, дзе гэты рычаг шукаць, а падарожнік цвёрда сабе вырашыў не рухацца з месца. Гэта і не было патрэбна: як толькі рамяні зацягнуліся, машына пачала ўжо працаваць сама; ложак торгаўся, штыры вытанцоўвалі на целе, барана хадзіла, калываючыся, туды і сюды. Падарожнік ужо пэўны час глядзеў на гэта, перш чым яму прыйшло ў галаву, што шасцярня рысоўніка павінна рыпець; але было зусім ціха, не чулася нават найслабейшага шуму.
Читать дальше